У полі зроку застануцца небяспечныя аб’екты і месцы з масавым знаходжаннем людзей

- 10:06Інфармацыйная гадзіна

МНС поўнасцю спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу, паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.

“Мы ўжо забаранілі поўнасцю праверку аб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Сёння пастаўлена задача аператыўна завяршыць праверкі аб’ектаў, якія ўключаны ў каардынацыйны план”, — сказаў Уладзімір Вашчанка.

У полі зроку застануцца выбуховапажаранебяспечныя аб’екты, месцы з масавым знаходжаннем людзей — бальніцы, інтэрнаты, школы, дзіцячыя сады. Уладзімір Вашчанка падкрэсліў, што МНС гатова аказваць дапамогу кіраўнікам аб’ектаў у навядзенні парадку, кансультаваць, праводзіць навучанне, растлумачальную работу. Як і ранней, міністэрства будзе рэагаваць на звароты грамадзян.

Вядзецца работа па скарачэнні работнікаў нагляду. “Пасля заканчэння мінулага года мы амаль трэць работнікаў скарацілі. Вызваленыя рэсурсы будзем накіроўваць на растлумачальную работу, правядзенне заняткаў, усемагчымых акцый, у першую чаргу накіраваных на фарміраванне бяспекі культуры жыццядзейнасці ў нашым грамадстве”, — адзначыў міністр. Супрацоўнікі будуць наведваць сем’і з дзецьмі, састарэлымі грамадзянамі, каб аказаць ім дапамогу, праводзіць растлумачальную работу, а таксама даводзіць да школьнікаў, студэнтаў, рабочых інфармацыю аб тым, да чаго прыводзіць нядбайнасць.

Міністэрства паслядоўна вядзе работу па аптымізацыі патрабаванняў нарматыўных дакументаў у галіне пажарнай і прамысловай бяспекі, іх удасканаленні, прывядзенні да рэальнага жыцця.

Кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў рэкамендавана вывучыць патрабаванні і абавязкі, прапісаныя ў заканадаўстве, якое тычыцца захавання пажарнай бяспекі, проціпажарнага рэжыму. Па просьбе кіраўнікоў прадпрыемстваў супрацоўнікі МНС гатовы прыйсці і аказаць дапамогу пры правядзенні заняткаў, растлумачэнняў патрабаванняў норм, а таксама аказваць іншую падтрымку.