У полі зроку — актуальныя пытанні развіцця адукацыйнай галіны

5 лютага на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта пад старшынствам міністра адукацыі Ігара Карпенкі прайшло пасяджэнне калегіі профільнага ведамства па выніках работы адукацыйнай галіны ў 2019 годзе. У ім прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, а таксама прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, кіраўнікі ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў. Працавала выстава, прысвечаная дасягненням айчыннай сістэмы адукацыі.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўзнагароджвае кіраўніка рэгіянальнага цэнтра па інклюзіўнай адукацыі настаўніцу дапаможнай школы № 24 Оршы Алену Семянкову.

Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка ў сваім выступленні акцэнтаваў увагу на праблемах, якія сёння знаходзяцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы і ўрада. Найперш Ігар Віктаравіч спыніўся на дашкольнай адукацыі, закрануўшы галоўнае пытанне — недахоп месцаў у дзіцячых садах. Ён падкрэсліў, што трэба будаваць новыя сады (згодна з планамі), адкрываць дашкольныя ўстановы на першых паверхах жылых дамоў у мікрараёнах-новабудоўлях, а таксама разві­ваць сетку прыватных дзіцячых садоў. Акрамя таго, намеснік прэм’ер-міністра звярнуў увагу, што калі ў сельскай мясцовасці сістэмай дашкольнай адукацыі ахоплена 53,2% дзяцей, то ў горадзе гэтая лічба амаль у 2 разы большая — 91,9%.

“Дашкольная адукацыя — гэта ранняе развіццё дзіцяці, падрыхтоўка яго да школы. Ці не адсюль у нас нізкія вынікі вучэбнай дзейнасці дзяцей з сельскай мясцовасці?” — задаў рытарычнае пытанне віцэ-прэм’ер і даў даручэнне Міністэрству адукацыі разабрацца. “Каб на вёсцы дзіцячыя сады працавалі і былі запатрабаваны, важна, каб сюды прыязджала моладзь, замацоўвалася на працоўным месцы. Для гэтага трэба будаваць жыллё, прадастаўляць зямельныя ўчасткі. Кіраўніком дзяржавы адпаведныя задачы перад аблвыканкамамі пастаўлены”, — працягваў Ігар Петрышэнка.

Далей намеснік прэм’ер-міністра звярнуў увагу на тое, што неабгрунтаваныя платныя паслугі — абсалютна недапушчальная з’ява. Ён згадаў пра адну з гомельскіх устаноў адукацыі, дзе навучэнцам фактычна навязвалася рэпетытарства па вучэбных прадметах. “Такіх платных паслуг быць не павінна, хаця заняткі, накіраваныя на развіццё дзяцей, павінны быць”, — падкрэсліў Ігар Віктаравіч. Паводле яго слоў, установы адукацыі абавязаны зарабляць, што дазваляе ім умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, павялічваць зарплаты супрацоўнікаў. Але ж платныя заняткі павінны арганізоўвацца на добраахвотнай аснове.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў узнагароджвае рэктара МДЛУ Наталлю Баранаву.

У сваім выступленні Ігар Петрышэнка закрануў і прафарыентацыйную работу з выпускнікамі. “Наша задача — дапамагчы школьніку зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі, і гэта не абавязкова павінна быць вышэйшая адукацыя”, — сказаў ён. Разам з тым, як адзначыў віцэ-прэм’ер, на вышэйшую адукацыю выпускнікоў арыентуе сама сістэма арганізацыі прыёмнай кампаніі. “Спачатку мы прымаем дакументы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, далей ідуць сярэднія спецыяльныя ўстановы, і па рэшткавым прынцыпе — прафтэхадукацыі. Ці не адсюль паяўляюцца лічбы адлічаных студэнтаў, з якімі мы сутыкаемся штогод? У мінулым годзе па прычыне непаспяховасці з устаноў вышэйшай адукацыі было адлічана амаль 8 тысяч чалавек. Многія з іх маглі б вучыцца ў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных установах, а не марна траціць час і грошы, прычым і бюджэтныя. Лічу, што Міністэрства адукацыі павінна старанна прапрацаваць гэтае пытанне”, — заўважыў Ігар Віктаравіч.

А затым прапанаваў прыёмную кампанію пачынаць адначасова ва ўсіх установах прафесійнай адукацыі, а вось тэрміны завяршэння прыёму дакументаў могуць і павінны быць рознымі. “Магчыма, многія абітурыенты, рэальна ацэньваючы свае веды і сілы, на этапе падачы дакументаў зрабілі б правільны для сябе выбар. Нельга дапусціць абясцэньвання вышэйшай адукацыі, калі ў ВНУ прыхо­дзяць не па веды, а па дыплом”, — сказаў Ігар Петрышэнка. Ішла гаворка і пра сітуацыю з кадрамі ў сі­стэме вышэйшай адукацыі, дзе назіраецца адток энергічных і кваліфікаваных супрацоўнікаў. Маладыя і перспектыўныя сыходзяць у іншыя сферы дзейнасці, таму ідзе старэнне педагагічнага корпуса. Па словах Ігара Петрышэнкі, патрабуюцца кіраўнічыя рашэнні для зніжэння вастрыні гэтай праблемы.

“Пытанне харчавання ўзнімалася ўжо не раз, але пакуль цалкам навесці парадак у гэтай сферы не ўдалося”, — працягваў Ігар Віктаравіч. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі, аддзелаў і ўпраўленняў павінны адказваць за кантроль у гэтым плане. Але і сёння назіраюцца факты недакладання прадуктаў, парушэння тэхналогіі гатавання страў, невыканання санітарных норм і правіл. У кастрычніку на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі ўзнімалася пытанне арганізацыі падвозу дзяцей да школ. Па даручэнні ўрада быў праведзены міжведамасны маніторынг, у выніку якога парушэнні выяўлены ў 295 школьных аўтобусах з 794 правераных, а гэта 37%. У прыватнасці, былі выпадкі, калі аўтобус выходзіў на маршрут з расколінамі ветравога шкла. “Заўсёды і абавязкова павінны адсочвацца тэхнічны стан транспарту, медагляды вадзіцеляў, час перавозак”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ўзнагароджвае загадчыка
кафедры псіхалогіі БДУ доктара псіхалагічных навук Ігара Фурманава.

Закрануў Ігар Петрышэнка і тэму новай сістэмы аплаты працы бюджэтнікаў. Яна спрашчае разлікі, робіць іх больш празры­стымі. Пры гэтым, падкрэсліў віцэ-прэм’ер, заработная плата не зніжаецца. Усіх кіраўнікоў просяць растлумачыць работнікам кожны пункт, кожнае палажэнне. Што тычыцца павышэння аплаты працы, ёсць даручэнне кіраўніка дзяржавы: да 2025 года сярэдняя заработная плата педработнікаў складзе 100% да сярэдняй зарплаты па краіне, а прафесарска-выкладчыцкага складу — 150%.

Намеснік прэм’ер-міністра гаварыў таксама пра павелічэнне экспарту адукацыйных паслуг, умацаванне пазіцый ВНУ ў міжнародных рэйтынгах, павышэнне кампетэнтнасці педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў. “Важна правесці аналіз школьных праграм і падручнікаў, па кожным вучэбным прадмеце вывучыць меркаванне практыкаў, іх прапановы”, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў адзначыў, што плануецца правядзенне сур’ёзнай нарады ў кіраўніка дзяржавы, якая будзе прысвечана найбольш вострым пытанням развіцця адукацыйнай галіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.