У педагогіцы ўсё павінна быць прыгожа: і знешні выгляд, і ўнутраны змест

Хто ён, сённяшні педагог? Чым ён кіруецца ў сваёй рабоце і як ставіцца да сваёй прафесіі? Ці маюць рацыю тыя, хто паўсюдна гаворыць аб тым, што педагогіка страціла свае пазіцыі? Каб быць добрым настаўнікам, трэба абраць прафесію па закліку душы. І гэта сапраўды так. Але які атрымаецца настаўнік заўтра, у многім залежыць ад таго, што было дадзена яму сёння ў сценах універсітэта ці каледжа.

Ці можна выклікаць інтарэс да прафесіі, прывіць любоў да яе? Лёгка! Я вельмі доўгі час марыла працаваць з дзецьмі, таму што заўсёды ўспамінала сваю першую настаўніцу: з якой прыемнай усмешкай сустракала яна нас кожную раніцу, як папраўляла нам каўнерыкі і крыва прышпіленыя акцябрацкія зорачкі, з якой любоўю брала ў рукі нашы сшыткі з крамзолямі і старанна выведзенымі літарамі…
Недастаткова проста выкладаць прадметы. Трэба яшчэ данесці да кожнага навучэнца значнасць абранай прафесіі, сваім асабістым прыкладам паказаць яе аўтарытэт. Менавіта на гэтым асноўваецца дзейнасць Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.
— Павышэнне якасці адукацыі, стварэнне адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае творчаму развіццю ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, іх самаўдасканаленню, самарэалізацыі, фарміраванню асобы канкурэнтаздольнага спецыяліста — вось асноўныя кірункі нашай дзейнасці, — адзначае дырэктар каледжа Раіса Васільеўна Каляда.
Раіса Васільеўна 30 гадоў працуе ў сценах навучальнай установы — спачатку выкладчыкам, потым — на кіраўніцкіх пасадах: намеснікам дырэктара і дырэктарам. Такі вялікі вопыт, безумоўна, дазваляе абраць правільныя кірункі ў рабоце. Тут разумеюць, што важнейшай умовай фарміравання творчай, актыўнай асобы навучэнца з’яўляецца педагагічнае майстэрства кожнага выкладчыка. Гэтая ўзаемасувязь — адзін з важнейшых элементаў навучальнага працэсу. А падмацоўваецца яна… творчымі конкурсамі.

У вечным пошуку ідэй

Штогод у каледжы праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства “Педагог года”, які даўно трапіў у лік самых прэстыжных у навучальнай установе. Калі вы аднесліся да гэтага скептычна, маўляў, местачковае спаборніцтва, то гэта памылковае стаўленне. Ужо хаця б таму, што само правядзенне такога конкурсу і ўдзел у ім педагогаў даказвае: ёсць што паказаць і чым падзяліцца з калегамі.
Тры этапы конкурсу — самапрадстаўленне, адкрыты ўрок і майстар-клас, у аснове якога асабістыя методыкі, — даюць магчымасць паказаць сябе ўсебакова. Цікава, што да падрыхтоўкі і правядзення конкурсу прыцягваюцца навучэнцы. Яны ствараюць групы падтрымкі выкладчыкаў, дапамагаюць у стварэнні прэзентацый, і, канечне, на іх плечы кладзецца ўся забаўляльная частка мерапрыемства.
Нядаўна ў Лоеўскім педагагічным каледжы завяршыўся чарговы конкурс “Педагог года — 2013”. На гэты раз ён меў свае асаблівасці. Па-першае, здзіўляў вялікі ўзроставы дыяпазон удзельнікаў. Марына Генадзьеўна Давідзюк — малады спецыяліст. Яна толькі пачала сваю прафесійную дзейнасць, аднак ужо змагла прадэманстраваць навуковыя падыходы да вывучэння роднай мовы. У каледжы Марыну Генадзьеўну называюць не інакш, як педагогам-наватарам. З вялікім задавальненнем назіралі калегі і члены журы за адным са старэйшых педагогаў установы выкладчыкам інфарматыкі Святланай Рыгораўнай Кулакоўскай, вопыт работы якой налічвае 40 гадоў. Па-другое, у конкурсе прынялі ўдзел выкладчыкі фізічнай культуры Эдуард Віктаравіч Казуля і Андрэй Віктаравіч Пасталоўскі. Яны не проста прадэманстравалі новыя падыходы ў арганізацыі заняткаў па фізічнай культуры, але і даказалі, што іх прадмет мае такую ж важнасць, як любы іншы.
Шмат цікавага ў сваёй намінацыі паказалі педагогі дадатковай адукацыі. Дарэчы, у педкаледжы працуе 30 аб’яднанняў па інтарэсах, клубаў і спартыўных секцый, запатрабаванасць якіх бясспрэчная: амаль кожны навучэнец наведвае якое-небудзь аб’яднанне або займаецца ў секцыях. Больш за тое, існуе нямала аб’яднанняў па інтарэсах, якімі кіруюць самі юнакі і дзяўчаты — навучэнцы старшых курсаў.
— Я не перастаю ганарыцца сваім калектывам, — шчыра прызнаецца Р.В.Каляда. — Кожны раз, калі праходзіць конкурс “Педагог года”, я дзіўлюся зацікаўленасці нашых выкладчыкаў, іх творчым падыходам да сваёй справы. Калі перафразаваць рускага класіка, дык можна сказаць, што ў педагогіцы ўсё павінна быць прыгожа: і знешні выгляд, і ўнутраны змест.
Гэтыя словы пацвердзіла пераможца конкурсу ў намінацыі “Выкладчык года” Людміла Георгіеўна Карпенка. А званне лепшага педагога дадатковай адукацыі было прысуджана Алене Міхайлаўне Новікавай.

Віват, практыка!

Не менш, чым педагогамі, ганарыцца Раіса Васільеўна і сваімі навучэнцамі. І гэта зразумела! Хіба можна не ганарыцца такімі таленавітымі, стараннымі і мэтанакіраванымі юнакамі і дзяўчатамі? Будучыя настаўнікі паспяваюць усюды: і ў вучобе, і ў спевах, і ў танцах. А склаўшы гэтыя таленты разам, атрымаеш вельмі добрых практыкантаў.
Важаты ў лагеры адпачынку. Проста мара для юнакоў і дзяўчат майго пакалення! Упэўнена, не менш цікава гэта і для сучаснай моладзі. Колькі ўспамінаў застаецца пасля гэтага, колькі вясёлых гісторый! З чаго складаецца майстэрства важатага? Гэта ўмелы кіраўнік, добры арганізатар і чулы выхавальнік, сцэнарыст і рэжысёр, забаўнік і танцор, мастак і паэт… Адным словам, майстар на ўсё. Пры гэтым практыка для будучых педагогаў — справа надта адказная і сур’ёзная. Тут трэба ўмець прыкласці не толькі сваю творчасць, але і педагагічны дар.
Пакуль справа падыходзіць да практычнай работы, навучэнцам прадастаўляецца магчымасць паказаць сваю гатоўнасць працаваць з дзецьмі. Дзеля гэтага ў каледжы штогод праводзіцца конкурс важацкага майстэрства сярод навучэнцаў трэцяга курса. “Маё прызванне — запальваць сэрцы” — пад такім дэвізам праходзіць прадстаўленне каманд. Задача даволі простая — расказаць сваё бачанне важацкай работы, данесці да гледачоў яе важнасць. Далей хлопцы і дзяўчаты павінны паказаць сваё творчае майстэрства. Якраз тут спатрэбілася ўменне спевака, танцора і забаўніка, бо гэтая частка конкурсу прадугледжвае аповед пра тое, чым важаты можа заняць дзяцей у вольны час. Здавалася, выдумкам трэцякурснікаў не было канца. Якіх толькі забаў не прыдумалі яны, якіх толькі сітуацый не апісалі! Былі і песні пад гітару каля імправізаванага кастра, і гарэзлівая бойка падушкамі, і начное мыццё дзіцячай бялізны нястомнымі важатымі. І, нарэшце, у заключнай частцы спаборніцтва — інсцэніроўцы казкі — удзельнікі каманды паказалі свае таленты сцэнарыста, рэжысёра і акцёра.
Вясёлы, забаўляльны конкурс. Назіраеш за яго ўдзельнікамі, і радуецца душа: якая наша моладзь таленавітая! Назіраю за Раісай Васільеўнай, якая пільна сочыць за канкурсантамі са свайго месца ў зале, і бачу на яе твары цёплую ўсмешку і гордасць за сваіх навучэнцаў.
— Калі кажуць, што сённяшняя дзятва лянівая, я нават пачынаю злавацца, — гаворыць дырэктар каледжа. — Толькі зацікаўце навучэнцаў, і яны вам такое пакажуць! Яны дзіўныя, могуць стварыць сапраўднае свята, весяліцца і жартаваць, а могуць быць сур’ёзнымі і патрабавальнымі. Такім не боязна перадаваць эстафету.
Вось у чым сутнасць: ва ўменні зацікавіць, павесці за сабой. Здавалася б, звычайны конкурс сярод навучэнцаў, паспаборнічалі, павесяліліся, на тым і ўсё. А на самай справе адміністрацыя каледжа, акрамя забаўляльнага боку, уключае ў мерапрыемства падрыхтоўку да летняга аздараўленчага сезона, папулярызацыю прафесіі настаўніка, а таксама прафарыентацыйную работу, дзеля чаго, дарэчы, у якасці гледачоў былі за-прошаны вучні 8-9 класаў са школ Лоеўскага і суседняга Рэчыцкага раёнаў.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.