У падтрымку тэхналогій і інавацый

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце адкрыты Цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый. Адпаведнае пагадненне падпісалі генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў і рэктар БДТУ Ігар Войтаў.

Гэта ўжо будзе 15-е такое пад­раздзяленне ў Беларусі. Каб зразумець значнасць іх дзейнасці, дастаткова ска­заць, што ў 2020 годзе толькі ў адным Цэнтры падтрымкі тэхналогій і інавацый Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці праведзена больш за 4,5 тысячы кансультацый юрыдычных і фізічных асоб па пытаннях афармлення, аховы і перадачы правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці.

Адкрываючы цэнтр у БДТУ, Уладзімір Рабаволаў адзначыў, што гэта адзін з ключавых універсітэтаў па заяўках на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры. А дагавор аб супрацоўніцтве — яшчэ адзін крок наперад.

Уладзімір РАБАВОЛАЎ:“Зараз адбываецца трансфармацыя свету. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад галоўным багаццем любой краіны была маёмасць і іншыя матэрыяльныя даброты. Аднак па выніках 2020 года нематэрыяльныя актывы ў свеце склалі 65,7 трлн долараў і абагналі матэрыяльныя актывы. Узяць, напрыклад, мабільны тэлефон — інтэлектуальная ўласнасць у ім, у залежнасці ад наварочанасці, складае ад 50 да 90%. Менавіта гэта выходзіць сёння на першы план”.

— У цэнтры не толькі дапамогуць атрымаць неабходную інфармацыю для аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, — заўважыў Уладзімір Анатолье­віч. — Мы даём доступ да баз даных мільёнаў патэнтаў. І ўжо пры планаванні навуковых распрацовак можна будзе вызначыць прыя­рытэты развіцця. Каб не атрымалася, што навуковец штосьці робіць, а потым высвятляецца, што гэта ўжо вынай­дзена. Таксама можна будзе вывучыць пытанні прасоўвання на знешні рынак, пагля­дзець патэнтны ландшафт у той ці іншай краіне — гэта дапаможа ў камерцыялізацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Як паведаміў рэктар БДТУ Ігар Войтаў, 70% магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў ва ўніверсітэце займаюцца навуковымі даследаваннямі. І ім важна ве­даць, як правільна афармляюцца дакументы на інтэлектуальную ўласнасць.

— Мы праводзім каля 550 навукова-даследчых работ у год па розных напрамках — ад біямедыцыны да ІТ, тэхналогій ляснога комплексу, шкла, керамікі, кампазітных матэрыялаў, нафтахіміі і інш. Усе навуковыя даследаванні стараемся завяршыць прамысловымі ўзорамі або патэнтамі, — адзначыў Ігар Вітальевіч. — Дзякуючы гэтаму, мы можам павялічваць экспарт, падтрымліваць навуку ў далейшым развіцці, а таксама нашых вучоных.

Адразу пасля адкрыцця цэнт­ра ў БДТУ пачаўся навуковы семінар па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці.

— Многія краіны развіваюцца ў сацыяльна-эканамічным плане традыцыйна, маючы пэўныя прыродныя рэсурсы і магчы­масць атрымліваць прыродную рэнту. У Беларусі, за выключэннем калійнай солі, гэтага няма. Галоўны патэнцыял нашай краіны — гэта вы, інтэлектуальны складнік нашага грамадства, — звярнуўся да навукоўцаў Уладзімір Рабаволаў. — Менавіта інтэлектуальная ўласнасць разглядаецца намі як неабходны інструмент інавацыйнага развіцця краіны.

Галіна СІДАРОВІЧ.