У пошуку футбольных талентаў

- 11:48Спартыўныя падзеі

16—19 сакавіка ў Мінску праходзіў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч”. Звычайна ён праводзіцца ў верасні, аднак з-за эпідэмічнай сітуацыі прыйшлося скарэкціраваць планы. Вырашальныя матчы адбыліся ў футбольным манежы і манежы Беларускай федэрацыі футбола.

У 2020—2021 гадах на розных стадыях турніру сустрэліся 21 275 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія склалі 1629 каманд. У фінал прабіліся толькі 32, з якіх 8 прадстаўлялі розныя раёны Мінска. Таксама на спаборніцтвы прыехалі футбалісты і футбалісткі з Жабінкаўскага, Столінскага, Іванаўскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Пастаўскага, Лёзненскага, Лепельскага, Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці, Лельчыцкага, Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці і Цэнтральнага раёна Гомеля, Лідскага, Смаргонскага, Шчучынскага раёнаў Гродзенскай вобласці і Ленінскага раёна Гродна, Глускага, Бялыніцкага раёнаў Магілёўскай вобласці і Магілёва, Барысаўскага, Вілейскага, Жодзінскага і Нясвіжскага раёнаў Мінскай вобласці. Хлопчыкі спаборнічалі ў трох узроставых катэгорыях: 2010—2011 г.н., 2008—2009 г.н. і 2006—2007 г.н. Дзяўчынкі ў адной — 2009—2011 г.н.

Некаторыя матчы па колькасці галоў больш нагадвалі хакейныя, чым футбольныя. У першы дзень спаборніцтваў сярод дзяўчынак “Арляняты” забілі ў вароты “Шуміліна-STARS” 11 мячоў, тыя адказалі пяццю. “Надзея” ў першым і трэцім матчы аформіла па 10 галоў, “Алімпія” — 13 і 16. У малодшых хлопчыкаў таксама выдаліся гарачыя сустрэчы. “Партызан” забіў “Пцічы” 14 мячоў, “Спартак” — “Паставам” і “Жабінцы” — 9. У сярэдняй узроставай групе вылучыліся “Мя­дзведзі” (13 і 8 мячоў) і “Фрунзенец” (9 і 8 мячоў). Сярод старэйшых хлопчыкаў шоу зрабілі “Алмаз” і “Палессе”, якія забілі ва ўсіх сустрэчах 43 і 21 галы адпаведна.

Чатыры дні спаборніцтваў, дзясяткі хвалюючых момантаў і сотні хвілін на полі. Кагосьці гэта прывяло да кубка, кагосьці да новага вопыту. Сярод дзяўчат перамагла каманда “Алімпія” з Першамайскага раёна Мінска, якая ў фінале абыграла “Арлянят” (Цэнтральны раён Мінска) па пенальці — 2:0. 3-е месца заняла “Надзея” са Шчучынскага раёна. Лепшым варатаром прызналі Настассю Гарбацкую (“Камета”), лепшым абаронцам — Настассю Сайдак (“Надзея”), паўабаронцам — Ксенію Гусак (“Метыёр”), нападаючым — Дар’ю Сасноўскую (“Алімпія”) і лепшым бамбардзірам — Настассю Вайцяховіч (“Арляняты”).

У малодшых школьнікаў упэўнена перамагла каманда “Юнацтва” Лідскага раёна, 2-е месца адышло “Спартаку” з Савецкага раёна Мінска, 3-е — “Партызану” (Партызанскі раён Мінска). Лепшым варатаром стаў Марк Жагала (“Юнацтва”), лепшым абаронцам — Кірыл Кавалёў (“Спартак”), паўабаронцам — Арсеній Звяруга (“Паставы”), нападаючым — Максім Рысявец (“Партызан”), бамбардзірам — Ула­дзіслаў Траццяк (“Юнацтва”).

1-е месца ў сярэдняй групе хлопцаў заняў “Фрунзенец” (Фрунзенскі раён Мінска), 2-е — “Алімпія” (Першамайскі раён Мінска) і 3-е — “Вітаўт” (Столінскі раён). Сяргей Сяменчыкаў (“Алімпія”) стаў лепшым варатаром, Дзяніс Цімашэнка (“Палессе”) — абаронцам, Іван Грыгор’еў (“Фрунзенец”) — паўабаронцам, Грыгорый Кірыловіч (“Вітаўт”) — лепшым нападаючым і Арцём Гук (“Сатурн”) — лепшым бамбардзірам.

У старэйшай узроставай катэгорыі “золата” спаборніцтваў узяў “Алмаз” з Ленінскага раёна Гродна, “серабро” дасталася “Палессю” (Столінскі раён), а “бронза” — “Сябрам” (Ленінскі раён Мінска). Назара Блоцкага з “Палесся” прызналі лепшым варатаром, Арцёма Карповіча (“Партызан”) — лепшым абаронцам, Яўгена Іванькова (“Сябры”) — паўабаронцам, Аляксея Стальмакова (“Алмаз”) — нападаючым і Івана Пугачэўскага (“Алмаз”) — бамбардзірам. Прызы лепшым гульцам турніру па амплуа ўручаў легендарны беларускі футбаліст Аляксандр Глеб, а галоўныя кубкі прызёрам і чэмпіёнам — старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота БелТА.