У памяці пакаленняў

- 10:37Адукацыйная прастора

У Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі прайшла адкрытая навукова-практычная канферэнцыя “Пераклічка сэрцаў: Вялікая Айчынная вайна ў памяці пакаленняў”.

Па словах арганізатараў, мэта канферэнцыі — захаванне гістарычнай памяці аб па­дзеях Вялікай Айчыннай вайны і абмен вопытам па арганізацыі і ажыццяўленні эфектыўнага пра­цэсу адукацыі навучэнцаў, накіраванага на развіццё іх грамадзянска-патрыятычных якасцей. У ёй прынялі ўдзел больш за 100 навучэнцаў 8—11 класаў і педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска, іншых рэгіёнаў нашай краіны, а таксама Расіі і Украіны.

Вітала ўдзельнікаў мерап­рыем­ства рэктар МГІРА Таццяна Мароз. “Няма ніводнага беларуса, у сям’і якога не памятаюць па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны. Мы шануем памяць пра людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё перамозе альбо жылі ў складаныя гады вайны. Важна памятаць, што вайна — гэта тое зло, што ру­шыць сем’і, жыцці лю­дзей”, — адзначыла Таццяна Іванаўна. Яна выказала спадзяванне, што канферэнцыя будзе садзейнічаць фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму навучэнцаў і зробіць значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб падзеях вайны. 

Тэма пленарнага пасяджэння — “Подзвіг народа: памятаем у імя міру”. У сваіх выступленнях ­удзельнікі канферэнцыі гаварылі аб значнасці дзейнасці па вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзяліліся вопытам даследчай работы, аўтарскімі педагагічнымі тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюць настаўнікі на ўроках гісторыі і ў пазавучэбнай дзейнасці, падк­рэслівалі важ­насць захавання гістарычнай памяці аб па­дзеях Вялікай Айчыннай вайны і яе героях.

Праблемнае поле канферэнцыі — разважанні навучэнцаў пра гераізм савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, значэнне партызанскага руху для перамогі, выхаваўчы патэнцыял вывучэння падзей Вялікай Айчыннай вайны на ўроках гісторыі, роля сям’і ў развіцці маральных якасцей сучаснай моладзі на прыкладзе подзвігу старэйшага пакалення.

 Адным са складнікаў заняткаў настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 15 Мінска Вольгі Ганчар з’яўляецца грамадзянска-патрыя­тычнае выхаванне навучэнцаў. Педагог ставіць перад сабой задачу задзейнічаць метады і прыёмы, абапіраючыся на пазітыўнае сучаснае, дапамагчы навучэнцам сфарміраваць правільнае бачанне таго ці іншага пытання. Для гэтага выкарыстоўваюцца такія формы правядзення заняткаў, як заняткі-дыскусіі, заняткі-даследаванні, заняткі-дыспуты, заняткі-практыкумы. Вольга Мікалаеўна дае магчымасць вучням прапана­ваць свой пункт гледжання і знайсці адказ у розных крыніцах, дакументальных фактах па тэмах “Дзяржава — інстытут прымусу ці стварэнне аптымальных умоў для развіцця?”, “Ці можна лічыцца патрыётам сваёй радзімы, калі жывеш і працуеш за мяжой?”. 

Педагог выкарыстоўвае метады развіцця крытычнага мыслення, якія дазваляюць наладж­ваць шчырыя, даверлівыя адносіны навучэнцаў да абмеркавання па­дзей і вопыту гераічнай бараць­бы. Часта навучэнцы выбіра­юць пэўную ролю і пішуць ліст ад той ці іншай гістарычнай асобы. Гэта дазваляе мадэляваць па­дзеі мінулых гадоў, перажываць пачуцці і эмоцыі людзей. Добра навучэнцы складаюць сінквейны, напісанне якіх прымяняецца на стадыі рэфлексіі. Яшчэ адзін метадычны прыём — алфавітная матрыца. Навучэнцы павінны раскрыць сутнасць паняцця, якое вывучаецца, запоўніўшы картку-матрыцу. Праз праектна-даследчую работу школьнікаў развіваецца імкненне да творчасці, пазнавальныя стымулы. Практыкуе настаўніца і правя­дзенне ўрокаў-экскурсій з наведваннем памятных мясцін і музеяў горада. У выніку такой работы ў вучняў фарміруецца ўласны погляд на гістарычныя падзеі і з’явы. 

Настаўніца гісторыі гімназіі № 56 Мінска Вольга Пятроўская лічыць, што выхаваўчая работа па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей у навучэнцаў дасць вынікі толькі тады, калі праводзіцца не ад выпадку да выпадку, а старанна прадумваецца і складаецца з комплексу мерапрыемстваў. Да таго ж мерапрыемствы павінны адпавядаць узросту навучэнцаў, быць разнастайнымі па змесце і асобасна значнымі.

— Пачынаць трэба з малога — з выхавання любові да ­сваёй сям’і, павагі да яе гісторыі, а далей — выхоўваць любоў да малой ра­дзімы: да свайго раёна, горада,— адзначыла Вольга Іванаўна. — І ў наступным гэтая “малая” любоў прарастае і дае плён: навучэнцы жыва цікавяцца гісторыяй сваёй краіны, паважа­юць традыцыі і ўшаноўва­юць па­мяць пра трагічныя па­дзеі, радуюцца поспехам Радзімы і самі хочуць ­стаць часткай гэтага поспеху. Акрамя таго, дасягненне мэт грамадзянска-патрыятычнага выхавання павінна ажыццяўляцца праз узаемадзеянне школы, сям’і і соцыуму, што спрыяе фарміраванню ўстойлівых уяўленняў аб свеце, грамадстве, дзяржаве, асноўных правах і абавязках.

Сваю работу педагог пачынае з класных гадзін і гадзін інфармавання. Яна добра разумее, што пасіўнае ўспрыманне інфармацыі не дае вынікаў. Інфармацыя, прадстаўленая вучням, павінна быць сацыяльна значная і асобасна арыентаваная. Тут трэба ўважліва прадумваць форму правя­дзення класнай гадзіны і змест матэрыя­лу. Напрыклад, для многіх навучэнцаў цікавымі сталі тэмы “Мая краіна на карце Еўропы”, “Чым знакамітая Беларусь?”, “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі краіны”. Часцей за ўсё класныя гадзіны па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні педагог праводзіць у актыўных формах: круглыя сталы, дзелавыя гульні, метад праектаў. Вялікае месца ў фарміраванні грамадзянскасці займаюць сустрэчы са славутымі людзьмі горада, літаратарамі, мастакамі, спартсменамі, сведкамі ваенных падзей. 

Канферэнцыя працягнула сваю работу на дзвюх секцыях — “Вялікая Айчынная вайна ў навуковых даследаваннях і гістарычных дакументах” і “Грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладзе Вялікай Айчыннай вайны” — у анлайн-рэжыме. У выступленнях вучняў прагучала думка аб пераемнасці пакаленняў і неабходнасці помніць аб подзвігу прадзедаў, якія захавалі мір на нашай зямлі.

Матэрыялы Наталлі КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.