Аднойчы ў вёсцы каля Гродна ішла падрыхтоўка да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня. Веснавое паветра разносіла цудоўны пах святочных прысмакаў, у кожнай хаце старанна фарбавалі яйкі. І ўсё было б як заўсёды, каб не адно здарэнне… Гэта не дэтэктыўная гісторыя. Так пачынаецца першая з цыкла абрадавая пастаноўка тэатра сярэдняй школы № 36 Гродна аб прыгодах англічаніна Джона на Гродзеншчыне. Ён прыехаў да свайго дзядзькі-паляка, дзе пазнаёміўся з яго беларускай суседкай бабкай Павучыхай, неўзабаве загаварыў па-польску, пасябраваў з мясцовымі хлопцамі.
Разам з Джонам глядач пазнае традыцыі Вялікадня, святкавання Дня Святога Андрэя, Кусакаў, Паўпосця і, урэшце, перажывае наконт таго, ці ажэніцца Джон з мясцовай дзяўчынай Баськай або вернецца ў сваю Брытанію.
Ці магчыма ўявіць сабе такую сітуацыю? З верагоднасцю да 99,9 працэнта так, калі жывеш на Гродзеншчыне! І яшчэ больш, калі вучышся ў сярэдняй школе № 36 Гродна з польскай мовай навучання. Амаль 20 гадоў яна існуе ў адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь. Створаная, каб задаволіць запатрабаванні польскай меншасці ў нацыянальнай адукацыі і выхаванні, наша школа з цягам часу ператварылася ў асяроддзе польскай мовы і культуры не толькі для палякаў, але і для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. У чым сакрэт прывабнасці нашай школы? Мы лічым, што справа ў падыходзе да выхавання. Менавіта праз усе этапы развіцця асобы дзіцяці — Маё я — Мая сям’я — Мая школа — Мая Радзіма — рэалізуецца прынцып: выхаванне і адукацыя павінны садзейнічаць таму, каб дзіця, з аднаго боку, усвядоміла свае карані, акрэсліла месца, якое яно займае ў сучасным свеце, а з другога — адчула павагу да іншых культур. У гэтым сэнс полікультурнага выхавання.
Вялікай каштоўнасцю кожнага народа з’яўляецца тое, чым ён адрозніваецца ад іншых. І вельмі добра, калі культура іншага народа выклікае цікавасць і жаданне пазнаць яе. Таму прыярытэтам для нашай установы адукацыі з’яўляецца пазнанне і засваенне польскіх і беларускіх нацыянальных традыцый. З любой культурай лепш знаёміцца ў сістэме: фальклор, традыцыі і звычаі, гісторыя, дойлідства і рамёствы, тэатр, літаратура, музыка і мастацтва, кухня.
Вядома, каб матываваць моладзь да актыўнага засваення ведаў аб культуры, трэба шукаць цікавыя і разнастайныя сродкі. Перш за ўсё трэба адзначыць, што іх вялікае мноства: рамесныя майстар-класы і выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, заняткі па харэаграфіі і канцэрты, ілюстраванне любімых вершаў і чытанне вершаў пад музыку (рэп — хіт мінулага навучальнага года!), народныя гульні і кірмашы, конкурсы, прэзентацыі, фестывалі талентаў, экскурсіі і музейныя заняткі і г.д.
Але справа не ў колькасці, а ў якасці форм і метадаў полікультурнага выхавання. Больш складана, але значна цікавей, калі дзеці даведаюцца (лепш ад бабуль і дзядуляў), які сэнс нашы продкі ўкладвалі ў традыцыю сустрэчы вясны, якія песні спявалі, якія заклічкі гаварылі; калі разам з бацькамі зробяць саламяную ляльку Мажанну накшталт той, што паляць на праваслаўную Масленіцу, а потым усе разам спаляць ці ўтопяць ляльку 21 сакавіка за школай.
Альбо ўзяць іншы прыклад — беларускі кірмаш ці свята польскага печыва, якое ладзіцца ў нас з нагоды Дзён польскай культуры. Дарэчы, нацыянальная кухня — гэта самы “смачны” сродак полікультурнага выхавання, праз які дзеці далучаюцца не толькі да свету гатавання, але і да агульначалавечых каштоўнасцей (дзяліцца, больш даваць, чым браць, дзякаваць, шанаваць ежу і г.д.). Вядома ж, усе любяць смачна паесці, але наколькі адрозніваюцца звычаі ў ежы! Гэта ж якое поле дзейнасці для дзяўчынак і хлопцаў, каб даведацца ад бабуль і матуль пра сакрэтныя рэцэпты, навучыцца гатаваць, а потым падзяліцца стравамі, зрабіць кнігу рэцэптаў!
Адным з найбольш універсальных сродкаў полікультурнага выхавання з’яўляецца тэатр, асабліва абрадавыя пастаноўкі. З пачатку існавання школы, акрамя ўжо вядомага Джона з Вялікабрытаніі і яго культуразнаўчых вандровак па Гродзеншчыне, з якіх пачаўся гэты артыкул, нашы вучні пазнаёміліся з героямі абрадаў “Падказёлак”, “Бабскі цомбар”, “Мажанна і Гаік”. У вёсцы заўсёды жыццё кіпіць, таму Каські, Зэнкі, Баські ды Уладкі ў выкананні вучняў розных класаў праз народныя песні, танцы, жартачкі ды свавольствы (у тым ліку імправізаваныя!) з задавальненнем гэтае жыццё пражываюць на сцэне школы і з гонарам атрымліваюць узнагароды за выступленні на гарадскім фестывалі нацыянальных свят і абрадаў.
Важным інтэграцыйным сродкам полікультурнага выхавання з’яўляецца сямейнае свята. Канечне, на працягу школьнага жыцця ладзяцца розныя святы (“Пасвячэнне ў першакласнікі”, “Студнёўка”, “Выпускны баль”), але найбольш любімымі застаюцца “Калядныя сустрэчы”. Пачынаючы ад дня Святога Мікалая (6 снежня), калі дзеці атрымліваюць салодкія падарункі (пра розгі за дрэнныя паводзіны таксама памятаюць!), усе яны разам з бацькамі і настаўнікамі жывуць чаканнем і падрыхтоўкай да Каляд. Напярэдадні каталіцкага Божага Нараджэння ў кожным класе дзеці паказваюць калядны спектакль — “ясэлкі”, а потым шчыра жадаюць дабра, здароўя, шчасця і дзеляцца з бацькамі і настаўнікамі аплаткамі, спяваюць калядкі і частуюцца каляднымі поснымі стравамі. Не важна, што не ўсе нашы навучэнцы каталіцкага веравызнання, важна, што ў гэты час усе бацькі — католікі, праваслаўныя, мусульмане — побач са сваімі дзецьмі.
Краязнаўчая работа, вывучэнне твораў славутых пісьменнікаў, музыкантаў у спалучэнні з экскурсіямі ў месцы іх нараджэння, жыцця і творчасці, акрамя зацікаўленасці, даюць пачуццё гонару за тое, што культурная і гістарычная спадчына Гродзеншчыны з’яўляецца неад’емнай часткай сусветнай культуры (Адам Міцкевіч і Навагрудак, Эліза Ажэшка і Міневічы, Багатырэвічы, Чэслаў Неман і Старыя Васілішкі і г.д.).
У сувязі з гэтым нельга не ўзгадаць таго, хто сваім жыццём і творчасцю, адданасцю і любоўю да Радзімы служыць прыкладам і беларусам, і палякам. Літаратурная спадчына нашага славутага земляка паэта Адама Міцкевіча натхніла настаўнікаў польскай мовы на стварэнне літаратурна-музычнага спектакля “Пахі, колеры і гукі ў “Пане Тадэвушы”. Чытанне Адама Міцкевіча на польскай і беларускай мовах — гэта таксама яскравы прыклад выкарыстання міжпрадметных сувязей.
Наша школа праз шматлікія формы полікультурнага выхавання дапамагае дзецям адшукаць і дакрануцца да вялікага скарбу, з якога пачынаецца любоў да Радзімы.
Вольга ПЕРАГІНЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання.