У пошуку скарбаў гісторыі

- 16:30Нам пішуць

Клуб “Пошук” дзейнічае ў нашай установе адукацыі з 2011 года. Ініцыятарам стварэння і кіраўніком з’яўлялася настаўнік рускай мовы і літаратуры Надзея Міхайлаўна Мацюк. Галоўнае ў дзейнасці клуба — даследаваць і збіраць звесткі пра мінулае вёскі і яе жыхароў, захоўваць памяць для будучых пакаленняў аб аднавяскоўцах, якія пакінулі след у гісторыі родных мясцін.

За час дзейнасці клуба была праведзена вялікая пошукавая работа, даследаваны і сабраны матэрыялы па тэмах “Гісторыя вёскі Грынкі”, “Культурныя традыцыі: учора і сёння”, “Імёны, вернутыя з мінулага”, “Адукацыя: позірк у мінулае”, “Славутыя землякі”. Вынікам пошукавай дзейнасці сталі даследчыя работы “Нашы майстрыхі”, “Мае землякі — мой гонар” (дыплом ІІ ступені раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню”, дыплом ІІІ ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”), “Вёска Грынкі: падзеі і людзі” (дыплом ІІІ ступені раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню”), праект “Дарога нашай памяці”.

Матэрыялы з вопыту работы клуба “У падзеях мінулага — выхаванне юнага грамадзяніна” былі прадстаўлены на ХV Рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Я — грамадзянін Беларусі”.

І вось чарговы поспех: вучань 11 класа Аляксандр Дубынін, член клуба “Пошук”, прымаў удзел у ІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі імя І.А.Ахрэмчыка “Я ў свеце творчасці”. У намінацыі “Выяўленчае мастацтва і нацыянальныя рамёствы Беларусі” была прадстаўлена даследчая работа “Майстар філейнага вязання кручком Смурага Ванда Іосіфаўна”. Па выніках удзелу ў канферэнцыі вучань узнагароджаны дыпломам ІІ ступені.

Пошукавая дзейнасць працягваецца. Як паказвае вопыт работы клуба, менавіта ўдзел у такой дзейнасці, сустрэчы з цікавымі людзьмі, знаёмства з гістарычнымі фактамі дапамагаюць глыбей пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю.

Марына САВОСЬКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Грынкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.