У полі зроку — дзеці

- 12:36Навіны рэгіёнаў

Каб прадухіліць гібель і траўматызм дзяцей, а таксама падлеткавыя злачынствы і правапарушэнні, супрацоўнікі камісій па справах непаўналетніх сумесна з праваахоўнікамі праводзяць рэйды на пляжах Гомельскай вобласці.

Між тым гэтыя праблемы абмеркаваны ў Гомельскім аблвыканкаме ў рэжыме відэаканферэнцыі. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі “Таварыства выратавання на вадзе” Павел Новік адзначае, што падчас летніх канікул многія дзеці нярэдка знаходзяцца без догляду дарослых. Сумнае пацвярджэнне гэтага — трагедыі, якія адбыліся нядаўна з непаўналетнімі на вадаёмах Гомельшчыны. Ля вёскі Маркавічы ў Гомельскім раёне загінуў 15-гадовы падлетак, а 14-гадовы юнак у Хойніцкім раёне атрымаў складаныя траўмы пазваночніка.

— Дзеці ўспрымаюць ваду не як небяспеку, а як месца для гульняў, адпачынку і забаў, — падкрэслівае Павел Новік. — Таму задача дарослых — навучыць іх адказнаму стаўленню да аховы жыцця і здароўя. Нашы супрацоўнікі сумесна з калегамі з іншых зацікаўленых службаў рэгулярна праводзяць рэйды па вадаёмах рэгіёна. У спякотнае надвор’е колькасць прафілактычных мерапрыемстваў будзе толькі павялічвацца. Акрамя таго, на выратавальных станцыях вобласці сістэматычна праходзяць сустрэчы, падчас якіх дзецям нагадваюць правілы бяспечных паво­дзін на вадзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.