У пошуках кропак росту

VI з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД — гэта ўнікальная пляцоўка для дыялогу. Важнасць такіх сустрэч увогуле немагчыма пераацаніць. Бо самае распаўсюджанае пытанне, што гучала на секцыйных пасяджэннях і ў кулуарах форуму: “А як у вас?” Гэта быў пошук вопыту, новых ідэй і кропак росту для сябе і сваёй краіны.
Запрашаем нашых чытачоў таксама зазірнуць на настаўніцкі з’езд у Душанбэ і азнаёміцца з лепшым вопытам краін Садружнасці.

Рашэнні на аснове даных

Мадзіна ТЫНЫБАЕВА, прэзідэнт інфармацыйна-аналітычнага цэнт­ра Міністэрства адукацыі і навукі Казах­стана:

“З 2009 года Казахстан, будучы адзі­най такой краінай у Цэнтральнай Азіі, рэгулярна ўдзельнічае ў міжнародных супастаўляльных даследаваннях PISA, PIAAC, TALIS, TIMSS, PIRLS, ICILS. Даныя дазва­ляюць прымаць кіраўніцкія рашэнні і выбудоў­ваць палітыку ў сферы адукацыі.

Напрыклад, удзел краіны ў даследаванні PISA падштурхнуў да распрацоўкі абноўленага зместу адукацыі. Ён планамерна ўкараняецца ў Казахстане з 2016 года. Вынікі даследавання настаўніцкіх галасоў TALIS ляглі ў аснову прынятага ў краіне ў 2019 годзе Закона “Аб статусе педагога”. Закон рэгулюе многія пытанні, звязаныя з нагрузкай і прафесійным функцыяналам настаўнікаў, прадугледжвае даплаты за паслядыпломную адукацыю, вызначае працэс настаўніцтва і інш.

Аднак адным з галоўных механізмаў для прыняцця рашэнняў на аснове даных застаецца Нацыянальная адукацыйная база даных (НАБД). У 2012 годзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы Н.Назарбаева адменены збор ведамаснай статыстыкі Міністэрства адукацыі і навукі на папяровых носьбітах. У той жа год быў ажыццёўлены пераход на НАБД — аўтаматызаваныя бізнес-працэсы па здачы статыстычнай справаздачнасці.

Арганізацыі адукацыі не запаўняюць непасрэдна самі формы. Сістэма пабудавана на пашпартнай аснове, а асобы, адказныя за прадастаўленне справаздачнасці, актуалізуюць звесткі і фіксуюць змены. Сістэма, якая працуе ў рэжыме 24/7, сама бярэ з пашпартоў неабходныя даныя і фарміруе справа­здачнасць па запыце. Пры гэтым застаецца лічбавы след па кожнай маніпуляцыі.

На сённяшні дзень у НАБД зарэгістравана каля 21 тысячы арганізацый адукацыі, знаходзяцца даныя 5,5 млн навучэнцаў і амаль 1 млн супрацоўнікаў ад да­школьнай да вышэйшай адукацыі, уключаючы арганізацыі дадатковай, спецыяльнай адукацыі. Персанальныя даныя абаронены на заканадаўчым узроў­ні.

НАБД інтэгравана з больш чым 100 інфармацыйнымі сістэмамі і аўтаматычна абменьваецца з імі інфармацыяй для верыфікацыі даных і зніжэння памылак ручнога ўводу. Напрыклад, для верыфікацыі кантынгенту даныя заносяцца ў сістэму на падставе індывідуальнага ідэнтыфікацыйнага нумара грамадзяніна з дзяржаўнай базы даных фізічных асоб Рэспублікі Казахстан. Гэта дазваляе не толькі зні­зіць нагрузку на тых, хто запаўняе сістэму (ідэнтычная інфармацыя аўтаматычна капіруецца з іншых інфармацыйных сістэм), але і дазваляе верыфікаваць інфармацыю, забяспечваючы высокую якасць і дакладнасць.

Такім чынам, НАБД дапамагае адсочваць траекторыю руху дзіцяці ад нараджэння да выхаду на рынак працы. Гэта адкрывае шырокія магчымасці для аналізу і прагназавання развіцця сістэмы адукацыі, выкарыстання вялікіх даных для розных мэт, уключэння ў адукацыю элементаў штучнага інтэлекту.

Беларуская дэлегацыя на з’ездзе.

НАБД ужо сёння дазваляе эфектыўна расходаваць бюджэтныя сродкі (падушнае фінансаванне, абавязковае сацыяльнае медыцынскае страхаванне, фандаванне бібліятэк, будаўніцтва і рамонт школ і г.д.), ажыццяўляць планаванне, зыходзячы з рэальных патрэб, забяспечваць павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і інш.

База пастаянна ўдасканальваецца. Убудоўваюцца элементы фарматна-лагічнага кантролю, аўтаматызуюцца некаторыя паказчыкі. Дзяржорганам даступны дэшборды з аб’яднанымі данымі па ўсіх паказчыках базы, а таксама НАБД-Analytics з магчымасцю выгрузкі неабходных даных. Больш за тое, на сайце seda.iac.kz прадстаўлена карта даных, даступная грамадскасці.

НАБД дазваляе фарміраваць справаздачы па запыце дзяржорганаў і міжнародных арганізацый. Штогод на падставе даных НАБД пуб­лікуецца Нацыянальны зборнік “Статыстыка сістэмы адукацыі РК” і Нацыянальны даклад аб стане і развіцці сістэмы адукацыі.

Усім рэгіёнам краіны аказваецца метадалагічная і тэхнічная падтрымка па рабоце з НАБД: працуе адзіны кол-цэнтр для кансультавання, распрацаваны і знаходзяцца ў адкрытым доступе інструкцыі на казахскай і рускай мовах, праводзяцца вучэбныя вэбінары і рэгіянальныя семінары.

Што дае НАБД?

• Настаўнікам — яны перасталі зай­мацца няпрофільнай дзейнасцю, а менавіта рыхтаваць і здаваць справаздачы. Настаўнік вучыць!

• Бацькам — дзякуючы аўтаматызацыі, ім не трэба ездзіць па інстанцыях, збіраць даведкі, стаяць у чэргах, каб іх дзіця прынялі/перавялі ў сад або ў школу.

• Органам кіравання адукацыяй — прадастаўлены даныя для прыняцця аператыўных кіраўніцкіх рашэнняў на кожным узроўні адукацыі”.

Валянціна ГІНЧУК, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі:

“Па выніках з’езда можна адзначыць, што сістэма адукацыі Беларусі развіваецца ў кантэксце агульных тэндэнцый, характэрных для нацыянальных сістэм адукацыі дзяржаў Садружнасці. У прыватнасці, цяпер усе краіны прымаюць меры па стварэнні сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя; працуюць над павышэннем якасці адукацыі, удасканаленнем механізмаў ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў.

Усе краіны, якія прымалі ўдзел у з’ездзе, прызнаюць у якасці адной з найважнейшых задач арганізацыю эфектыўнай выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем. І мне прыемна адзначыць, што вопыт Беларусі ў галіне нарматыўнага прававога і вучэбна-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі атрымаў высокую ацэнку нашых калег з краін Садружнасці”.

Статус педагога

Шалпан КАРЫНАВА, першы віцэ-міністр адукацыі і навукі Казахстана:

“У 2019 годзе ў Казахстане прыняты Закон “Аб статусе педагога”. Ён прадугледжвае комплекс мер, скіраваных на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі.

У рамках закона штогод павышаецца зарплата педагога. Прадугледжаны і новыя віды даплат — за настаўніцтва, за ступень магістра, за выкладанне некаторых прадметаў на англійскай мове, а таксама (з мэтай развіцця фізічнай культуры) за вядзенне спартыўных секцый і інш.

З гэтага года скарачаецца нагрузка педагогаў да 16 гадзін на тыдзень (дагэтуль была 18 гадзін). Сёння настаўнікі не прыцягваюцца да вырашэння задач, якія не адносяцца да іх прафесійнай дзейнасці. За парушэнне правоў педагога законам прадугледжана адказнасць.

Павялічана працягласць працоўнага адпачынку для ўсіх катэгорый педагагічных работнікаў з 42 да 56 дзён.

Распрацавана новая празрыстая сістэма прызначэння кіраўнікоў устаноў адукацыі. Укаранёны інстытуты папячыцельскіх саветаў і саветаў дырэктараў на ўсіх узроўнях адукацыі.

Распрацаваны кваліфікацыйныя патрабаванні па прыёме педагогаў на работу, з гэтага года на конкурснай аснове. Укаранёны механізмы ратацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі і сістэма атэстацыі першых кіраўнікоў.

У Казахстане забяспечана бесперапыннае прафесійнае развіццё педагога. Распрацаваны прадукты, праграмы для метадычнага суправаджэння маладых педагогаў, іх настаўнікаў.

Штогод пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Лепшы педагог” атрымліваюць каля 7 тысяч долараў. Сёлета гэтую ўзнагароду атрымалі 64 педагогі дашкольнай, сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

З 2020 года для павышэння прывабнасці педагагічнай прафесіі ва ўніверсітэтах павышана стыпендыя студэнтам педагагічных спецыяльнасцей. Яна самая высокая сярод усіх спецыяльнасцей, якія ёсць ва ўстановах адукацыі Казахстана.

Фарміраванне ўніверсальных кампетэнцый, гібкіх навыкаў дзяцей ажыццяўляецца ў Казахстане пачынаючы з да­школьнага ўзросту. Распрацавана новая мадэль дашкольнай адукацыі. Ініцыіравана стварэнне Інстытута ранняга развіцця дзяцей. Укаранёна сістэма незалежнай нацыянальнай ацэнкі. Сёння на ўзроўні міжнародных стандартаў у краіне паспяхова працуе Назарбаеў Універсітэт і 20 Назар­баеў Інтэлектуальных школ.

Сістэма сярэдняй адукацыі цалкам перайшла на абноўлены змест адукацыі, якая развівае функцыянальную пісьменнасць навучэнцаў. Мы арыентуемся на гуманізацыю адукацыі і ўспрымаем кожнае дзіця як найвышэйшую сацыяльную каштоўнасць.

Сёлета ў Казахстане ўпершыню прынята канцэпцыя бесперапыннай адукацыі, якая ўключае ў сябе развіццё фармальнай і нефармальнай адукацыі. З 5 па 11 клас уво­дзіцца цыкл курсаў “Глабальныя кампетэнцыі”. У рамках яго вывучаюцца “Добрапрыстойнасць і этыка”, “Экалогія”, “Эмацыянальны інтэлект і крытычнае мысленне”, “Медыяадукацыя”, “Свецкасць і асновы рэлігіязнаўства”, “Асновы прадпрымальніцтва і бізнесу”. Укаранёны праект “Школа, якая чытае”.

Беспрэцэдэнтная падтрымка дзяржавай сістэмы адукацыі станоўча ацэнена педагагічнай грамадскасцю краіны і дазволіла падняць якасць адукацыі на новы ўзровень”.

Беларуская дэлегацыя ў студэнцкім гарадку Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта.

Адукацыя ў перыяд пандэміі

Надзіра ДЖУСУПБЕКАВА, намес­нік міністра адукацыі і навукі Кыргыз­стана:

“Кыргызстан у перыяд пандэміі праводзіў палітыку, скіраваную на забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі. Мы змаглі перавесці ўсе ўстановы адукацыі на дыстанцыйны фармат, забяспечыўшы вучэбны працэс неабходнымі лічбавымі матэрыяламі.

Ужо да канца 2020 года было знята больш як 7 тысяч відэаўрокаў, прычым частка з іх — з сурдаперакладам. Створана адукацыйная платформа, дзе аб’яднаны ўсе відэаўрокі, а таксама размешчаны спасылкі на іншыя рэсурсы: электронныя бібліятэкі і электронныя слоўнікі, платформу для падрыхтоўкі выпускнікоў да агульнарэспубліканскага тэсціравання і інш. На платформе размешчана 776 алічбаваных падручнікаў для школ з кіргізскай, рускай, узбекскай і таджыкскай мовамі навучання.

Прафесійныя ліцэі, каледжы і ўніверсітэты размясцілі кантэнт па дысцыплінах, якія выкладаюцца: вучэбна-метадычныя комплексы, тэксты лекцый, заданні для праходжання прамежкавага кантролю і іншыя матэрыялы.

Назапашаны падчас пандэміі вопыт,  рэз­ка паскорыў лічбавізацыю ў сістэме адукацыі і даў магчымасць ацаніць плюсы і мінусы дыстанцыйнага навучання. Важным дасягненнем мы лічым асваенне большасцю настаўнікаў розных платформ і электронных сродкаў. Гэта дазволіць у далейшым, разумна спалучаючы традыцыйны фармат навучання і выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, забяспечыць устойлівасць сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях.

Кыргызстан актыўна развівае шматмоўнае навучанне. У гэтай парадыгме працуюць многія дзіцячыя сады і школы. Зараз у праграму ўключыліся пяць універсітэтаў, студэнты педагагічных спецыяльнасцей вывучаюць методыку шматмоўнай адукацыі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.