У пошуках прызвання

У сярэдняй школе № 8 Слоніма адбыўся семінар-практыкум, на якім вопыт работы прадставілі сярэднія школы № 8 Слоніма, № 3 Ваўкавыска і Іўеўская сярэдняя школа — удзельнікі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

У семінары-практыкуме прынялі ў­дзел прадстаўнікі эксперыментальных пляцовак, школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гро­дзенскай вобласці, у якіх адкрыты педагагічныя класы і групы; намеснікі дырэктараў слонімскіх устаноў адукацыі, а таксама кіраўнік эксперыментальнага праекта, начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандра Валянцінаўна Пазняк.

Удзельнікі семінара-практыкуму маглі азнаёміцца з матэрыяламі выставы “У пошуках прызвання” з вопыту работы сярэдняй школы № 8 Слоніма, а таксама сістэмай работы школы па рэалізацыі праекта дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў 5—9 класаў і педагагічнай прафілізацыі навучэнцаў педагагічных класаў. Яркім працягам прэзентацыі стала выступленне педкласаўцаў.

Факультатыўныя заняткі “Сямейная педагогіка” ў 7 класе па тэме “Гнеў і раздражняльнасць” правяла настаўніца рускай мовы і літаратуры cярэдняй школы № 3 Ваўкавыска Вольга Сяргееўна Копран, факультатыўныя заняткі “Вучыся вучыцца” ў 5 класе па тэме “Разумовая творчасць. Энергетыка розуму” — педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 8 Слоніма Аксана Мікалаеўна Брайчук. З прынцыпамі дыдактычнай шматмернай тэхналогіі пры рэалізацыі праграм факультатыўных заняткаў у рамках дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі ўдзельнікі семінара азнаёміліся на майстар-класе намесніка дырэктара Іўеўскай сярэдняй школы Алены Уладзіміраўны Карэнда.

Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства былі і вучні нашай школы. Навучэнцы 8 “Б” класа сумесна з класным кіраўніком Ірынай Мікалаеўнай Бараноўскай і настаўнікамі-прадметнікамі прадставілі вынікі работы над творчым праектам “PRO педагога”.

Прафарыентацыйны квест “У пошуках будучыні” пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага Аксаны Міхайлаўны Камаровай правялі навучэнцы 10 і 11 класаў педагагічнага атрада “Маяк” сумесна з удзельнікамі факультатыўных заняткаў “Пазнай сябе” (6 клас). Не засталіся ўбаку і навучэнцы малодшых класаў. Яны чарговы раз падкрэслілі важнасць і значнасць настаўніцкай прафесіі, прадставіўшы на суд гледачоў свой даследчы праект “Прафесія настаўніка ўчора, сёння, заўтра”.

Завяршыўся семінар прэзентацыяй творчага праекта “Настаўнік 2024 года” — паказам моднай калекцыі дызайнерскага калектыву навучэнцаў педагагічных класаў.

Падводзячы вынік семінара, кіраўнік праекта А.В.Пазняк адзначыла, што эксперыментальныя пляцоўкі перадалі галоўную ідэю дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі, паказалі, як можна забяспечваць педагагічную прафілізацыю адукацыйнага працэсу не толькі праз факультатыўныя заняткі, але і праз рэалізацыю творчых ініцыятыў.

Ірына ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Слоніма.