У пошуках вытокаў

- 12:30Адукацыйная прастора, Рознае

Апошнія гады ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь усё часцей агучваюцца ідэі адраджэння духоўнасці беларускага народа і аднаўлення культурных традыцый. Рэалізацыі гэтых ідэй спрыяе шэраг мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і дзяржаўных органаў у сферы адукацыі. Чарговая сустрэча двух бакоў супрацоўніцтва адбылася ў чацвер у Мінску. Тэмай канферэнцыі стала адраджэнне праваслаўнай адукацыі ў Беларусі.

Шырокі спектр супрацоўніцтва

Знаёмства навучэнцаў з асновамі праваслаўнай культуры на ўзроўні звестак і ўяўленняў пачынаецца яшчэ ў пачатковай школе, калі дзеці чытаюць невялічкія замалёўкі пра такія святы, як Ражджаство Хрыстова, Вялікдзень. Больш падрабязна з верай продкаў дзеці знаёмяцца ў 4 класе пры вывучэнні курса “Мая Радзіма — Беларусь” і на ўроках музыкі: у новую праграму прадмета ўведзена тэма “Музыка ў царкве і касцёле”. Гісторыя хрысціянства вывучаецца і ў старшых класах на ўроках гісторыі.
Акрамя таго, рэлігійная тэматыка ў той ці іншай ступені прысутнічае ў шэрагу прапанаваных для агульнаадукацыйных устаноў факультатыўных курсаў: “Асновы культуралогіі”, “Культура і рэлігія” і іншых. Навукова-метадычным саветам Цэнтра праблем выхавання Нацыянальнага інстытута адукацыі адобрана і рэкамендавана для выкарыстання ва ўстановах адукацыі праграма факультатыўнага курса для навучэнцаў старшых класаў “Асновы праваслаўнай маральнасці” Слонімскага духоўнага вучылішча. Такія факультатывы дзейнічаюць у школах Лідскага, Навагрудскага, Слонімскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага, Смаргонскага, Ашмянскага, Астравецкага раёнаў Гродзенскай вобласці.
Поўную карціну двухбаковага супрацоўніцтва прадставіў епіскап Барысаўскі Веньямін (Тупека) — кандыдат багаслоўя, дацэнт Мінскай духоўнай епархіі. Так, ён адзначыў, што ў выхаваўчым працэсе агульнаадукацыйных устаноў Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў па выхаванні дзяцей і навучэнскай моладзі на праваслаўных традыцыях беларускага народа, якія атрымалі грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі. Вядзецца сумесная работа органаў адукацыі і адпаведных структур Беларускай Праваслаўнай Царквы па матэрыяльнай і духоўна-маральнай падтрымцы дзяцей з малазабяспечаных, нядобранадзейных сем’яў, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-сірот. Арганізуецца сумесная работа псіхалагічных службаў, сацыяльных педагогаў устаноў адукацыі і праваслаўных прыходаў па прафілактыцы дэвіянтных паводзін навучэнцаў, правапарушэнняў і злачынстваў у маладзёжным асяроддзі. Пытанні праваслаўнага выхавання і адукацыі ўкараняюцца і праз эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць ўстаноў. Сярод іх эксперыментальны праект “Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа” і інавацыйны праект “Укараненне праграм “Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў і малодшых школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. Эксперыментальныя і інавацыйныя праваслаўныя групы былі адкрыты ў шэрагу дашкольных устаноў Мінска, Кобрына, Жодзіна, Гомеля, Віцебска, Бабруйска, Рагачова, Гродна, Магілёва, Барысава. У школах Бабруйска, Любані, Жыровіцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна дзейнічаюць праваслаўныя класы. Па дзве адукацыйныя ўстановы адкрылі на сваёй базе праваслаўныя класы ў Жодзіне, Оршы, Віцебску і Гомелі. І амаль 30 устаноў краіны адкрылі класы і групы без статусу эксперыментальных і інавацыйных пляцовак.
Пры падтрымцы Мінгарвыканкама ва ўсіх раёнах сталіцы праходзілі мерапрыемствы для моладзі: “Зямля бацькоў — мой бацькоўскі дом”, “Запаветы дабрыні”, экскурсіі па турыстычных маршрутах “Мінск праваслаўны”, дзіцячыя і маладзёжныя святы “Няхай заўсёды свеціць сонца!”, “Квітней, мой горад родны!”, выстава вясельных фотаздымкаў “Шчаслівыя разам” і іншыя.
Намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Міхайлаўна Вялікая адзначыла, што з 2012 года ў сталіцы пачалі дзейнічаць рэсурсныя цэнтры па 12 кірунках. Напрыклад, рэсурсны цэнтр сярэдняй школы № 136 актыўна супрацоўнічае з прыходам у гонар іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых радасць”. У рамках гэтага супрацоўніцтва быў створаны клуб “Вытокі” пад кіраўніцтвам протаіерэя Алега Шульгіна, арганізавана акцыя “Анёл міласэрнасці”, аказваецца дапамога дзіцячаму дому ў вёсцы Чэхаўшчына і рэспубліканскаму рэабілітацыйнаму цэнтру дзяцей-інвалідаў. З 2004 года заключаны трохбаковы дагавор аб супрацоўніцтве на тэрмін 10 гадоў паміж прыходам “Храма ў гонар усіх святых”, упраўленнем адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска і сталічнай сярэдняй школай № 137 імя П.М.Машэрава. У рамках гэтага дагавора на базе Дома міласэрнасці пачалі дзейнічаць класы з вывучэннем факультатыўнага курса “Асно-вы праваслаўнай культуры” (1—4 класы), у якіх штогод вучыцца па 80 чалавек.
Вельмі актыўна рэалізуецца праграма супрацоўніцтва ў Мінскай вобласці. Так, на базе Мінскага дзяржаўнага абласнога вучэбна-метадычнага кабінета створаны абласны кансультацыйны цэнтр, на базе кабінетаў духоўна-маральнага выхавання гімназіі № 1 Жодзіна і сярэдняй школы № 24 Барысава — рэгіянальныя кансультацыйныя цэнтры па праблемах духоўна-маральнага выхавання на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Нядаўна былі праведзены абласны фестываль па духоўна-маральным выхаванні “Вытокі” і конкурс работ навучэнцаў вобласці па гісторыі праваслаўя “Вялікія святыні маленькіх мястэчак”.
Адным з перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва епіскап Барысаўскі Веньямін назваў адкрыццё праваслаўных летнікаў. Як прыклад ён прывёў праваслаўны аздараўленчы лагер “Дружба” ў гонар іконы Божай Маці “Выхаванне” ў Віцебскай епархіі. Штогод у ім праходзіць аздараўленне каля 400 чалавек.
“Пытанні духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі абмяркоўваюцца на сумесных навуковых і багаслоўскіх канферэнцыях, такіх як Свята-Ефрасіннеўскія педагагічныя чытанні, Кірыла-Мяфодзьеўскія і Свята-Міхайлаўскія чытанні,— гаворыць епіскап Веньямін. — Гэтыя мерапрыемствы дазваляюць не толькі весці дыялог паміж прадстаўнікамі свецкіх і царкоўных інстытутаў адукацыі і навукі, але і абменьвацца вопытам выхавання навучэнцаў, фарміраваць адзіныя падыходы да вырашэння праблем выхавання падрастаючага пакалення. А сёлета стартуе новы праект “Калядныя чытанні”, прысвечаны адукацыі. Гэтая канферэнцыя будзе праводзіцца штогод напрыканцы снежня, і на ёй будуць разглядацца ўсе лепшыя напрацоўкі ў сферы адукацыі, якія ў студзені будуць прадстаўлены на аналагічнай міжнароднай канферэнцыі ў Маскве, што дазволіць знаёміцца з адукацыйнымі праектамі іншых краін”.

Свецкі характар адукацыі не выключае ўзаемадзеяння з царквой

Галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем выхавання асобы Нацыянальнага інстытута адукацыі Аляксандр Сяргеевіч Лапцёнак адзначыў, што рэлігійная адукацыя маецца не толькі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, але і на ўзроўні вышэйшай адукацыі: інстытут тэалогіі БДУ і кафедра пры гістарычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. У краіне вядзецца работа і над факультатывам “Асновы рэлігіязнаўства”. У рамках інавацыйных праектаў Аляксандр Сяргеевіч назваў “Укараненне мадэлі фарміравання культуры чытання навучэнцаў”, які рэалізоўваўся на базе гімназіі № 6 Гродна, гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны ў Мінску і некаторых іншых. Па яго словах, унікальнасць гэтага праекта ў тым, што вялікая ўвага ўдзялялася фарміраванню асобы навучэнца на аснове Евангелля і Бібліі ў цэлым. У рамках гэтага праекта была падрыхтавана хрэстаматыя, якая выкарыстоўваецца ў вучэбным працэсе, падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Удалы вопыт узаемадзеяння Праваслаўнай царквы і Міністэрства адукацыі абумоўлены правядзеннем канкрэтных мерапрыемстваў. Напрыклад, канферэнцый, якія арганізуе прыход Барысава і іерэй Сергій Башкіраў для настаўнікаў раёна, падчас якіх абмяркоўваюцца пытанні выхавання дзяцей, умацавання сям’і, дэмаграфічнай бяспекі, барацьбы з дэструктыўнымі суполкамі. Гэта тыя кірункі, якія, на думку спецыяліста, неабходна развіваць, дапаўняючы новымі тэмамі, якія турбуюць навучэнцаў школ”.
Пры гэтым Аляксандр Сяргеевіч падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што адукацыя ў Беларусі носіць свецкі характар, гэта не выключае магчымасць такога ўзаемадзеяння: “Рэлігійная адукацыя разглядаецца толькі як элемент агульнай адукацыі, як дадатковая магчымасць узаемадзеяння”.
На гэтым сканцэнтравала ўвагу прысутных і начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Наталля Канстанцінаўна Катовіч: “Установы адукацыі пры працэсе арганізацыі духоўна-маральнага выхавання не ставяць сваёй мэтай фарміраванне таго ці іншага стаўлення да рэлігіі, а садзейнічаюць рэалізацыі права навучэнцаў і іх бацькоў на свабодны выбар поглядаў і перакананняў. У школах могуць праводзіцца выключна тыя факультатывы, якія маюць грыф Міністэрства адукацыі, і, безумоўна, пры жаданні навучэнцаў і іх бацькоў”.
“У Беларусі склалася дзейсная сістэма ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы, — рэзюмаваў начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў. — І ўдалося нам гэтага дасягнуць галоўным чынам дзякуючы нарматыўна-прававому рэгуляванню. Ёсць і праграма двухбаковага ўзаемадзеяння. Сёлета яна заканчваецца, і будзе распрацоўвацца новая на перыяд да 2020 года”.

Святлана НІКІФАРАВА.