У прафесію прывяло жыццё

Часам лёс быццам падводзіць чалавека да пэўнага выбару. Асобныя штодзённыя акалічнасці, нібы пазл, складваюцца ў адзінае цэлае і прыводзяць чалавека да лёсавызначальнага рашэння. Менавіта так было ў жыцці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 імя М.І.Пашкоўскага Бялыніч Дануты Вацлаваўны Клопавай.

За свою плённую працу на сёлетняй абласной жнівеньскай канферэнцыі Д.В.Клопава была адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”

— Жыццё само прадыктавала мне выбар будучай прафесіі. З дзяцінства я любіла марыць. Магчыма, летуценніцай мяне зрабіла неверагодная прыгажосць родных вясковых краявідаў… Памятаю, як яшчэ зусім маленькая з вялікім жаданнем і лёгкасцю вучыла вершы, а пасля любіла дэкламаваць іх бацькам і гасцям. Маці ўвесь час казала: “Будзеш, дачушка, настаўніцай”. Але тады над гэтымі словамі я яшчэ не задумвалася. Ужо ў школе першая настаўніца М.С.Хворык і настаўніца беларускай мовы Я.І.Сафроненка навучылі мяне бачыць тое, што “хаваецца” за словам, прадметам, паміж радкоў. Я вельмі палюбіла беларускую мову, яе мілагучнасць. Пасля заканчэння школы над прафесійным выбарам нават не разважала, бо дакладна ведала: буду настаўніцай беларускай мовы, — падзялілася ўспамінамі Д.В.Клопава.

Вучыцца настаўніцкай працы Данута Вацлаваўна накіравалася ў сённяшні Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. Студэнцкія гады праляцелі хутка, і маладым спецыялістам яна прыехала ў першую школу Бялыніч.

— У Бялынічы я трапіла па размеркаванні. Але ў выніку затрымалася тут назаўсёды. Неяк непрыметна гэты райцэнтр стаў мне родным, — паведаміла Д.В.Клопава.

Дарэчы, затрымалася Данута Вацлаваўна не толькі ў саміх Бялынічах, але і ў першай гарадской школе. У гэтай навучальнай установе яна працуе ўжо трыццаць пяць гадоў. За гэты працяглы час настаўніца выбудавала ўласныя падыходы да арганізацыі паспяховага навучання.

Разам са сваімі вучнямі Данута Вацлаваўна не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Настаўніца вядзе актыўную пазакласную работу, у якой асабліва значэнне надае далучэнню дзяцей да родных вытокаў.

— Свае ўрокі будую так, каб стварыць у класе атмасферу даверу, павагі да вучня. Заўсёды выкарыстоўваю арыгінальны пачатак урока, мультымедыйныя прэзентацыі, імкнуся, каб заняткі мелі праблемна-пошукавы характар, абуджалі пазнавальную актыўнасць і жаданне творчага самавыяўлення. Шырока прымяняю тэхналогію праблемнага навучання, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, камп’ютарныя тэхналогіі. Асаблівую ўвагу ўдзяляю рабоце з паняццямі маральнага развіцця і праектнай дзейнасці. Для гэтага ўводжу ў структуру ўрока розныя методыкі навучання: творчыя і гульнявыя заданні, тэатралізацыю, інтэрактыўныя метады і прыёмы, — расказала Д.В.Клопава.

Па яе меркаванні, эфектыўным будзе той урок, які напоўнены новымі формамі і метадамі, цікавымі для дзіцяці, урок, на якім ствараюцца ўмовы для развіцця пазнавальнай цікавасці вучня, яго выхавання як асобы. Таму ў сваёй рабоце Данута Вацлаваўна кіруецца прынцыпам індывідуалізацыі.

— Кожнае дзіця працуе ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, патрэбамі і здольнасцямі. Усе вучні па-свойму таленавітыя. Стараюся распазнаць у кожным навучэнцы гэтае “я” і напоўніць яго патрэбным зместам. Кіруюся таксама прынцыпам любові і павагі да дзяцей, бо пераканана, што настаўнік павінен не толькі вучыць, але і выхоўваць паспяховага, шчаслівага чалавека, у якога сфарміравалася моцнае жаданне і гатоўнасць да самаадукацыі і самаўдасканалення, — адзначыла Д.В.Клопава.

Разам са сваімі вучнямі Данута Вацлаваўна не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Настаўніца вядзе актыўную пазакласную работу. Асабліва важнае значэнне Д.В.Клопава надае краязнаўству. Яна з’яўляецца кіраўніком школьнага літаратурнага музея “Спадчына”, які двойчы быў прызнаны пераможцам у абласным конкурсе літаратурных музеяў устаноў адукацыі, за актыўную дзейнасць па прапагандзе беларускай літаратуры і моўнай спадчыны малой радзімы адзначаўся дыпломам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пад кіраўніцтвам Дануты Вацлаваўны на базе музея дзейнічае гурток “Тэатральны калейдаскоп”, дзе навучэнцы самастойна ладзяць разнастайныя тэатралізаваныя паказы. За апошні час імі былі падрыхтаваны спектаклі па п’есе Янкі Купалы “Паўлінка”, Міхася Чарота “Мікітаў лапаць”, Аляксея Дударава “Вечар”, а таксама тэатралізаваныя пастаноўкі “Калядкі па-бялыніцку”, “На вячоркі да Паўлінкі”, “На вячоркі да цёткі Акуліны”, “Масленіца”, “Бялыніцкі кірмаш”.

Пры музеі працуе і літаратурнае аб’яднанне “Сцяжынкамі натхнення”, у рамках якога праходзяць творчыя гасцёўні, конкурсы радаводаў, літаратурныя кафэ і іншыя мерапрыемствы. Важна, што вучні спрабуюць самі пісаць вершы і апавяданні, а Данута Вацлаваўна займаецца выпускам зборнікаў іх уласных творчых работ.

— Мая шматгранная прафесійная дзейнасць — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, рэжысёр тэатралізаваных паказаў, класны кіраўнік, загадчык літаратурнага музея — дазваляе эфектыўна перадаваць маладому пакаленню любоў да роднага слова, павагу да беларускіх традыцый. Я выбудоўваю выразную сістэму, дзе назіраецца строгая пераемнасць паміж урокамі беларускай мовы, літаратуры і пазакласнай работай. Любоў да роднай мовы была і будзе ва ўсе часы. Валоданне роднай мовай — дзейсны фактар камфортнага адчування беларуса ў любых сітуацыях. Гэтыя простыя ісціны імкнуся данесці да сваіх вучняў, — падкрэсліла Д.В.Клопава.

У ліку прыярытэтаў Дануты Вацлаваўны — работа з адоранымі дзецьмі. Яна ўпэўнена, што тыя ці іншыя здольнасці ёсць у кожнага вучня. А першасная задача настаўніка — іх заўважыць, каб пасля дапамагчы навучэнцу раскрыць свой патэнцыял. 

— Любое пачынанне, любую ідэю сваіх вучняў я падтрымліваю. Матывую, заахвочваю дзяцей на самаразвіццё, на творчы пошук. Гэта дапамагае ім паверыць у сябе і свае магчымасці, — расказала Д.В.Клопава.

Такі падыход дапамагае Дануце Вацлаваўне паспяхова раскрываць дзіцячыя таленты. За апошнія тры гады яе вучні атрымалі адзін прызавы дыплом і два заахвочвальныя водзывы на трэцім, 14 пераможных дыпломаў на другім этапах Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Акрамя таго, навучэнцы Д.В.Клопавай з’яўляюцца ўладальнікамі дзясяткаў пераможных дыпломаў розных творчых, інтэлектуальных, даследчых конкурсаў. 

…З’яўляючыся сёння педагогам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, Данута Вацлаваўна не стаіць на месцы, бесперапынна павышае сваё прафесійнае майстэрства. Плённая праца гэтай настаўніцы неаднойчы высока адзначалася, але галоўнае для яе зусім не гэта.

— Сваім галоўным педагагічным дасягненнем лічу поспехі вучняў, іх дапытлівыя вочы, адносіны да прадмета і да мяне, добрыя словы іх бацькоў. Я веру, што мае былыя навучэнцы будуць ствараць добрую будучыню. Каторы год запар у канцы навучальнага года задаю выпускнікам вывучыць на памяць верш, у змесце якога вызначыцца філасофія іх жыцця. Вучні выбіраюць такія тэмы, як сям’я, Радзіма, сэнс жыцця, бацькі, маладосць, чыстае каханне, сумленне, дабрыня… Выпадковых тэм не бывае. Гэта ўсвядомленае і шчырае напаўненне маладой душы — той цудоўны багаж, з якім мае навучэнцы ідуць у дарослае жыццё. Яны з гордасцю расказваюць, чаму менавіта гэты верш выбралі, а я з замілаваннем іх слухаю. Я люблю сваю прафесію, люблю дзяцей, заўсёды веру ў іх здольнасці. Поспех — гэта перамога над сабой. Гэта мой прынцып педагагічнай працы, які я перадаю і сваім навучэнцам. Якой бачу сваю работу ў далейшым? Самымі важнымі складнікамі, як і раней, будуць мая ініцыятыва, жаданне ствараць усе неабходныя ўмовы для максімальнага выяўлення талентаў кожнага з маіх вучняў. Таму асобасна арыентаванае навучанне і кампетэнтнасны падыход, выхаваўчы патэнцыял урокаў застануцца асновай маёй педагагічнай дзейнасці, — запэўніла Д.В.Клопава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Д.В.Клопавай.