У полымі азарту і весялосці

- 12:19Навіны рэгіёнаў

З агнём не варта жартаваць — гэтаму дзяцей вучаць яшчэ ў дашкольным узросце. Але жартаўліва распавядаць аб правілах бяспекі — цудоўная ідэя. Весела і павучальна прайшла ў Смалявіцкім доме культуры фінальная гульня V абласнога фестывалю КВЗ “Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім”, які сумесна праводзяць Мінскае абласное ўпраўленне МНС, упраўленне адукацыі, упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.

Мэты фестывалю не толькі забавіць моладзь і прапанаваць ёй спосаб цікава праводзіць вольны час, але таксама выхаваць у маладога пакалення культуру бяспечнай жыццядзейнасці. У фінале сустрэліся 10 каманд, якія напярэдадні былі самымі вясёлымі і знаходлівымі на занальным этапе спаборніцтва. Каманды выступалі ў трох конкурсах — “Візітная картка”, “Біятлон” і “Музычнае дамашняе заданне”, а судзілі іх прадстаўнікі ўпраўленняў — арганізатараў фестывалю, а таксама ўдзельнікі мінскай Прэм’ер-лігі КВЗ.
Пераможцай фестывалю стала каманда “Праметэй” з Жодзіна. На другім месцы клецкая каманда “Тушылка-Woman” (у складзе гэтай каманды — толькі дзяўчаты). “Бронзу” атрымала каманда “Бульбаш” са Слуцка.
Любоў Вяжэвіч стала “Міс фестывалю”, яна з’яўляецца ўдзельніцай каманды MOLO.FIRE з Маладзечна — самай юнай каманды на фестывалі. А “Містарам фестывалю” стаў удзельнік жодзінскай каманды “Праметэй” Марк Вялічка. Прыз за лепшы жарт атрымала каманда “Бульбаш”. Таксама журы вызначыла, у якой каманды лепшая група падтрымкі. Высветлілася, што найбольш актыўна “хварэюць” балельшчыкі каманды “Тушылка-Woman”.
На спаборніцтвах было горача, як на пажары, — не раз заўважалі ўдзельнікі фестывалю. І кожны з іх добра ведае, што, на шчасце, полымя азарту і весялосці абсалютна бяспечнае.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены Мінскім абласным упраўленнем МНС Рэспублікі Беларусь.