У прасторы творчасці

Перад сённяшняй школай востра стаіць праблема актыўнага творчага ўспрымання ведаў. Метад праектаў можна сцісла і ёміста ахарактарызаваць словамі Канфуцыя: “Я чую — я забываю. Я бачу — я памятаю. Я раблю — я разумею”. Праектная дзейнасць развівае матывацыю да пазнання і творчасці, пашырае творчую актыўнасць.

Навучанне праектнай дзейнасці малодшых школьнікаў можа ажыццяўляцца ў рамках розных агульнаразвіццёвых дысцыплін, а таксама ў пазаўрочны час.

Я як выхавальніца групы прадоўжанага дня актыўна выкарыстоўваю метад праектаў у сваёй рабоце з малодшымі школьнікамі. Навучэнцы выконваюць пошукавыя і эксперыментальныя заданні. Удзельнічаючы ў праекце, дзіця можа выбраць заняткі адпаведна сваім здольнасцям і цікавасцям. Зразумела, далёка не ва ўсіх ёсць творчыя здольнасці, уменне ствараць, уяўляць, прыдумляць … І тым не менш таленты кожнага чалавека трэба развіваць.

Работа над любым праектам праходзіць у некалькі этапаў. Заключны этап — гэта “прадукт”, г.зн. газета, прэзентацыя, выстава, свята і г.д. Мы з дзецьмі адкрылі для сябе новую форму заканчэння праекта — лэпбук.

Дзеці загарэліся ідэяй вырабу лэпбукаў: усе знайшлі занятак па сілах і здольнасцях, кожны змог паказаць свае таленты. Работы было многа: хтосьці вёў назіранні і ставіў доследы; нехта маляваў, выразаў і клеіў; хтосьці пісаў вершы, апавяданні і загадкі.

За мінулы год з навучэнцамі 3—4 класаў мы працавалі над некалькімі праектамі. З утулак ад туалетнай паперы дзеці змайстравалі макет сярэдневяковага замка. Ён стаў завяршальным этапам праекта “Сярэдневяковыя замкі Беларусі”. А ў працэсе работы над праектам “Насельнікі марскіх глыбінь” у групе з’явіўся акварыум са скрынак і паперы. Таксама ў нас ёсць лэпбукі па тэмах “Поры года” і “У гасцях у казкі”. Гатовыя лэпбукі не пыляцца на паліцы, а актыўна выкарыстоўваюцца на занятках у групах прадоўжанага дня.

Стварэнне лэпбукаў дапамагае замацаваць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял, а разгляданне і работа з папкай у далейшым дазваляе хутка аднавіць у памяці ўвесь яго аб’ём.

Дзецям вельмі спадабалася ідэя стварэння інтэрактыўных папак. І яны ўжо вырашылі, што наступны праект “Космас” таксама скончыцца вырабам лэпбука.

Наталля ЦОДАВА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 17 Магілёва.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *