У пошуках рэцэпта балансу

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі паўгода ўжо рэалізоўваецца праект Еўрапейскага саюза пад назвай “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”. Асноўнымі партнёрамі замежных калег выступаюць нашы Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Пытанне збалансаванасці паміж прапановай сістэмы прафесійнай адукацыі і патрэбнасцямі рынку працы стала глабальным і хвалюе сёння многія еўрапейскія краіны. Рэспубліка Беларусь таксама ўключана ў працэсы, якія сёння адбываюцца ў дасягненні балансу попыту і прапановы ў падрыхтоўцы кадраў для эфектыўнага развіцця эканомікі, паляпшэння працаўладкавання насельніцтва, павышэння якасці і прывабнасці сістэмы прафесійнай адукацыі. Гэтай тэме была прысвечана сустрэча міжнародных экспертаў праекта і прадстаўнікоў СМІ пад назвай “Узгадненне патрэбнасцей эканомікі з магчымасцямі сістэмы адукацыі: тэндэнцыі ў свеце і Беларусі”.

Праект, які нядаўна распачаўся ў Беларусі і які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, накіраваны на адаптацыю сістэмы прафесійнай адукацыі пад патрэбнасці сучаснага рынку працы і ахоплівае вядучыя сектары эканомікі: машынабудаванне, будаўніцтва, сферу абслугоўвання. Ён прадугледжвае правядзенне каля 115 мерапрыемстваў па ўсіх абласцях Беларусі.

— У праект уваходзяць тры кампаненты, — паведаміла кіраўнік праекта Леа Ора (Эстонія). — Першы з іх тычыцца Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. — У рамках праекта, які будзе рэалізоўвацца да 2021 года, мы аказваем садзейнічанне беларускім партнёрам у распрацоўцы гэтай сістэмы для Беларусі. (Як вядома, сёння ў нашай краіне вядзецца актыўная работа па стварэнні НСК, дзе задзейнічаны адпаведныя міністэрствы і ведамствы.)

Важнай часткай праекта з’яўляецца супрацоўніцтва з работадаўцамі па стварэнні прафесійных стандартаў, дзе будуць улічаны запыты заказчыкаў кадраў. У рамках праекта мяркуецца распрацаваць 45 прафесійных стандартаў, якія стануць асновай для распрацоўкі новых адукацыйных стандартаў і ў далейшым вучэбных планаў і праграм. Для таго каб мадэрнізаваць змест адукацыі, у 12 пілотных установах прафесійнай адукацыі ў розных рэгіёнах Беларусі стандарты знойдуць прымяненне і будуць апрабаваны.

Па сутнасці, гэтай рабоце прысвечаны другі кампанент праекта, які тычыцца якасці прафесійнай адукацыі. У пілотных установах будзе ўкараняцца новая вучэбна-праграмная дакументацыя, створаная на аснове прафесійных стандартаў, дзе закладзена інфармацыя, якая паступае з рынку працы. Гэты кампанент прадугледжвае не толькі мадэрнізацыю зместу прафесійнага навучання, пастаўку адпаведнага абсталявання і ўвогуле ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы пілотных устаноў, але і аказвае садзейнічанне кіраўніцтву і педагогам у павышэнні іх кваліфікацыі. З гэтай мэтай будуць праводзіцца вучэбныя семінары, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Яны накіраваны ў тым ліку на павышэнне інфармаванасці насельніцтва Беларусі аб сістэме прафесійнай адукацыі, а таксама ўзняцце яе іміджу на больш высокі ўзровень у маладзёжным асяроддзі і сярод дарослых, якія выказалі намер атрымаць рабочую прафесію ці пажадалі павысіць сваю кваліфікацыю.

— Вывучэнне рынку працы вызначае трэці кампанент праекта, — паведаміла яго ключавы эксперт Ніоле Дзілбіене (Літва). — Галоўнай рухаючай сілай для развіцця эканомікі кожнай краіны з’яўляюцца работадаўца, яго запыты і намеры, таму, безумоўна, мы павінны трымаць пад самай пільнай увагай рынак працы, вывучаць патрэбы заказчыкаў кадраў як адносна колькасці працоўных рэсурсаў, так і адносна таго, якімі прафесійнымі кваліфікацыямі яны павінны валодаць, каб якасна і эфектыўна выконваць сваю працу.

Распрацоўваецца і апрабоўваецца методыка даследавання рынку працы па прагназаванні патрэбы ў адпаведных кваліфікацыях. Гэта дазволіць не толькі вывучыць попыт на кваліфікацыі сучаснага рынку працы, але і апярэдзіць сітуацыю па недахопе кваліфікаваных кадраў, які можа ўзнікнуць у перспектыве.

Прадугледжваецца правядзенне мерапрыемстваў, скіраваных на развіццё і мадэрнізацыю інфармацыйнай сістэмы рынку працы. Як заўважыла Ніоле Дзілбіене, у Беларусі існуе шмат крыніц інфармацыі пра рынак працы, але няма адзінай інфармацыйнай сістэмы, якая дазваляла б збіраць усю паступаючую інфармацыю ў адзіны рэсурс, каб яна дасканала вывучалася і на аснове гэтага былі зроблены кароткатэрміновы прагноз і прагноз на далёкую перспектыву па забеспячэнні кадрамі той ці іншай галіны.

Трэці кампанент праекта прадугледжвае пілотнае пробнае прагназаванне рынку працы Беларусі на 5 і 10 гадоў.

У ходзе рэалізацыі трэцяга кампанента праекта будуць праводзіцца даследаванні ў прафарыентацыйнай рабоце, у тым, як грамадзяне арыентуюцца на рынку вакансій, якія прафесіі выбіраюць. Будзе даследаваны шлях маладых людзей, выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі, у тым, як яны пачынаюць сваё працоўнае жыццё, як уладкоўваюцца на першым рабочым месцы, наколькі іх задавальняе выбраная прафесія.

Важна адзначыць, што праект рэалізоўваецца пад эгідай стратэгіі навучання на працягу ўсяго жыцця, якая мае на ўвазе ў тым ліку ўдасканаленне прафесійных навыкаў па той ці іншай прафесіі, што ў канчатковым выніку дазваляе быць запатрабаваным на рынку працы на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці чалавека. У рамках праекта мяркуецца праводзіць вучэбныя семінары аб балансе рынку працы, на якія будуць запрашацца прадстаўнікі ўсіх задзейнічаных міністэрстваў і іх рэгіянальных падраздзяленняў, а таксама цэнтраў занятасці.

Міжнародны эксперт Канстанцін Лучыян Пержоль (Германія) падкрэсліў, што стварэнне балансу попыту і прапановы з’яўляецца праблемай для кожнай краіны, даць дакладны рэцэпт у гэтым ніхто не зможа.

— Але трэба імкнуцца да гэтага, інакш будзе няпроста развіваць эканоміку, — адзначыў эксперт. — Дасягнуць збалансаванасці ў падрыхтоўцы кадраў згодна з патрэбамі эканомікі сёння, як ніколі, вельмі цяжка. Раней эканоміцы краін была ўласціва большая стабільнасць, чым цяпер. Сёння ж настолькі хутка развіваюцца новыя тэхналогіі, высокатэхналагічная вытворчасць, узяты курс на лічбавую эканоміку і яе інтэлектуалізацыю, што будзе яшчэ цяжэй адсочваць і дакладна падлічваць, якіх і колькі трэба кадраў.

Сёння ў асноўным прычынамі дысбалансу нацыянальнай эканомікі з’яўляюцца адсутнасць каардынацыі дзеянняў паміж адпаведнымі структурамі і недастатковае ўзаемадзеянне на розных узроўнях, пачынаючы ад галіновага міністэрства і заканчваючы канкрэтным прадпрыемствам. Міністэрства эканомікі павінна распрацоўваць стратэгію развіцця той ці іншай галіны, і згодна з гэтым прадпрыемству або арганізацыі неабходна ажыццяўляць кадравую палітыку. Прамысловыя асацыяцыі, прафесійныя супольнасці работнікаў таксама павінны быць задзейнічаны ў гэтых працэсах па збалансаванасці попыту і прапановы на рынку працы.

Гаворачы аб прычынах дысбалансу на рынку працы, Канстанцін Лучыян Пержоль закрануў тэму глабальнага пераходу да грамадства ведаў. Сёння ў краінах імкліва развіваецца акадэмізацыя ў адукацыі, калі большая частка грамадзян імкнецца атрымаць акадэмічныя веды, а не засвоіць прафесійныя навыкі па той ці іншай спецыяльнасці. Канечне, атрыманне вышэйшай адукацыі мае станоўчае значэнне для развіцця асобы чалавека, але ж нясе негатыўную тэндэнцыю ў эканамічным плане і, па сутнасці, выклікае дысбаланс паміж падрыхтоўкай кадраў і патрэбамі рынку працы. Калі ўсе пойдуць ва ўніверсітэты, то хто будзе выбіраць рабочыя прафесіі?

— Гэтае і многія іншыя пытанні, якія тычацца збліжэння рынку працы і рынку адукацыйных паслуг, актуальныя і для Беларусі, — адзначыў А.В.Токун, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. — Слухаючы меркаванні калег з еўрапейскіх краін, яшчэ раз пераконваешся, што дакладных механізмаў па стварэнні балансу попыту і прапановы ў падрыхтоўцы кадраў пакуль не распрацавана. Тым больш значнай з’яўляецца падтрымка нашай краіны з боку Еўрапейскага саюза, якую мы адчуваем пры рэалізацыі гэтага праекта.

Алег Валер’евіч выказаў спадзяванне, што гэтае супрацоўніцтва дазволіць нашым краінам вырашыць пытанне па ўзгодненасці патрэб эканомікі з магчымасцямі сістэмы адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.