У планах — званне гросмайстра

- 12:07Навіны рэгіёнаў, Рознае

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка днямі правёў урачысты прыём у гонар пераможцы юнацкага чэмпіянату Еўропы па хуткіх шахматах Вольгі Бадэлька.

Акрамя самой дзяўчынкі, на ўрачысты прыём былі запрошаны яе мама Алена Мікалаеўна Бадэлька і трэнер Леанід Саксонаў. Прысутнічалі на сустрэчы таксама начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Віктар Сцяпанаў, дырэктар Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Вадзім Панчанка, дырэктар абласнога Цэнтра фізічнага выхавання і спорту дзяцей і моладзі Аляксандр Шайтараў, дырэктар Магілёўскай абласной СДЮШАР па шахматах і шашках Валерый Багданаў.
Падчас гутаркі Валерый Малашка павіншаваў Вольгу Бадэлька з заслужаным трайным “золатам”, пажадаўшы ёй і далей не губляць цікавасці да любімага віду спорту.
Вольга пацвердзіла, што гэта ў яе планы не ўваходзіць. Наадварот, дзяўчынка мэтанакіравана працуе над тым, каб у бліжэйшыя гады дабіцца звання міжнароднага майстра, а потым стаць гросмайстрам. Паводле слоў трэнера Вольгі Леаніда Саксонава, у яго вучаніцы ўсё задуманае павінна атрымацца.
— Оля з самага пачатку вылучалася сваёй працавітасцю і сур’ёзнымі задаткамі. Па сукупнасці ўсіх спартыўных якасцей — адоранасць, характар, працаздольнасць — такіх дзяцей за 30 гадоў маёй трэнерскай кар’еры яшчэ не было. Так што з пастаўленымі высокімі задачамі яна абавязкова справіцца. Бо ў яе ёсць тое галоўнае, што неабходна для спартыўных дасягненняў. Па характары яна самы сапраўдны баец, — адзначыў Леанід Рыгоравіч.
Мама дзяўчынкі ад чыстага сэрца горача падзякавала кіраўніцтву вобласці і школы за падтрымку дачкі.
Напрыканцы сустрэчы Валерый Малашка ўручыў Вользе Бадэлька кветкі і каштоўны падарунак ад Магілёўскага аблвыканкама, а яшчэ даручыў вылучыць кандыдатуру таленавітай шахматысткі на атрыманне спецыяльнай прэміі аблвыканкама. Падарункі Оля атрымала таксама ад упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама і абласнога Цэнтра фізічнага выхавання і спорту дзяцей і моладзі. Не засталася без увагі і праца трэнера юнага даравання Леаніда Саксонава. Леанід Рыгоравіч прадстаўлены да ўзнагароджання Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Юліі ЕЎМЯНЬКОВАЙ.