Маларытчыне ёсць кім ганарыцца: вучонымі, паэтамі, спевакамі, музыкантамі, спартсменамі, мастакамі… Асобнае месца ў сузор’і талентаў займае імя былога наркама асветы БССР Платона Васільевіча Саевіча.
Звесткі пра яго знаходзяцца ў музейным пакоі Велікарыцкай сярэдняй школы, якая з 2004 года носіць імя вядомага земляка.
Вучэбна-выхаваўчы патэнцыял музейнага пакоя шырока выкарыстоўваецца ў краязнаўчай рабоце, пашырэнні кругагляду вучняў, фарміраванні іх светапогляду, выхаванні гістарычнай памяці на ўроках і пазакласных мерапрыемствах.
П.В.Саевіч нарадзіўся 18 красавіка 1892 года ў вёсцы Раматова Брэсцкага павета. У 1911-м скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, у 1924-м — Камуністычны ўніверсітэт імя Свярдлова. З 1913 года П.В.Саевіч служыў у сапёрным батальёне Брэсцкай крэпасці, са снежня 1917 года знаходзіўся на савецкай рабоце ў Барысаглебску Тамбоўскай губерні, у 1919-м прызначаны камісарам сувязі 8-й арміі на Паўднёвым і Каўказскім франтах.
У 1924 годзе Платон Васільевіч быў накіраваны ў Ніжні Ноўгарад. У 1926 годзе вярнуўся ў Беларусь, быў назначаны дэканам і рэктарам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. З 1929 года працаваў рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі. У 1932 годзе П.В.Саевіча прызначылі дырэктарам Інстытута гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК Кампартыі Беларусі, а ў маі 1933-га — загадчыкам кафедры Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы Беларусі.
З першага і да апошняга дня Вялікай Айчыннай вайны П.В.Саевіч знаходзіўся ў дзеючай арміі: быў камісарам палка, начальнікам палітаддзела дывізіі, начальнікам аддзела прапаганды і агітацыі фронту, намеснікам начальніка палітупраўлення фронту.
Пасля заканчэння вайны Платон Васільевіч працаваў палітычным саветнікам дэлегацыі ў савецка-амерыканскай камісіі па Карэі. З 1946 года — намеснік загадчыка аддзела ў ЦК КПБ. У 1947-м прызначаны наркамам асветы БССР. У 1946—1950 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
У 1951-м П.В.Саевіча выключылі з партыі, знялі з міністэрскай пасады за антыпартыйную дзейнасць і арыштавалі, абвінаваціўшы ў шпіянажы, нацыяналізме і контррэвалюцыйнай дзейнасці. Платон Васільевіч быў асуджаны на 25 гадоў і этапіраваны ў Іркуцкую вобласць.
У 1954 годзе следчая справа па абвінавачанні
П.В.Саевіча была спынена і ён выйшаў на волю. Рэабілітаваны ў 1956-м, у тым жа годзе і памёр. Пахаваны ў Мінску.
— Думка аб ушанаванні памяці вядомага земляка ўзнікла яшчэ ў 80-я гады, — расказвае дырэктар Велікарыцкай сярэдняй школы Ірына Міхайлаўна Наркевіч. — Стварыць музейны пакой прапанавалі настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ніна Антонаўна Скакун, якая працавала ў школе больш за 30 гадоў, былы дырэктар установы Аляксандр Канстанцінавіч Іўковіч і сваяк сям’і Саевіч Канстанцін Фёдаравіч Саевіч.Да ажыццяўлення задуманага ішлі некалькі гадоў.
Незабыўным стаў адзін з лістападаўскіх дзён 2015 года, калі ўрачыста быў адкрыты музейны пакой пры ўдзеле доктара біялагічных навук, прафесара кафедры фізікахіміі матэрыялаў і вытворчых тэхналогій Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, траюраднага пляменніка Платона Саевіча — Канстанціна Фёдаравіча Саевіча. Ён прывёз некаторыя экспанаты: кнігі, пагоны палкоўніка, афіцэрскую папку, сямейны партрэт, пісьмо жонкі Ніны Аляксандраўны Саевіч да мужа ў выпраўленча-працоўны лагер, брашуру з лекцыяй палкоўніка П.Саевіча і Г.Фёдарава “Барацьба Леніна і Сталіна супраць рэакцыйных вучэнняў нямецкай філасофіі” (1945)…
Сёння музейны пакой, у асноўным фондзе якога 101 экспанат, знаходзіцца на рэканструкцыі. Але экскурсіі ў школе працягваюцца. Падчас іх настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
А.Л.Саўчук абавязкова звяртае ўвагу на тое, што гісторыя малой радзімы непарыўна звязана з гісторыяй краіны. А завяршаюцца экскурсіі словамі Уладзіміра Караткевіча: “У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш прыносіць плады”.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.