У пошуках таямніц бяспекі

Школа чакае гасцей і летнім спякотным днём. Калі хто аматар рухомых гульняў — калі ласка, на стадыён, каму даспадобы ўдумлівае чытанне — запрашае інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, калі ж вам бліжэй віктарыны і практыкумы, прадугледжаны і такі варыянт правядзення часу.

Арганізатары мерапрыемстваў нашай Навасёлкаўскай базавай школы імкнуцца спалучыць карысць і займальнасць. Гуляючы, удзельнікі развіваюць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці.

Адным канікулярным днём усіх зацікаўленых аб’яднаў квэст “Таямніцы бяспекі”. Такая форма апошнім часам стала асабліва папулярная. Квэст дае магчымасць адчуць авантурызм, спатоліць прагу прыгод. Тэматыка была выбрана невыпадкова: установы адукацыі зацікаўлены ў падтрыманні бяспекі падчас летніга адпачынку, таму напамін аб прапісных ісцінах ніколі не будзе лішні.

Удзельнікі падзяліліся на дзве каманды і атрымалі маршрутныя лісты. З запалам узяліся праходзіць вызначаныя этапы. Заданні патрабавалі кемлівасці, логікі, ведаў. Спачатку неабходна было расшыфраваць таямнічы прадмет, потым знайсці яго і выканаць шэраг дзеянняў. Напрыклад, дзеці вызначылі, што мелася на ўвазе пад наступнай характарыстыкай: “прыстасаванне ўяўляе сабой скрынку чырвонага колеру і дапамагае абвясціць аб пажары, аўтаматычна дае сігнал выратавальнікам”. А затым падлічылі колькасць такіх памочнікаў на тэрыторыі будынка школы.

Не сустрэлі цяжкасцей каманды пры адгадванні памяшкання, якое з’яўляецца месцам захавання інфармацыі: як папяровай, так і віртуальнай. Пры наведванні бібліятэкі замовілі штомесячнае выданне аб бяспецы. Трапілі і ў зашыфраваны пакой, дзе сканцэнтраваны крыніцы пошуку інфармацыі на адлегласці, — камп’ютарны кабінет. І адсюль зайшлі на адрасы патрэбных сайтаў. Давялося паламаць галаву пры рассакрэчванні таямнічага нябачнага рэчыва, што дапамагае нам рыхтаваць гарачую ежу, але калі яно трапіць у паветра — чакай бяды. Гэта прыродны газ. Затым шлях прывёў да тэматычнага стэнда.

Пры падвядзенні вынікаў улічвалася хуткасць і якасць выканання заданняў. Вядучы параўноўваў адказы каманд і агучваў правільныя варыянты. Ніхто не застаўся без узнагарод, але галоўным набыткам усё ж сталі навыкі бяспечнай жыццядзейнасці.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.