У паразуменні і супрацоўніцтве

Лета ў разгары. Дзеці поўным ходам адпачываюць, але сістэма адукацыі дзейнічае нягледзячы на канікулы. Чым жывуць і пра што клапоцяцца педагогі Кастрычніцкага раёна Магілёва, сёння расказвае начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна ўсходняга абласнога цэнтра Таццяна Іванаўна КАНДРАЦЬЕВА.

— Таццяна Іванаўна, якім чынам развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва ў мінулым навучальным годзе?

— Існуючая сетка ўстаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва арыентавана на забеспячэнне якасці адукацыі, павышэнне яе эфектыўнасці на ўсіх узроўнях, зыходзячы з сучасных патрабаванняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. У нас функцыянуюць 59 устаноў адукацыі, з іх 40 — дашкольнай адукацыі, 15 — агульнай сярэдняй адукацыі, 2 дзяржаўныя ўстановы дадатковай адукацыі, 2 дамы сямейнага тыпу для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

У падначаленых установах агульнай сярэдняй адукацыі па выніках 2017/2018 навучальнага года, як і ў папярэднія гады, адзначаецца рост якасці ведаў нашых школьнікаў: 74,8% навучэнцаў 3—11 класаў завяршылі навучанне на высокім і дастатковым узроўнях. 11 выпускнікам былі ўручаны атэстаты асобага ўзору: залатыя медалі атрымалі 10 чалавек, сярэбраны медаль — 1. 21 навучэнцу былі ўручаны пасведчанні аб агульнай базавай адукацыi з адзнакай.

Нашы школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў інтэлектуальных конкурсах, конкурсах даследчага і творчага характару. У прыватнасці, даследчая работа вучня сярэдняй школы № 18 Магілёва Данііла Шаройкіна была ўдастоена дыплома I ступені ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства і прадстаўлена ад Рэспублікі Беларусь у фінале Міжнароднага воднага конкурсу ў Стакгольме. Вучань сярэдняй школы № 34 Магілёва Дзмітрый Варэннікаў на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”. У гэтым годзе ў раёне ёсць навучэнцы, якія атрымалі 100 балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

— У вас на працягу некалькіх гадоў паспяхова дзейнічае раённая мадэль прафілізацыі. Раскажыце пра яе асаблівасці.

— Мэта нашай мадэлі — прадаставіць навучэнцу выбар (сумесна з бацькамі і з дапамогай педагогаў) такой адукацыйнай траекторыі, якая забяспечыць паглыбленае вывучэнне прадметаў, неабходных для атрымання будучай прафесіі з улікам інтарэсаў, здольнасцей і магчымасцей навучэнца.

Для пабудовы эфектыўна дзеючай раённай мадэлі прафілізацыі, стварэння для навучэнцаў 10—11 класаў спрыяльных умоў, тэрытарыяльная прыналежнасць падначаленых устаноў адукацыі ўмоўна была падзелена на мікразоны, дзе прааналізавалі іх унутраныя рэсурсы: матэрыяльна-тэхнічную базу, вучэбна-метадычнае забеспячэнне па выбраным напрамку, наяўнасць матываваных вучняў на вывучэнне шэрага прадметаў на павышаным узроўні і кваліфікаваных педагогаў, якія гатовы працаваць у профільных класах.

У сярэдняй школе № 34 Магілёва на працягу 4 гадоў функцыянуе тэматычны кабінет прафесійнай накіраванасці, на базе якога праходзяць рэспубліканскія, абласныя, гарадскія і раённыя мерапрыемствы.

Пастаянна ажыццяўляецца падтрымка інавацыйнай дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў гэтым напрамку: педагагічны калектыў сярэдняй школы № 32 Магілёва апрабіраваў укараненне мультыпрофілю і працягвае гэта рабіць; педагагічны калектыў сярэдняй школы № 38 укараняе ў практыку вывучэнне прадметаў фізіка-матэматычнага напрамку на павышаным узроўні; у сярэдняй школе № 13 далучыліся да інавацыі па прафесійным самавызначэнні вучняў у рамках прафілізацыі.

На сённяшні дзень з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 14 функцыянуюць профільныя класы і групы (у 2015/2016 навучальным годзе толькі ў 6 школах асобныя вучэбныя прадметы вывучаліся на павышаным узроўні). Акрамя гэтага, у школах раёна арганізаваны класы (групы) прафесійнай накіраванасці: медыцынскі, педагагічны, МНС.

У 2018/2019 навучальным годзе 49% ад мяркуемай колькасці дзесяцікласнікаў працягнуць навучанне ў профільных класах, а 50,7% будуць ахоплены прафесійнай падрыхтоўкай на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі раёна і горада.

— Як развіваеце інфарматызацыю ва ўстановах адукацыі? Ці працуе ў вас праект “Электронная школа”?

— Усе ўстановы адукацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва карыстаюцца міжведамаснай сістэмай электроннага дакументаабароту. Да пачатку 2018/2019 навучальнага года праектам “Электронная школа” плануецца ахапіць навучэнцаў усіх класаў.

— Што цікавага адбываецца ва ўстановах раёна на летніх канікулах?

— Пытанні адпачынку, аздараўлення і ўмацавання здароўя дзяцей патрабуюць асаблівай увагі педагогаў і бацькоў. Для забеспячэння іх супрацоўніцтва ў раёне праводзяцца агульнабацькоўскія сходы, працуюць сайты ўстаноў адукацыі. Бацькі павінны ведаць, дзе дзеці могуць не толькі адпачыць, але і правесці свой летні дзень з карысцю.

Аддзелам адукацыі сумесна з установамі адукацыі ў чэрвені праведзена раённая спартландыя “У здаровым целе — здаровы дух!”. На працягу летняга перыяду для адпачынку і забавы дзяцей працуе інтэрактыўная пляцоўка турысцка-краязнаўчага кірунку: дзейнічае турысцка-краязнаўчы эрудыт-круіз па станцыях, прысвечаны Году малой радзімы.

На базе школ у шосты школьны дзень установамі дадатковай адукацыі праводзяцца спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы з удзелам дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі дадзенай мікразоны. Дарэчы, такая сістэма работы ўстаноў дадатковай адукацыі будзе практыкавацца і на працягу навучальнага года ў рамках арганізацыі занятасці вучняў у шосты школьны дзень.

Акрамя аздараўленчых лагераў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, нашы школьнікі маюць магчымасць паўдзельнічаць у перасоўных палатачных лагерах, арганізаваных зноў такі ўстановамі дадатковай адукацыі.

— А што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Навучальны год скончыўся, падводзім яго вынікі. Галоўнае сёння — арганізацыя летняй кампаніі і падрыхтоўка ўстаноў да новага навучальнага года. А магчыма гэта толькі пры аб’яднанні намаганняў усіх: педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. І хвалюе мяне як начальніка аддзела не толькі фінансавы бок, але і тое, каб мы разумелі адзін аднаго і вучыліся супрацоўнічаць. Тады нашым дзецям будзе сапраўды добра і спакойна, як і ў любой паспяховай сям’і.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *