У падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў хуткасць не абмежавана

У філіяле Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Мінскім аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага прайшло пасяджэнне круглага стала, падчас якога абмяркоўваліся асноўныя напрамкі ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў новым навучальным годзе. У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі асацыяцыі “БАМАП”, Міністэрства адукацыі, РІПА, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, кіраўнікі навучальных устаноў, дырэктары транспартных прадпрыемстваў, педагогі, метадысты.

Пайшоў сёмы год з той пары, як у сістэме прафесійнай адукацыі стала гучаць абрэвіятура БАМАП, звязаная з падрыхтоўкай кадраў для транспартнай галіны, а дакладней, вадзіцеляў для міжнародных перавозак. Цяпер Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозак стала для прафтэхаўцаў партнёрам, правераным гадамі. Па сутнасці, БАМАП была і застаецца адзінай у краіне арганізацыяй, якая па-сапраўднаму, на справах, а не на словах узялася за падрыхтоўку кадраў для сваёй галіны, будучы перакананай у тым, што паасобку ні сістэма адукацыі, ні заказчык кадраў не здолеюць выканаць гэтую місію. Больш за тое, менавіта БАМАП дакладна адсочвае патрэбу ў кадрах для сваёй галіны і тыя інавацыйныя працэсы, якія ў ёй адбываюцца. Аналізуючы вынікі шматгадовага супрацоўніцтва, чарговы раз пераконваешся, што з кожным годам адкрываюцца ўсё новыя грані, звязаныя з дакладнасцю механізма прафесійнай падрыхтоўкі, у аснове якога ляжыць зместавы кампанент, вучэбна-метадычнае суправаджэнне і аснашчэнне матэрыяльнай базы навучальных устаноў ПТА.

— 10 навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі з усіх рэгіёнаў нашай краіны развіваюць супрацоўніцтва з транспартнымі арганізацыямі ў падрыхтоўцы ва-дзіцеляў-міжнароднікаў, у якім БАМАП з 2011 года ўзяла на сябе ролю каардынатара, — адзначыў старшыня асацыяцыі М.І.Баравы. — Мы імкнёмся быць дастойнымі партнёрамі для сістэмы адукацыі, весці пастаяннае дзелавое ўзаемадзеянне ў многіх напрамках.

Так, у прыватнасці, ўдзяляецца ўвага педагагічнаму складу ўстаноў адукацыі, ад уменняў і ведаў якога залежыць узровень прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Кіраўнік асацыяцыі “БАМАП” адзначыў, што для творчага развіцця педагогаў, удасканалення іх прафесійнага майстэрства, для навучання, обмену вопытам, укаранення інавацыйных педагагічных прыёмаў і метадаў праводзяцца конкурсы сярод выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў. Конкурсы праводзяцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і метадычным суправаджэнні РІПА. Чарговае спаборніцтва (яго вынікі падведзены ў час нарады) прысвечана ўкараненню электронных адукацыйных рэсурсаў пры падрыхтоўцы вадзіцеляў для міжнародных перавозак. Такія конкурсы, па меркаванні кіраўніка асацыяцыі, з’яўляюцца адным з дзейсных спосабаў павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў. Яны выяўляюць тэндэнцыі ў метадалагічным прасоўванні інавацыйных працэсаў, што адбываюцца як у сістэме адукацыі, так і ў транспартнай галіне. Лепшыя праекты, прадстаўленыя на конкурсе, уносяцца ў спецыяльнае выданне, якое распаўсюджваецца сярод педагогаў і транспартнікаў для выкарыстання.Выдадзены новы, другі па ліку такі метадычны дапаможнік.

Удасканаленню прафесійнага навучання будучых вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў спрыяе сумесная дзейнасць навучальных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі з транспартнымі арганізацыямі, што дазваляе забяспечыць практыкаарыентаванасць навучання.

— На кожным базавым прадпрыемстве транспартнай галіны нам трэба стварыць пляцоўку для засваення практычных навыкаў, для фарміравання ў моладзі шырокага кругагляду аб развіцці транспартнай галіны, для азнаямлення з сучаснымі аўтацягнікамі, новымі тэхналогіямі, — заявіў Мікалай Іванавіч Баравы.

Сёння ў транспартнай сферы, асабліва ў сферы цяжкагрузаў, адбываюцца глабальныя пераўтварэнні, прыўносяцца інавацыйныя тэхналогіі. Безумоўна, мадэрнізацыя транспартнай галіны паспрыяе яе ўдасканаленню, павышэнню эфектыўнасці. Лічбавізацыя эканомікі закранае сёння і аўтамабільны транспарт. Напрыклад, сучасныя аўтамабілі стандартаў Еўра-5 і Еўра-6 пачалі выкарыстоўвацца ў транспартных арганізацыях. Мала таго, сёння канструктары ствараюць беспілотны аўтамабіль, цяжкагруз без цягніка і іншыя аўтамабілі з самымі сучаснымі мадыфікацыямі. Змены чакаюць і паліўную сферу, што прывядзе да стварэння новых відаў паліва для запраўкі аўтамабіляў. Укараненне новай звышсучаснай тэхнікі ў транспартных арганізацыях патрабуе і адпаведнай падрыхтоўкі тых кадраў, якія будуць яе выкарыстоўваць, а значыць, у адукацыйныя праграмы павінны ўносіцца адпаведныя карэктывы, каб прафесійная падрыхтоўка кадраў адпавядала патрабаванням транспартных арганізацый.

Аналізуючы супрацоўніцтва адукацыйнай сферы з транспартнай галіной, М.Э.Суворава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, начальнік упраўлення сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Міністэрства адукацыі, падтрымала меркаванне найбольш аператыўна рэагаваць на змяненні, што адбываюцца ў эканоміцы, непасрэдна ў транспартнай галіне, і ўносіць адпаведныя папраўкі ў адукацыйны працэс. На спецыяльнасць “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” у мінулым годзе ва ўстановы ПТА быў прыняты 291 чалавек. Сярод іх пасля 9 класа — 184 чалавекі, пасля 11 класа — 107. Выпуск склаў 268 чалавек у адпаведнасці з заяўкамі, што паступілі ад прадпрыемстваў транспарту. У цэлым 39 базавых арганізацый уключаны ў падрыхтоўку будучых вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў. Кожная з іх падтрымлівае цесную сувязь з навучальнымі ўстановамі, дзе вядзецца адпаведная падрыхтоўка, аказвае матэрыяльную дапамогу ў аснашчэнні вучэбных кабінетаў і майстэрань абсталяваннем, дэталямі, вузламі аўтамабіля, нагляднымі дапаможнікамі. На гэта з боку заказчыкаў кадраў была выдаткавана істотная сума грошай. Для ўдасканалення прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў устаноў ПТА Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ” пастаянна арганізоўвае вучэбныя курсы і семінары, дзе педагогі знаёмяцца з новымі тэхналогіямі і абсталяваннем, а таксама са змяненнямі ў нарматыўнай прававой базе, якая рэгламентуе дзейнасць транспартнай галіны. Усе новаўвядзенні ўносяцца ў далейшым у вучэбныя планы і праграмы пры падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў.

Г.Б.Дашкевіч, дырэктар цэнтра “БАМАП-ВЕДЫ”, адзначыў, што пастаянна абнаўляецца неабходная вучэбна-метадычная літаратура, выдаюцца вучэбныя дапаможнікі, перавыдаўся рабочы сшытак і што ў цэлым тыраж неабходных выданняў ужо склаў звыш 100 тысяч экзэмпляраў. Як паведаміў Генадзь Браніслававіч, сярод педагогаў прафтэхустаноў карыстаюцца павышанай увагай выязныя мерапрыемствы на пагранічныя пераходы, якія перасякаюць вадзіцелі аўтацягнікоў і дзе яны на мытні афармляюць грузы.

Транспартнікі прымаюць актыўны ўдзел не толькі ў фарміраванні зместу навучання, але і пры атэстацыі навучэнцаў — уваходзяць у склад кваліфікацыйных камісій, камісій на выпускных экзаменах і пры размеркаванні. Як вядома, выпускнікі ўстаноў ПТА накіроўваюцца на працу ў транспартныя арганізацыі спачатку аўтаслесарамі, таму што па ўзросце вадзіцелямі міжнародных перавозак працаваць пакуль не могуць. Але трэба не забываць пра сацыяльную функцыю, якую выконвае сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і прадастаўляць навучэнцам прафесію вадзіцеля катэгорыі С, аўтаслесара па рамонце і абслугоўванні аўтамабіля. Мэтазгодна адсочваць далейшы прафесійны шлях выпускнікоў і ствараць банк уліку.

Марына Эдуардаўна пахваліла разнастайную прафарыентацыйную работу, якую праводзяць прадпрыемствы і арганізацыі транспартнай галіны сумесна з навучальнымі ўстановамі, што дазваляе ўплываць на прафесійны выбар моладзі ў бок вадзіцеля міжнародных перавозак.

Дырэктар ЗАТ “Белаўтагаз” М.І.Баравы звярнуў увагу на актуальнасць практыкаарыентаванасці навучання будучых транспартнікаў на прыкладзе ўзаемадзеяння прадпрыемства з Мінскім ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ.

— Сёння ў сферы міжнародных перавозак транспартныя паслугі з кожным годам прымнажаюцца, — заявіў Міхаіл Іванавіч. — Тэхнічна мяняецца аўтапарк, прымяняюцца новыя тэхналогіі перавозак, таму мы павінны рыхтаваць і адпаведныя кадры. Без узаемадзеяння паміж адукацыйнай і транспартнай галіной гэта зрабіць немагчыма.

М.І.Баравы расказаў, што вельмі важна прымяняць сёння ў навучанні стажыроўкі навучэнцаў на прадпрыемстве, што дазволіла б у рэальным часе засвойваць транспартныя сродкі, адточваць майстэрства не толькі вадзіцеля, але і слесара, паспяхова адаптавацца ў рабочым калектыве.

А.І.Гота, дырэктар Мінскага ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, пацвердзіў, што супрацоўніцтва з транспартнай арганізацыяй замацавана адпаведным дагаворам, дзе акрэслены кірункі ўзаемадзеяння. Сярод іх у тым ліку стажыроўка навучэнцаў каледжа непасрэдна на прадпрыемстве, якая іншы раз праходзіць і ў летні перыяд. А.І.Гота паведаміў, што ў каледжы прымяняюцца новыя педагагічныя і інфармацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваюцца сучасныя наглядныя дапаможнікі, спецыяльная літаратура, вучэбныя модулі. І ўсё — з адной мэтай: зрабіць навучанне больш эфектыўным і наглядным. Андрэй Іванавіч таксама адзначыў, што з новага навучальнага года ў навучальнай установе будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка па інтэграванай спецыяльнасці “Слесар па рамонце аўтамабіля — слесар па рамонце электра-абсталявання”, запатрабаванай у транспартных арганізацыях. Дырэктар каледжа прапанаваў увесці ў спіс прафесійных кампетэнцый WorldSkills Belarus падрыхтоўку па абслугоўванні і рамонце аўтацягнікоў, каб у далейшым прадстаўляць канкурсантаў па гэтай кампетэнцыі на нацыянальных і міжнародных прафесійных конкурсах, што, безумоўна, істотна паўплывае на якасць падрыхтоўкі з улікам сусветных тэндэнцый, а таксама ўздыме імідж прафесійнай адукацыі і павысіць цікавасць да гэтай спецыяльнасці.

Намеснік дырэктара Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя В.А.Козел пацвердзіў, што ўстанова павысіла свой імідж сярод моладзі за кошт увядзення спецыяльнасці вадзіцеля-міжнародніка. Аб гэтым гаворыць і высокі конкурс пры паступленні як у мінулую прыёмную кампанію, так і ў сёлетнюю. Не прайшло і тыдня з таго дня, як яна распачалася, а ўжо 15 чалавек падалі заявы на згаданую спецыяльнасць. А ўсяго трэба набраць 28 чалавек. Як правіла, паступаюць падлеткі з добрымі адзнакамі ў атэстаце аб заканчэнні школы.

Намеснік дырэктара Уздзенскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Л.К.Бесман закрануў тэму арганізацыі вучэбных курсаў для вадзіцеляў-прафесіяналаў з наступным правам кіравання аўтацягнікамі. Падрыхтоўка вядзецца пры цесным узаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Леанід Казіміравіч расказаў пра гэтую работу на прыкладзе супрацоўніцтва з ААТ “РАТИПА”. Заняткі праводзяцца педагогамі ліцэя пры падтрымцы цэнтра “БАМАП-ВЕДЫ”.

Начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА А.М.Пятрова падкрэсліла, што навукова-метадычнае забеспячэнне спецыяльнасці “Вадзіцель аўтамабіля міжнародных перавозак” адбываецца з двух бакоў: як з боку РІПА, так і з боку заказчыкаў кадраў, што ў рэшце рэшт дазваляе стварыць дасканалае навукова-метадычнае суправаджэнне прафесійнай падрыхтоўкі па гэтай спецыяльнасці. Акрамя таго, ужо створаны адукацыйны стандарт па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіля” і зацверджана тыпавая вучэбна-праграмная дакументацыя, згодна з якой будуць унесены змяненні ў змест навучання. Паколькі ў кожным рэгіёне ёсць свая спецыфіка ўзаемадзеяння навучальнай установы з базавымі арганізацыямі, то трэба ўносіць змяненні на месцах з улікам рэгіянальных патрабаванняў.

Удзельнікі нарады таксама азнаёміліся з дзейнасцю рэсурснага цэнтра Мінскага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага, пра работу якога расказаў дырэктар каледжа В.Р.Кірыленка. Напрыканцы сустрэчы былі падведзены вынікі конкурсу “Укараненне электронных адукацыйных рэсурсаў пры падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў” сярод выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, што ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў. Дырэктар НП ААТ “ІНІСТ-СОФТ” старшыня журы Д.М.Клебановіч прадставіў пераможцаў конкурсу, якім былі ўручаны дыпломы асацыяцыі “БАМАП” і каштоўныя падарункі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *