У пошуку новай планеты, або Гармон гаспадарлівасці

- 12:25Якасць адукацыі

Падтрымка маладых і таленавітых традыцыйна застаецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. Сёння ў рубрыцы — чарговыя разумнік і разумніца, прэзідэнцкія стыпендыяты, дасягненні якіх адзначаны на рэспубліканскім і міжнародным узроўні. Знаёмцеся — Аляксандра Маляўка, двухразовая пераможца заключнага тура Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, якая сёлета прадставіць нашу краіну на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы, і Ілья Лойка, неаднаразовы дыпламант і пераможца Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.

“Зорная” дзяўчына

“За гады работы з адоранымі дзецьмі ў мяне склаўся пэўны партрэт алімпіядніка, — гаворыць дырэктар ліцэя № 1 Гродна настаўнік фізікі і астраноміі Ігар Сяргеевіч Маслаў. — Гэта чалавек амбіцыйны, мэтанакіраваны, з развітой сілай волі. Толькі працавітасці ў гэтай справе недастаткова. Перш за ўсё ў пераможцы выходзяць за кошт характару, вытрымкі і, вядома ж, інтэлекту”.

Гэтаму партрэту выдатна адпавядае двухразовая пераможца алімпіяды па астраноміі Аляксандра Маляўка.

Цікавіцца прадметам дзяўчына пачала з 9 класа, нягледзячы на тое, што выкладаецца ён толькі ў 11-м. З 10 класа перайшла вучыцца ў ліцэй № 1 Гродна і вызначылася з перспектывамі сваёй цікавасці.

“У фізіка-матэматычны клас ліцэя дзяўчына прыйшла са спартыўнага класа адной з гімназій Гродна, актыўна займалася валейболам, мела дасягненні ў камандных спаборніцтвах. У Аляксандры ёсць поспехі і ў іншых школьных дысцыплінах: настаўнікі мовы і літаратуры адзначаюць яе як вельмі дасведчанага глыбокага чалавека, “замежнікі” вылучаюць высокі ўзровень ведання замежнай мовы, што дапамагае Аляксандры на міжнароднай алімпіядзе. Прыгледзеўшыся да яе ў мінулым годзе, я зразумеў, што ў Аляксандры аналітычны склад розуму, ярка выяўленае лагічнае мысленне. Таму, напэўна, цікавасць да астраноміі ўсё ж перамагае, — расказвае Ігар Сяргеевіч. — За год мэтанакіраванай работы дзяўчына асвоіла курс астраноміі, праграму па фізіцы за 10 клас і фрагментарна за 11-ы. Падняла ўзровень матэматычных ведаў, бо ўдзел у астранамічнай алімпіядзе прадугледжвае валоданне матэматычнай праграмай 11 класа і нават нейкіх тэм, якія выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Ужо ў 10 класе ў Аляксандры быў дыплом І ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. На Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы Аляксандра была ўзнагароджана ганаровай граматай. Месяц назад дзяўчына стала абсалютнай пераможцай сёлетняга заключнага тура”.

Увесь летні перыяд перад міжнароднай алімпіядай, якая прайшла ў лістападзе, Аляксандра прысвяціла падрыхтоўцы. Заняткі былі арыентаваны ў большай ступені на падрыхтоўку да наглядальнага тура алімпіяды: дзяўчына пашырала свае ўменні арыентавацца на зорным небе, карыстацца астранамічнымі прыборамі і выконваць разнастайныя аперацыі з тэлескопам. Прычым трэніравалася ў тым ліку і на хуткасць. У Ігара Сяргеевіча цэлая каманда вучняў, якія прымаюць удзел у рэспубліканскіх алімпіядах. У падрыхтоўцы да алімпіяд вялікую ролю адыгрывае калектыў, дзе настаўнік не проста працуе з адным вучнем, а арганізуе работу ў камандзе. Менавіта ў камандзе навучэнцы, зацікаўленыя навукай, стымулююць адно аднаго да навучання, ствараюць сяброўскую плённую канкурэнцыю, якая дапамагае ім рухацца далей, быць больш упэўненымі ў сабе.

Трымаць высока паднятую планку, другі раз даказваць, што ты лепшы з лепшых, няпроста. Але Аляксандры гэта ўдалося: у гэтым годзе яна стала абсалютнай пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды і зноў рыхтуецца скараць міжнародныя вяршыні. Пра астраномію, вывучэнне якой з’яўляецца для дзяўчыны адначасова і захапленнем, і карпатлівай працай, Аляксандра разважае грунтоўна:

“Уяўленні шырокіх мас аб астраноміі — паглядзець у тэлескоп, паназіраць за зоркамі — гэта толькі адзін аспект навукі. Тым не менш не самы лёгкі і рамантычны, як уяўляецца многім. Адна з актуальных задач астраномаў на сёння — знаходжанне планет іншых зорак. Гэта не проста разглядаць зорнае неба ў тэлескоп і знаходзіць новыя зоркі. Хоць часам і сучасныя школьнікі выпадкова робяць адкрыцці, напрыклад, новых камет, якія пасля афіцыйна рэгіструюцца, — разважае Аляксандра Маляўка. — Самая складаная і ў той жа час цікавая тэма ў астраноміі для мяне — касмалогія — навука, якая вывучае пашырэнне Сусвету, яго ўтварэнне і г.д. На алімпіядах любяць даваць задачы на гэтую тэму, рашэнні якіх прадугледжваюць нестандартны ход мыслення. Мне вельмі падабаюцца задачы рэспубліканскага тура алімпіяды, яны арыентаваны на міжнародную алімпіяду, і гэта выдатная падрыхтоўка для тых, хто ўвойдзе ў зборную. Шмат сустракаецца задач, здавалася б, простых, але з цікавай інтэрпрэтацыяй і падыходам да рашэння, дзе трэба спачатку дадумацца да ідэі, а пасля рашаць. Ёсць задачы, якія патрабуюць менавіта доўгіх матэматычных пераўтварэнняў. Аднак канцэпцыя правядзення рэспубліканскай алімпіяды некалькі адрозніваецца ад міжнароднай: задач у ёй даецца менш, чым на міжнародным узроўні, а часу — столькі ж. Напрыклад, у мінулым годзе на міжнароднай алімпіядзе было 13 задач — 5—6 простых, астатнія складаныя, а на рэспубліканскім туры — 5 задач прыкладна аднолькавага ўзроўню складанасці.

У мінулым годзе Аляксандра была адзінай дзесяцікласніцай на міжнароднай алімпіядзе. У гэтым годзе яна адзіная, хто адправіцца туды другі раз. Па назіраннях дзяўчыны, толькі ў Беларусі і Паўночнай Карэі астраноміяй шырока захапляюцца дзяўчаты: гэтыя краіны выстаўляюць на міжнародную алімпіяду каманды, дзе дзяўчаты пераважаюць або складаюць палову зборнай. У іншых краінах каманды ў большасці сваёй складаюцца з хлопцаў.

“Цікавасць да астраноміі як навукі ўжо на ўсё жыццё. Ці звязваць з ёй будучую прафесію — пакуль для мяне пытанне не вырашанае, — гаворыць дзяўчына. — Тыя, хто праходзіць на зборы на міжнародную алімпіяду, і выпускныя экзамены не здаюць, і на профільныя спецыяльнасці паступаюць без іспытаў. З гэтага пункту гледжання ўдзел у міжнародных алімпіядах і перамогу ў рэспубліканскім туры менавіта па астраноміі можна нават назваць выгаднымі, бо пераможцам прапануюць паступаць на спецыяльнасці фізічнага і матэматычнага профілю, а гэта, як вы разумееце, вялікі выбар. Спа-дзяюся, я зраблю правільны”.

У аграномію — праз навуковы падыход

Адзінаццацікласнік Дзешчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Уздзенскага раёна Ілья Лойка ўпэўнены: укараненне новых эколага-арыентаваных тэхналогій павінна стаць адным з прыярытэтных напрамкаў аграрнай гаспадаркі. У сваіх даследчых праектах, якія ўжо некалькі гадоў хлопец паспяхова прадстаўляе на разнастайных канферэнцыях і конкурсах, ён вырашае праблемы павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур і пры гэтым атрымання высакаякаснай экалагічна чыстай прадукцыі. У 9 класе ён узяўся за першую даследчую працу: вывучаў ступень уплыву арганічных кіслот (цытрынавай, бурштынавай) на ўсходжасць насення культурных раслін. Мінулагодняя работа “Даследаванне ступені ўплыву фітагармону гіберыліну і стратыфікацыі на хуткасць прарастання насення культурных раслін” адзначана на Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў дыпломам І ступені.

Разам са школьным сябрам і паплечнікам па навуковай рабоце Мікітам Валюком, які працаваў над праектам разам з хлопцам, а зараз з’яўляецца студэнтам, яны даследавалі рэдкі від стымулятару росту — фітагармон гіберылін. На момант пачатку даследавання знайсці гармон было складана: у Беларусі ён не прадаваўся і не вырабляўся. “Але лёгкіх шляхоў і не шукалі”, — жартуюць Ілья Лойка разам з настаўніцай і куратарам іх навуковай дзейнасці Наталляй Мікалаеўнай Надтока. Прыйшлося звязацца з расійскімі вытворчымі прадпрыемствамі, якія даслалі гармон (дарэчы, бясплатна). З прадстаўнікамі прадпрыемства ў выніку пасябравалі: дзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў, абменьваліся вопытам.

“Падчас работы з фітагармонамі мы высветлілі, што ўсходжасць апрацаванага імі насення на 50 працэнтаў вышэйшая, чым у неапрацаванага. Гэта прарыў для аграноміі! Наколькі мне вядома, цяпер у Беларусі ўжо можна набыць гіберылін і выкарыстоўваць яго. Станоўчая роля гэтага рэчыва ў тым, што малой яго колькасцю можна апрацаваць вельмі вялікую плошчу. Да таго ж фітагармон — экалагічна чысты прадукт, які не забруджвае навакольнае асяроддзе, як, напрыклад, угнаенні. Яго можна выкарыстоўваць і на асабістых прысядзібных участках, і ў вялікіх гаспадарках”, — захоплена расказвае навуковец.

Школьнік упэўнены: важнымі ў большай ступені з’яўляюцца не тэарэтычныя даныя, а тое, як іх можна прымяніць на практыцы. Таму даследаванні вяліся не толькі ў школьнай лабараторыі, але і ў палявых умовах: у бацькоў Ільі свая фермерская гаспадарка, дзе юны даследчык і праводзіць вопыты па паляпшэнні ўсходжасці раслін. Пра паспяховыя вынікі расказвае бацькам, а тыя ў сваю чаргу выкарыстоўваюць у маштабах сваёй гаспадаркі.

“Самыя яркія дзіцячыя ўспаміны — як тата пад’язджае раніцай пад маё акно і крычыць: “Паедзеш на поле?” Большага шчасця для мяне не было, як калясіць з бацькам па ферме і назіраць, як растуць расліны, даглядаецца жывёла. Фермерская гаспадарка ў таты вялікая, на зямлі працаваў і дзядуля — быў старшынёй калгаса. І відавочна, што я таксама збіраюся працягнуць сямейную дынастыю — стаць аграномам. Адразу скажу: жаданне выключна маё, абставінамі ці сям’ёй не навязанае. Хочацца прынесці карысць і сямейнай гаспадарцы, і наогул краіне, вялікае задавальненне мне прыносяць даследаванні ў біялогіі і хіміі, іх прымяненне на практыцы”, — расказвае Ілья Лойка.

Здаецца, гарманічнаму адчуванню сябе ў гэтага хлопца можно толькі павучыцца. Ён шчыра прызнаецца: шчаслівы нарадзіцца і жыць на такой прыгожай багатай зямлі і ў працавітай сям’і, атрымліваць веды ад выдатных настаўнікаў, адчуваць падтрымку сяброў. Нават думкі ў сказы ён збірае разважліва, па-гаспадарску. Уласны поспех у навуковай сферы Ілья грунтоўна падзяляе на пэўныя складнікі: 50 працэнтаў школьных і навуковых дасягненняў складае старанная работа над сабой, 30 працэнтаў — імкненне да працы, менш за ўсё адводзіцца таленту. А настаўніца і куратар навуковай дзейнасці хлопца дадае: “Многае ў выніках заняткаў з адоранымі дзецьмі залежыць не ад настаўніка, а ад дзіцяці: неабходна не толькі цікавасць да навукі, але і ўседлівасць, мэтанакіраванасць, тады многага можна і дасягнуць. Ілья — адзін з вучняў, пра якіх гавораць “прагны да ведаў”. Ён руплівы і вельмі адказны. Часам здаецца, што і празмерна. Біялогія — маленькая частка таго, чым ён займаецца: актывіст і нязменны вядучы школьных мерапрыемстваў, алімпіяднік, спартсмен (займаўся ўсходнімі адзінаборствамі, зараз працуе над сабой у спартыўнай зале), захапляецца музыкай, дапамагае бацькам весці гаспадарку”.

Дарэчы, тэму для апошняй і самай тытулаванай навуковай работы хлопцу падказаў спорт: “Аднойчы падымаў штангу ў спартыўнай зале і падумаў: многія спартсмены “сядзяць” на стэроідах, а што, калі і раслінам таксама “прыняць” своеасаблівыя стэроіды? І калі на чалавека гарманальная тэрапія ўплывае не заўсёды добра, то расліны ў гэтым плане больш прыстасаваныя: бяруць столькі гармону, колькі патрэбна”.

Любое даследаванне трэба ўмець прадставіць у выгадным свеце, так, каб выклікаць шчырую цікавасць журы. Ілья жартуе, што пазбавіцца боязі публічных выступленняў яму дапамагла “кар’ера” школьнага вядучага: правільныя дыкцыю і націскі адпрацаваў, уменне выкручвацца з любой сітуацыі адтачыў, увагу аўдыторыі трымаць навучыўся. Паралельна з даследаваннямі ў аграрнай сферы хлопец удзельнічае і ў алімпіядным руху. У гэтым годзе на раённым этапе атрымаў дыплом І ступені па біялогіі і стаў вучнем года Міншчыны. У мінулыя гады таксама паспяхова прымаў удзел у разнастайных даследчых конкурсах, у тым ліку і міжнародным навукова-інжынерным конкурсе вучняў Belarus Science and Engineering Fair.

Яшчэ ў 9 класе Ілья паставіў перад сабой мэту — стаць студэнтам біялагічнага факультэта БДУ. “Мару вывесці ўласны гатунак бульбы”, — шчыра прызнаецца юнак. Слухаеш яго і разумееш: адной толькі бульбай навуковыя памкненні хлопца не абмяжуюцца.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва Ільі ЛОЙКІ і Аляксандры МАЛЯЎКІ.