Сёлета Нацыянальны інстытут адукацыі будзе адзначаць значную дату — 85-годдзе з дня свайго заснавання. За гэты час установа ператварылася ў сапраўдны цэнтр інавацый у галіне адукацыі, стала творчай пляцоўкай для рэалізацыі педагагічных ідэй і скарбонкай багатага перадавога вопыту. Аб захаванні традыцый у навукова-метадычным забеспячэнні адукацыйнай галіны і аб новых кірунках дзейнасці Нацыянальнага інстытута адукацыі расказвае дырэктар установы кандыдат педагагічных навук Раіса Станіславаўна СІДАРЭНКА.
— Раіса Станіславаўна, на пачатку нашай размовы ад імя нашай газеты і яе чытачоў шчыра віншуем вас з назначэннем на пасаду кіраўніка інстытута і з днём нараджэння. Жадаем вам плёну, творчасці, натхнення, станоўчых эмоцый і моцнага здароўя! Што тычыцца вашай новай працы, то першае пытанне да вас пра тое, ці будзе захаваны традыцыйны падыход у дзейнасці Нацыянальнага інстытута адукацыі?
— Вялікі дзякуй за віншаванні і пажаданні. І хачу адразу сказаць, што ўсе тыя задачы і функцыі, якія традыцыйна выконваў інстытут да нядаўняга часу, захаваюцца, але стаяць на месцы мы не збіраемся. Зменлівасць інфармацыйнай рэчаіснасці, у якой мы жывём, абумоўлівае пастаяннае абнаўленне патрабаванняў да навуковага, метадычнага забеспячэння і суправаджэння адукацыйнага працэсу. Якраз дынамічнасць развіцця нашага грамадства, нашай адукацыі гарантуе традыцыйную актуальнасць задач і функцый, якія выконвае інстытут.
Навуковыя даследаванні, якія праводзіць інстытут, скіраваны на распрацоўку сучаснага зместу адукацыі, тэхналогій і методык навучання менавіта ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. З улікам згаданых умоў ажыццяўляюцца распрацоўка, навукова-педагагічная экспертыза, укараненне ў адукацыйную практыку інавацыйных вучэбна-метадычных комплексаў і сродкаў навучання. Новае разуменне самога паняцця “якасная адукацыя” абумоўлівае новыя патрабаванні да маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі, які ажыццяўляе інстытут, а таксама актывізуе эксперыментальную дзейнасць у розных сегментах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, выхавання дзяцей і моладзі.
Нязменна актуальнымі застаюцца і задачы, звязаныя з развіццём кадравага патэнцыялу для сістэмы адукацыі: інстытут, з аднаго боку, ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, з другога — прапануе разнастайныя адукацыйныя і кансалтынгавыя паслугі для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу (педагогаў, спецыялістаў сістэмы дадатковай адукацыі, рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, бацькоў).
— Не так даўно ў інстытута з’явіліся і зусім новыя, у пэўным сэнсе нязвыклыя функцыі, напрыклад, звязаныя з распрацоўкай новых механізмаў фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. На што мэтава скіравана работа інстытута ў гэтым плане?
— Па сутнасці, у інстытуце распрацоўваецца канцэптуальнае бачанне і навукова-метадычнае забеспячэнне апрабацыі і ўкаранення новых для краіны механізмаў фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, распрацоўваецца мадэльная методыка разліку нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на навучанне і выхаванне аднаго вучня, рыхтуецца праект “Канцэпцыі ўкаранення нарматыўна-падушавога фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. На інстытут ускладзена функцыя навукова-метадычнага суправаджэння эксперыментальнага праекта, звязанага з апрабацыяй і ўкараненнем галіновай сістэмы аплаты працы ў сферы адукацыі (эксперымент ідзе ва ўстановах адукацыі Мінска і Гомеля). У гэтым аспекце інстытут актыўна ўзаемадзейнічае з міжнароднымі экспертамі і арганізацыямі, якія займаюцца даследаваннем і падтрымкай праектаў, скіраваных на ўдасканаленне механізмаў фінансавання адукацыі дзеля павышэння яе якасці і эфектыўнасці.
— Раіса Станіславаўна, як вы мяркуеце, наколькі вынікі навуковых даследаванняў і праектаў, якія апошнім часам ажыццяўляюцца ў інстытуце, змяняюць (ці здольныя змяніць) рэальны адукацыйны працэс ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі нашай краіны? Якія кірункі навуковых даследаванняў вам падаюцца найбольш перспектыўнымі — і з улікам патрэб нацыянальнай адукацыі, і з улікам міжнародных адукацыйных працэсаў?
— Каштоўнасць вынікаў навуковых даследаванняў для адукацыйнай практыкі забяспечваецца, з аднаго боку, іх рэальнай запатрабаванасцю, арыентаванасцю на канкрэтныя запыты ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, а з другога боку, іх якас цю. Думаю, многія чытачы “Настаўніцкай газеты” (найперш, педагогі-практыкі) не толькі ведаюць, але і актыўна карыстаюцца тым навукова-метадычным забеспячэннем, якое было распрацавана ў інстытуце за апошнія тры гады: дыдактычнымі сцэнарыямі ўрокаў, кантрольна-вымяральнымі матэрыяламі (створаны па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх класаў), метадычнымі і дыдактычнымі дапаможнікамі, навукова-метадычнымі рэкамендацыямі па актуальных напрамках навучання і выхавання. Сёлета ў інстытуце завяршаецца работа па стварэнні электронных адукацыйных рэсурсаў для дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі: даведачна-інфармацыйныя і кантрольна-вымяральныя модулі згаданых рэсурсаў ужо маюць магчымасць ацаніць педагогі-практыкі, якія бяруць удзел у іх эксперыментальнай апрабацыі; напрыканцы года рэсурсы дапоўняцца інтэрактыўнымі модулямі.
У 2013 годзе ўпершыню ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны інстытутам рэалізаваны сумесны беларуска-расійскі праект незалежнай ацэнкі інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці вучняў 9-х класаў Беларусі. Праект уключаў перадпілотнае даследаванне (ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай і Брэсцкай абласцей) і асноўнае тэсціраванне вучняў нашай сталіцы і Гомельскай вобласці. Інфармацыя аб праведзеным даследаванні надрукавана ў часопісе “Веснік адукацыі”, і зараз у інстытуце распрацоўваюцца адпаведныя метадычныя рэкамендацыі для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.
З улікам патрэб нацыянальнай сістэмы адукацыі, а таксама міжнароднага адукацыйнага вопыту ў якасці важнага кірунку навуковых даследаванняў на перспектыву можна вызначыць абнаўленне зместу адукацыі ў кантэксце адноснай завершанасці навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі на другой ступені, профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі з улікам кампетэнтнаснага падыходу.
Адным з прыярытэтных напрамкаў навуковай работы сёння становіцца развіццё нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі. Гэта актывізуе стварэнне сур’ёзнага тэарэтычнага падмурка, распрацоўку адпаведнага комплекснага навукова-метадычнага забеспячэння, што дазволіць развіваць цэласную сістэму ацэнкі якасці адукацыі, а таксама далучыцца да міжнародных параўнальных даследаванняў.
У рамках нашай гутаркі можна акрэсліць толькі найбольш буйныя напрамкі навукова-даследчай дзейнасці. Але варта зазначыць, што ў інстытуце праблема планавання навуковых даследаванняў разглядаецца комплексна: на падставе аналізу айчынных і міжнародных даследаванняў у сферы адукацыі фарміруецца план-праспект даследаванняў, актуальных для нацыянальнай сістэмы адукацыі.
— Сёння і ў педагагічнай грамадскасці, і ў бацькоўскім асяроддзі гучаць самыя розныя меркаванні аб тым, якім павінен быць сучасны нацыянальны падручнік. Якія перспектывы дзейнасці інстытута ў гэтым кірунку?
— Ужо ў бліжэйшай перспектыве ўсім, хто зацікаўлены альбо ўдзельнічае ў працэсе падрыхтоўкі і выдання вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай галіны, давядзецца, на нашу думку, выпрацоўваць эфектыўныя механізмы падрыхтоўкі вучэбнай літаратуры новага пакалення з інавацыйным кампанентам. У першую чаргу гэта тычыцца прадметаў прыродазнаўчай і матэматычнай адукацыі: стварэнне электронных дадаткаў да падручнікаў з дынамічнымі інтэрактыўнымі мадэлямі тэхналагічных, фізічных працэсаў, з’яў можа стаць першым крокам да стварэння паўнавартасных электронных падручнікаў.
Трэба таксама правесці сур’ёзны крытычны аналіз якасці вучэбнай літаратуры, якая выкарыстоўваецца ў навучанні. Гэты аналіз мэтазгодна ажыццяўляць на аснове інтэгральных паказчыкаў: экспертных заключэнняў вучоных і практыкаў, вынікаў доследнай праверкі, меркаванняў вучняў і бацькоў, вынікаў маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі, цэнтралізаванага тэсціравання і інш. Такі аналіз патрэбны для выяўлення падручнікаў, якія не ў поўнай меры адпавядаюць сучасным патрабаванням: у гэтым выпадку трэба ствараць аўтарскія калектывы, якія здолеюць прапанаваць насамрэч сучасны падручнік.
Вырашэнне праблемы стварэння такога падручніка, які б задаволіў усіх, — задача вельмі складаная. Важна, каб усе, хто зацікаўлены ў такім падручніку (аўтары, настаўнікі, вучні, іх бацькі), канструктыўна падыходзілі да праблемы: выразна фармулявалі заўвагі, магчыма, прэтэнзіі, разам шукалі варыянты выйсця з сітуацыі і, што самае важнае, дакладна ўяўлялі, якім можа і павінен быць вынік гэтай сумеснай працы.
— Раіса Станіславаўна, хацелася б пачуць ваша меркаванне наконт ролі інстытута ў павышэнні іміджу нашай адукацыі на міжнароднай арэне?
— Адным з новых кірункаў дзейнасці інстытута з’яўляецца рэалізацыя комплекснага маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі з арыентацыяй на паэтапнае ўваходжанне ў міжнародныя праграмы ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў. Гэтаму важнаму кроку павінна папярэднічаць распрацоўка ўмоў і механізмаў уваходжання ў міжнародную сістэму ацэнкі якасці адукацыі; стварэнне матэрыялаў для ацэнкі адукацыйных дасягненняў нашых вучняў з улікам міжнародных тэндэнцый ацэнкі якасці адукацыі (PISA, PIRLS, TIMSS). Зараз у інстытуце вывучаецца адпаведны міжнародны вопыт; плануецца апрабаваць механізмы правядзення і апрацоўкі вынікаў маніторынгавых даследаванняў, прынятых у міжнародных сістэмах ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў.
Таксама перспектыўным кірункам нам падаецца распрацоўка механізмаў узгаднення падыходаў да развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана. У сувязі з гэтым нельга не заўважыць, наколькі актыўна ў педагагічнай супольнасці і грамадстве абмяркоўваюцца магчымасці і шляхі ўкаранення ў айчынную адукацыйную практыку незалежных форм і механізмаў выніковай атэстацыі вучняў (такі вопыт ёсць у нашых партнёраў па АЭП).
Эфектыўнае пашырэнне межаў нацыянальнай адукацыйнай прасторы, рост яе канкурэнтнасці мы звязваем з распрацоўкай і ўкараненнем навукова-метадычнага забеспячэння дыстанцыйнага навучання ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі.
— Мы ўжо згадвалі на пачатку размовы пра адметны статус і функцыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. У якім новым напрамку сферы адукацыйных паслуг установа мяркуе працаваць?
— Як ужо было сказана, зараз навукова-адукацыйная дзейнасць інстытута ўключае некалькі складнікаў: у аспірантуры і дактарантуры вядзецца падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, на пастаяннай аснове арганізавана кансультаванне настаўнікаў, метадыстаў, спецыялістаў сістэмы адукацыі па пытаннях навукова-метадычнага і вучэбна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу.
Апошнім часам мы актыўна развіваем (і ў плане зместавай разнастайнасці, і ў аспекце новых форм узаемадзеяння) сегмент адукацыйных паслуг, мэтава арыентаваных на далучэнне педагогаў да вопыту навуковых даследаванняў і на дапамогу ў адаптацыі гэтага вопыту дзеля таго, каб настаўнік мог яго выкарыстоўваць у сваёй практычнай дзейнасці. Вялікую зацікаўленасць настаўнікаў, метадыстаў, спецыялістаў органаў кіравання адукацыяй выклікаюць нашы вочна-дыстанцыйныя семінары, удзельнікі якіх звычайна выступаюць у некалькіх ролях: слухачоў, стваральнікаў адукацыйных ідэй і прадуктаў, нават экспертаў.
Важкая інфармацыйна-адукацыйная роля належыць сайту інстытута. Але ўжо зараз новы імпульс атрымала работа па стварэнні нацыянальнага адукацыйнага партала, які будзе ўтрымліваць не толькі электронныя версіі падручнікаў, вучэбных праграм, іншых кампанентаў вучэбна-метадычнага забеспячэння, але і сістэму электронных адукацыйных рэсурсаў розных тыпаў і відаў, дыстанцыйныя вучэбныя курсы па актуальных праблемах навукова-метадычнага забеспячэння. На пастаяннай аснове будуць дзейнічаць форумы, вэбінары, інтэрнэт-канферэнцыі.
У інстытуце пачаў дзейнічаць у якасці самастойнай структуры адукацыйны цэнтр. Сярод кірункаў яго дзейнасці, у ліку іншых, — распрацоўка і суправаджэнне сістэмы дыстанцыйнага навучання для ажыццяўлення адукацыйных паслуг, якія прадстаўляе інстытут; метадычна-кансультацыйнае суправаджэнне электронных адукацыйных рэсурсаў, якія распрацоўваюцца ў інстытуце і функцыянуюць на базе платформы MOODLE. Вядома, належная ўвага будзе ўдзяляцца і пашырэнню зместу, відаў і форм адукацыйных мерапрыемстваў (семінараў, кансультацый, трэнінгаў) па шырокім спектры пытанняў навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, сярод якіх работа з адоранымі дзецьмі; праектаванне і стварэнне адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы класа і ўстановы адукацыі; тэхналогіі кіравання крос-медыйным кантэнтам у інфармацыйна-адукацыйным асяроддзі класа, установы адукацыі і многія іншыя.
Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.