На базе інтэрната Аршанскага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава з лютага працуюць буфет, гімнастычная зала і медыцынскі пункт.
Як падкрэсліў дырэктар каледжа Анатоль Зулёў, тры новыя сацыяльныя аб’екты для ўстановы адукацыі вельмі значныя. Адкрытыя па запытах навучэнцаў, якія пражываюць у інтэрнаце, яны дазволілі палепшыць побытавыя ўмовы і ўдасканаліць арганізацыю адукацыйгага працэсу. Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку разам з кіраўніком каледжа прадаставілі ганаровым гасцям урачыстасці — рэктару ВДУ імя П.М.Машэрава Валянціне Багатыровай і намесніку старшыні Аршанскага райвыканкама Віктару Калачову.
— Кожны прыезд у каледж — добрая нагода думаць пра перспектывы і тое, што нас разам чакае наперадзе, — адзначыла Валянціна Багатырова. — Спадзяюся, наша супрацоўніцтва будзе плённа працягвацца далей і развівацца. У гэтым сэнсе ў нас ёсць добры падмурак: большасць сённяшніх навучэнцаў каледжа стануць у будучыні студэнтамі ўніверсітэта.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Аршанскім каледжам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.