У пастаянным творчым пошуку

- 16:47"Настаўніцкай газеце" — 70

Метадычная работа — гэта пастаянны педагагічны і творчы пошук, які дапамагае знаходзіць выніковыя формы навучання, павышэння прафесійнага майстэрства і самарэалізацыі. На Брэстчыне каардынатарам метадычнай работы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’яўляецца абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі. На працягу многіх гадоў гэтая ўстанова ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне ПТНУ і ССНУ вобласці сучаснымі тэхналогіямі, інфармацыйнымі рэсурсамі і сродкамі іх выкарыстання, арганізоўвае дзейнасць па ўдасканаленні бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагогаў і аказвае ім неабходную дапамогу.

— Педагогі прызвычаіліся да метадычнай работы ў традыцыйных формах: інструктыўна-метадычныя нарады, семінары, секцыі і г.д., — адзначае дырэктар Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі А.А.Макаранка, які ўзначальвае ўстанову з 1994 года. — Сёння, калі мяняецца сацыяльны заказ на прафесійна-тэхнічную адукацыю і яе змест, педагогам даволі цяжка адаптавацца да новаўвядзенняў. Аблегчыць гэты працэс дапамагаюць супрацоўнікі цэнтра, якія праводзяць аналіз стану і тэндэнцый развіцця вучэбна-метадычнага забеспячэння прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, распрацоўваюць вучэбна-метадычныя комплексы прадметаў і прафесій, аказваюць метадычную дапамогу ўстановам у арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, ажыццяўляюць арганізацыйна-метадычную работу па павышэнні кваліфікацыі педагогаў, у выхаваўчай дзейнасці ПТНУ і ССНУ і г.д.
Адным з важных напрамкаў работы цэнтра з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі педагогаў праз абласныя семінары, канферэнцыі, педагагічныя чытанні, творчыя лабараторыі і іншыя мерапрыемствы, якіх штогод праводзіцца больш за 60. Так, за апошнія 5 гадоў павысілі кваліфікацыю амаль 2,3 тысячы педагогаў, прайшлі стажыроўку больш за 1,1 тысячы, перападрыхтоўку — 183. На базе цэнтра дзейнічае філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, дзе педагогі таксама павышаюць кваліфікацыю.
Загадчыкі кабінетаў і метадысты цэнтра вядуць шырокую інфармацыйна-аналітычную дзейнасць: распрацоўваюць, экспертуюць і ўзгадняюць вучэбныя планы і адукацыйныя стандарты. Так, на рэспубліканскім узроўні ў распрацоўцы тыпавой вучэбна-метадычнай дакументацыі новага пакалення прынялі ўдзел 62 прадстаўнікі Брэстчыны. Сёлета ў цэнтры прайшлі ўзгадненне, экспертызу і рэгістрацыю больш за 200 вучэбных планаў і каля 2,2 тысячы вучэбных праграм 23 ПТНУ і 4 ССНУ вобласці.
— У рамках падрыхтоўкі выпускнікоў, канкурэнтаздольных на сучасным рынку працы, праводзіцца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць, — расказвае А.А.Макаранка. — Так, у 2013/2014 навучальным годзе ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці рэалізоўваліся 4 эксперыментальныя і 3 інавацыйныя праекты, з якіх 4 ужо завяршыліся: “Укараненне мадэлі выхавання патрыятызму ў навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сродкамі краязнаўства” (Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі, Бярозаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў і Абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй Драгічына), “Апрабацыя мадэлей прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых на модульнай аснове ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі” (Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж), “Укараненне мадэлі комплекснай інфарматызацыі адукацыйнага працэсу ў прафесійным ліцэі” (Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў), “Укараненне мадэлі прафесійна накіраванага навучання замежнай мове (на прыкладзе спецыяльнасці “Абслугоўванне перавозак на чыгуначным транспарце” кваліфікацыі “Праваднік пасажырскага вагона”)” (Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту).
З мэтай удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння прафесійна-тэхнічнай адукацыі і каардынацыі дзейнасці пры ўкараненні інавацыйных праектаў вызначаны вядучыя ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. Штогод праводзяцца субяседаванні з іх прадстаўнікамі па выкананні праграм дзейнасці. Практыкуюцца анлайн-нарады ў галасавым чаце. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі адукацыйнага працэсу для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
У правядзенні прафарыентацыйнай работы і рэкламы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі вялікую ролю адыгрываюць сайты ПТНУ і ССНУ, дзе размешчана падрабязная інфармацыя аб актуальнасці і прэстыжнасці прафесій, умовах арганізацыі вытворчага навучання ва ўстанове адукацыі і на вытворчасці, працаўладкаванні, умовах працы, заробках выпускнікоў, арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, іх вучэбных і творчых поспехах, матэрыяльным забеспячэнні і ўмовах пражывання ў інтэрнатах. Змест і актуальнасць гэтай інфармацыі вывучаецца і аналізуецца.
— Цэнтр каардынуе прафарыентацыйную работу ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці, ад якасці якой залежыць не толькі іх далейшае існаванне, але і паспяховая сацыялізацыя выпускнікоў, — гаворыць А.А.Макаранка. — Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, выкладчыкі ствараюць новыя сродкі і тэхналогіі навучання. У вобласці створаны банк электронных адукацыйных рэсурсаў, дзе размешчана каля 5тысяч розных ЭСН (многія з іх унесены ў рэспубліканскі банк даных).
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца распрацоўка і выданне структурных элементаў вучэбна-метадычных комплексаў прадметаў і прафесій. Гэтая работа вядзецца ў цесным узаемадзеянні з калектывамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і выклікана адсутнасцю дастатковай колькасці вучэбнай літаратуры, асабліва па прадметах прафесійнага кампанента. Так, за 5 гадоў было выпушчана больш за 400 найменняў розных выданняў. Акрамя таго, з 1997 года ў цэнтры выходзіць штомесячная газета “Метадыст”, са старонак якой педагогі атрымліваюць інфармацыю аб сучасных методыках выкладання, навінках літаратуры і эфектыўным вопыце калег.
Па словах А.А.Макаранкі, станоўчы педагагічны вопыт дапамагае вывучыць новыя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу і вылучыць іх з агульнай практыкі, абуджае ініцыятыву і творчасць, садзейнічае ўдасканаленню прафесійнага майстэрства. Таму выяўленне, аналіз, трансляцыя і ўкараненне лепшых напрацовак з’яўляюцца адным з галоўных напрамкаў метадычнай работы цэнтра. Так, педагагічны вопыт у вобласці трансліруецца ў форме штогадовага інфармацыйнага весніка “Адрасы станоўчага педагагічнага вопыту” і кірмашу сацыяльна-педагагічных ідэй. За 5 гадоў абагульнены вопыт амаль 400 педагогаў.
Узняць метадычную работу на больш высокі навуковы ўзровень дапамагае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі, БрДТУ і БрДУ імя А.С.Пушкіна. Праводзяцца сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі і конкурсы, выдаюцца і рэцэнзуюцца вучэбна-метадычныя комплексы. У вобласці дзейнічае вучэбна-метадычнае аб’яднанне дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у рабоце якога ўдзельнічаюць і супрацоўнікі цэнтра.
На Брэстчыне вядзецца актыўная работа ў галіне экалагічнай адукацыі і энергазберажэння. Штогод ладзяцца конкурсы і акцыі, прысвечаныя эканоміі энергарэсурсаў: “Наш уклад у энергазберажэнне”, “Энергазберажэнне — гэта важна”, “Падарунак абласному музею энергазберажэння” і інш.
З мэтай удасканалення кіраўніцкай дзейнасці, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і стварэння ўмоў для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў праводзіцца абласны конкурс “Лепшая ўстанова прафесійнай адукацыі”, у якім удзельнічаюць усе ПТНУ і ССНУ вобласці. На працягу 5 гадоў пераможцам спаборніцтва з’яўляецца Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання.
Традыцыйнымі сталі і абласныя конкурсы прафесійнага майстэрства, закліканыя павысіць сацыяльны статус і творчы патэнцыял майстроў вытворчага навучання, стымуляваць іх прафесійны і асобасны рост, прапагандаваць станоўчы педагагічны вопыт.
— Сёння ва ўмовах сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў асаблівай увагі патрабуе арганізацыя выкладання замежнай мовы, — заўважае А.А.Макаранка. — Якаснае валоданне замежнай мовай дапамагае ўвайсці ў адкрытую інфармацыйную прастору і паспяхова сацыялізавацца ў сучасным полікультурным асяроддзі. Патрабаванні да сённяшніх спецыялістаў прадугледжваюць іншамоўную мабільнасць. З гэтай мэтай праводзіцца абласны конкурс “Лепшы знаўца замежнай мовы” сярод навучэнцаў прафесіі “Вадзіцель аўтамабіля”. У шэрагу ПТНУ працуюць тэатральныя калектывы і гурткі на замежнай мове.
Цэнтр праводзіць сур’ёзную работу па падрыхтоўцы педагогаў і навучэнцаў да рэспубліканскіх творчых конкурсаў і канферэнцый. Вынікам сістэмнай работы з’яўляюцца перамогі прадстаўнікоў Брэстчыны на розных рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах.
— Сёння ў адзіночку працаваць нельга, — адзначае А.А.Макаранка. — Такая работа не дае належнага эфекту. Неабходна аб’яднанне метадычных структур у адзіную сеткавую арганізацыю, дзе педагог можа атрымаць інтэграваную дапамогу ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства. Толькі ў такім выпадку метадычная служба будзе запатрабаванай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.