У пошуку цікавых ідэй і нестандартных рашэнняў

- 9:50Навіны рэгіёнаў

Новы навучальны год у Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі пачаўся з правядзення Тыдня дадатковай адукацыі. Комплекс мерапрыемстваў быў накіраваны на актыўнае камплектаванне аб’яднанняў па інтарэсах. Гэтымі днямі ў аддзелах цэнтра праведзены маштабныя сацыяльна значныя і грамадзянска-патрыятычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, 30-годдзю БРПА і накіраваныя на захаванне гістарычна-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне ў дзяцей любові да Айчыны, падтрымку іх творчай ініцыятывы.

Ярка і незабыўна прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Для дзяцей і іх баць­коў былі арганізаваны вялі­кія забаўляльныя праграмы з конкурсамі і віктарынамі з мэтай выяўлення здольнасцей дзяцей. Школьнікі, якія прыйшлі ў аддзел мастацкай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці, рухаліся ад адной “выспы” да другой, дзе іх чакалі выступленні дзяўчат са студыі эстраднага танца “Нон-стоп”, рухавыя гульні і аніматары, майстар-класы па выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аддзел інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прапанаваў наведвальнікам адправіцца ў інтэр­актыўнае падарожжа па выставе тэхнічнай творчасці “ТэхнаСвет”. Тут можна было пазнаёміцца з работай гурткоў “ROBO-тэхнік” і “LEGO-тэхнік”, “Праграмаванне ў візуальным асяроддзі Scratch”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Прататыпаванне”, “Графічны дызайн”; наведац­ь выставу фотаработ гуртка “Аб’ектыў”; паспрабаваць свае сілы ў паліганальным кан­струяванні з паперы пад кіраўніцтвам выкладчыка дадатковай адукацыі з гуртка “Арыландыя”; наведаць клуб картынгістаў “Фарсаж”. У аддзеле экалагічнага выхавання пачала працаваць “Рэзідэнцыя лесавічка”. Навучэнцам было прапанавана наведаць жывы куток і пагутарыць з жывёламі, паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе бутаньерак, пакаштаваць духмянай гарбаты ў фітабары “Зялёная планета”, зрабіць сэлфі ў фотазоне “Экалогія сёння” і паглядзець дэфіле мадэляў, якія дэманстравалі раскошныя ўборы з другаснай сыравіны. У аб’яднаннях маладзёжнага лідарства і прасоўвання ініцыятыў школьнікі паспрабавалі сябе ў ролі блогераў, узялі інтэрв’ю ў старшыні Маладзёжнага парламента Полацка. На пляцоўцы школы вядучых “Новы фармат” дзеці праявілі навыкі работы ў камандзе. Не менш цікавым для іх стала знаёмства з гуртком “Прафарыенцір”. У аддзеле турызму і актыўнага адпачынку дзень адкрытых дзвярэй прайшоў пад дэвізам “Полацк. Турызм. Дзеці”. Моладзь актыўна знаёмілася з дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах аддзела на пяці інтэрактыўных пляцоўках. Удзельнічаючы ў “Арыент-шоу”, навучэнцы паспрабавалі свае сілы ў арыентаванні і прахо­джанні вяровачнага гарадка, пабывалі ў ролі архітэктараў, экскурсаводаў і нават вырабілі сваімі рукамі “турысцкі антыстрэс”. Завяршальным мерапрыемствам тыдня стала піяр-акцыя “Свет дзяцінства, творчасці, фантазіі”, якая прайшла ў Парку культуры і адпачынку. У гульнявой форме дзеці і падлеткі змаглі пазнаёміцца не толькі з аб’яднаннямі па інтарэсах, але і адно з адным. А яшчэ паспрабавалі свае сілы ў майстар-класах, здзейснілі займальнае падарожжа ў свет творчасці і фантазіі, сталі ўдзельнікамі вясёлых гульняў, конкурсаў, жартавалі і смяяліся. Свята атрымалася вельмі эмацыянальным і падарыла юным палачанам шмат радасці і яркіх уражанняў. Мерапрыемствы Тыдня устаноў дадатковай адукацыі спрыялі актыўнаму прыцягненню дзяцей і падлеткаў да заняткаў творчасцю, развіццю іх здольнасцей у вольны ад вучобы час, а таксама павышэнню матывацыі педагогаў да працы, пошуку новых ідэй і нестандартных рашэнняў.

Наталля СЛЯПЦОВА.