У ходзе правядзення кіраўніком дзяржавы сустрэчы “Вялікая размова з прэзідэнтам” з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнага супольніцтва, сродкаў масавай інфармацыі паступіў шэраг электронных зваротаў, якія адносяцца да кампетэнцыі Міністэрства адукацыі. “Настаўніцкая газета” друкуе адказы на пытанні, якія тычацца найбольш важных момантаў жыцця адукацыйнай сферы і ўяўляюць цікавасць для значнай колькасці насельніцтва.
Як будзе ўдасканальвацца сістэма школьнай адукацыі? Як зменяцца экзамены ў 9 і 11 класах? Ці будзе зноў уводзіцца пяцібальная сістэма ацэньвання ў школах?
І.Д.Смалонскі, Мінск.
— Асноўныя кірункі ўдасканалення сістэмы школьнай адукацыі вызначаны ў Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года.
У сферы агульнай сярэдняй адукацыі будуць вырашацца наступныя задачы:
пераход да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі;
абнаўленне зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі;
стварэнне сістэмы незалежнай ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі;
удасканаленне выніковай атэстацыі вучняў;
развіццё дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку ў шосты школьны дзень;
удасканаленне сістэмы выяўлення, уліку, сацыяльнай падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі;
фарміраванне ва ўстановах адукацыі адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, якое ўлічвае асаблівасці і патрэбы развіцця кожнага навучэнца;
стварэнне сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Пытанне ўдасканалення механізма выніковай атэстацыі пакуль знаходзіцца ў стадыі абмеркавання. Канчатковага рашэння па ім не прынята.
Вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэньвання ведаў навучэнцаў у цяперашні час не плануецца.
Ці будуць пераглядацца школьныя праграмы і падручнікі? Як фарміруюцца аўтарскія калектывы?
А.У.Кузняцова, Гомель.
У.І.Жаўнерчык, Баранавічы.
— У цяперашні час абноўлены ўсе вучэбныя праграмы з 1 па 11 клас. Па новых вучэбных праграмах ужо вучацца 1—8 класы. Пераход на новыя праграмы будзе завершаны ў 2021/2022 навучальным годзе.
Пры абнаўленні вучэбных праграм ажыццёўлены перанос складаных тэм у старшыя класы, частка складанага вучэбнага матэрыялу выключана на базавым узроўні і перанесена для вывучэння на павышаным узроўні, забяспечана ўзгодненасць вучэбных праграм па розных вучэбных прадметах, скарочаны пералік паняццяў, абавязковых для засваення, выключана дубліраванне вучэбнага матэрыялу ў праграмах і інш.
Распрацоўка падручнікаў вядзецца ў адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі. Аўтарскія калектывы адбіраюцца па выніках конкурсу, у якім можа прымаць удзел любы жадаючы. Інфармацыя аб умовах правядзення конкурсу размешчана на Нацыянальным адукацыйным партале (adu.by).
У склад аўтарскіх калектываў уключаны 83 настаўнікі (21% ад агульнай колькасці членаў аўтарскіх калектываў).
У 2015—2018 гадах абноўлены і выдадзены 144 вучэбныя дапаможнікі. Да 1 верасня 2019 года будуць абноўлены астатнія 73.
Сын вучыцца ў дзяржаўным ліцэі на дзённым аддзяленні па мэтавым накіраванні, стыпендыю не атрымлівае, забяспечваецца бясплатным абедам. Атрымлівае аліменты. Аліменты назначаны да дасягнення 18 гадоў. Мой заробак 450 руб. Праз 8 месяцаў выплата аліментаў спыняецца, а да заканчэння вучобы застаецца ўвесь 3 курс. На якія сродкі існаваць майму сыну?
Н.Г., Віцебская вобласць.
— Дзяржавай заканадаўча замацаваны шэраг мер па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў дзяржаўных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
У адпаведнасці з артыкулам 39 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), асобы, якія засвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, на час атрымання адукацыі забяспечваюцца ўстановамі адукацыі падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі бясплатна.
Згодна з артыкулам 40 Кодэкса і ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.07.2011 № 953, навучэнцы ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пры працягласці іх вучобы больш за 1 год забяспечваюцца аднаразовым гарачым харчаваннем, а навучэнцы з малазабяспечаных сем’яў, а таксама іншагароднія навучэнцы ўстаноў адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах і рабочых пасёлках, трохразовым гарачым харчаваннем у вучэбныя дні.
Артыкулам 42 Кодэкса ўстаноўлена, што асобам, якія засвойваюць у дзённай форме атрымання адукацыі змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, можа быць аказана матэрыяльная дапамога.
У адпаведнасці з артыкулам 44 Кодэкса, навучэнцы ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі на перыяд навучання, у адпаведнасці з заканадаўствам, могуць забяспечвацца месцамі для пражывання ў інтэрнатах. У выпадку незабеспячэння месцам для пражывання ў інтэрнаце іншагародніх навучэнцаў, якія вучацца на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, ім кампенсуюцца траты па найме жылля.
У адпаведнасці з артыкулам 43 Кодэкса, асобы, якія засвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пры праходжанні вытворчага навучання забяспечваюцца спецыяльным адзеннем, спецыяльным абуткам і іншымі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны.
Навучэнцам, якія засвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, за выкананыя работы ў час вытворчага навучання ў арганізацыях выплачваецца не менш як 75 працэнтаў ад налічаных сум.
Асобам, якія засвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, аказваецца матэрыяльная дапамога на праезд у памеры, які не перавышае 50 працэнтаў кошту праезда (праязнога дакумента) да месца пражывання сям’і (бацькоў).
Чаму выпускнікоў дзяржаўных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі пасля навучання накіроўваюць па размеркаванні ў арганізацыі для выканання работ ніжэйшай кваліфікацыі, чым па той, якая была атрымана імі пры навучанні?
Р.К.Капусцін, Мінск.
— У адпаведнасці з пунктам 12 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, пакрыцця сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку, і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых” ад 22 чэрвеня 2011 года № 821, выпускнікі размяркоўваюцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (кірункам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй з улікам пададзеных ва ўстанову адукацыі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дагавораў аб узаемадзеянні.
Адпаведнасць прадастаўленага месца працы атрыманай выпускніком спецыяльнасці (кірунку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай кваліфікацыі камісія ацэньвае на падставе кваліфікацыйнай характарыстыкі, якая ўтрымліваецца ў адукацыйным стандарце па адпаведнай спецыяльнасці (сфера, аб’екты, віды, задачы прафесійнай дзейнасці, склад кампетэнцый).
Выпускнікі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, могуць накіроўвацца на работу ў якасці рабочых у адпаведнасці з разрадам і кваліфікацыяй, якія былі атрыманы ў перыяд навучання.
Уводзіцца новая методыка цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ). У чым яе істотнае адрозненне ад дзеючай?
Д.Іваноў, Магілёў.
— Методыка не новая, а ўдасканаленая. Яна мяняе толькі сістэму падліку тэставых балаў ЦТ. Парадак арганізацыі і правядзення ЦТ для абітурыентаў не мяняецца.
Раней вызначаўся рэйтынг (пазіцыя абітурыента сярод усіх, хто прайшоў тэсціраванне). Зараз можна вызначыць і рэйтынг, і аб’ектыўна ацаніць веды абітурыента, супаставіўшы яго балы на ЦТ з выніковымі адзнакамі ў школе.
Працэдура апрацоўкі вынікаў ЦТ стане адкрытай і празрыстай. Абітурыенты на падставе размешчанай у адкрытым доступе інфармацыі аб першасных балах змогуць прагназаваць свой вынік на ЦТ.
Падрабязную і актуальную інфармацыю па пытаннях правядзення ЦТ можна знайсці на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у сетцы інтэрнэт па адрасе: www.rikc.by.
Ці ёсць забарона на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ва ўстановах адукацыі?
В.В.Арцімовіч, Навагрудак.
— Пакуль няма.
Нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь карыстанне мабільнымі тэлефонамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі не рэгламентуецца.
Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне аб увядзенні абмежаванняў на карыстанне навучэнцамі сродкамі мабільнай сувязі ў час адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з 1 верасня 2019 года.
Калі будзе павышэнне аплаты працы педагогаў?
С.Г.,Пінск.
— У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы аб паэтапным павышэнні ў 2 разы заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў адукацыі да 2025 года, ва ўрадзе вызначаны падыходы да павышэння заработнай платы педагагічных работнікаў на 2018—2025 гады з улікам неабходнасці дасягнення суадносін сярэдняй заработнай платы педагагічных работнікаў да сярэдняй заработнай платы па краіне 100 працэнтаў, прафесарска-выкладчыцкага складу — 150 працэнтаў.
Дасягненне гэтых параметраў плануецца забяспечыць у некалькі этапаў.
Рэалізацыя першага этапу прадугледжана ў 2018—2019 гадах. У гэтых мэтах прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31.08.2018 № 632, якая прадугледжвае павышэнне з 1 верасня 2018 года тарыфных ставак (акладаў) педагагічным работнікам (уключаючы прафесарска-выкладчыцкі склад) і памочнікам выхавальнікаў на 20 працэнтаў.
З 1 студзеня 2019 года ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.01.2019 № 36, педагагічным работнікам (уключаючы прафесарска-выкладчыцкі склад) устаноўлены дыферэнцыраваныя надбаўкі за кошт павелічэння фонду аплаты працы педагагічных работнікаў на 5 працэнтаў. Гэтая мера дазволіць забяспечыць дыферэнцыраваны падыход да аплаты працы педагагічных работнікаў з улікам аб’ёму, складанасці і выніковасці іх працы.
Другі этап плануецца ажыццявіць у 2020—2025 гадах шляхам штогадовага росту тарыфнай стаўкі першага разраду не ніжэй за тэмп росту інфляцыі і прыняцця дадатковых мер па павелічэнні заработнай платы педагагічных работнікаў з улікам магчымасцей бюджэту.
Мы — перасяленцы з Данбаса. Маем від на жыхарства. Больш за 4 гады жывём і працуем у Беларусі. Нашы дзеці заканчваюць сярэднюю школу. Ці могуць яны паступаць ва УВА Беларусі на бюджэт?
В.В.Белеў, Кобрын.
— Могуць.
У адпаведнасці з пунктам 5 артыкула Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства беларускай нацыянальнасці, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якім прадастаўлены статус бежанца ў Рэспубліцы Беларусь, маюць роўныя з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь правы на адукацыю, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 жніўня 2014 года № 420 “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь”, установы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь маюць права прымаць грамадзян Украіны, якія прадаставілі дакументы, што пацвярджаюць пражыванне і навучанне на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені за кошт сродкаў бюджэту ці на ўмовах аплаты, прадугледжаных для грамадзян Рэспублікі Беларусь, на вакантныя месцы, якія засталіся пасля залічэння грамадзян Рэспублікі Беларусь (пры наяўнасці такіх месцаў), у тым ліку ў выпадку адсутнасці аб’ектыўнай магчымасці прадаставіць увесь пакет дакументаў, якія патрабуюцца ад абітурыента. Прыём ажыццяўляецца па выніках субяседавання ў парадку і на ўмовах, якія вызначаюць установы адукацыі.
У сувязі з тым, што навучанне ў школе ажыццяўляецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паступаць для атрымання вышэйшай адукацыі можна пры наяўнасці ў абітурыента віда на жыхарства ці статуса бежанца.
З-за немагчымасці выканаць усе патрабаванні (вядзенне педагагічнай дзейнасці па рэалізацыі адукацыйных праграм у аб’ёме не менш за 18 гадзін у тыдзень, выкананне арганізацыйна-выхаваўчай работы, праверка сшыткаў) выхавальнікі груп прадоўжанага дня не могуць выйсці на датэрміновую пенсію. У той жа час выхавальнікі дашкольнай адукацыі такое права маюць. Чаму так?
С.А.Казлова, Мінск.
— У мэтах упарадкавання льгот па датэрміновым пенсіённым забеспячэнні з 1 студзеня 2009 года ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб прафесійным пенсіённым страхаванні” ўведзена прафесійнае пенсіённае страхаванне работнікаў, якія заняты ў неспрыяльных умовах працы ці асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 09.10.2008 № 1490 зацверджаны пералік устаноў, арганізацый і пасад для мэт прафесійнага пенсіённага страхавання медыцынскіх і педагагічных работнікаў (далей — Пералік) і Палажэнне аб крытэрыях ацэнкі ўмоў працы для асобных катэгорый работнікаў і (або) асаблівасцей (відаў) работ, якія выконваюцца, для мэт прафесійнага пенсіённага страхавання і парадку іх прымянення (далей — Палажэнне). Прафесійнаму пенсіённаму страхаванню падлягаюць педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі, якія ўказаны ў Пераліку, пры адпаведнасці іх працы ўсім устаноўленым крытэрыям ацэнкі ўмоў працы, якія прадугледжаны Палажэннем, і плаце за іх узносаў на прафесійнае пенсіённае страхаванне. Прымяненне крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы абумоўлена неабходнасцю ўпарадкавання пенсіённых ільгот.
У графу “Найменне ўстаноў, арганізацый” пункта 2 раздзела II Пераліку, акрамя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, уключаны цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і дзіцячыя дамы. У графу “Найменне пасад” гэтага пункта ўключана пасада выхавальніка, паколькі гэтыя работнікі працуюць у цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і дзіцячых дамах.
Крытэрыі ацэнкі ўмоў працы, якія ўказаны ў падпункце 24.2.1, для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (ажыццяўленне педагагічнай дзейнасці ў частцы рэалізацыі адукацыйных праграм у аб’ёме не менш за 18 гадзін у тыдзень, выкананне арганізацыйна-выхаваўчай работы, ажыццяўленне дадатковага кантролю за вучэбнай дзейнасцю навучэнцаў) прадугледжаны для настаўніка, а не для выхавальніка групы прадоўжанага дня.
Выхавальнікі груп прадоўжанага дня не падлягаюць прафесійнаму пенсіённаму страхаванню ў сувязі з тым, што Палажэннем для іх не ўстаноўлены крытэрыі ацэнкі ўмоў працы.
Навошта ліквідавалі гімназіі з 5 класа?
А.Хомчык, Жлобін.
— Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучанні ў іх” ад 25 студзеня 2018 года № 30 прыняты ў мэтах стварэння роўных умоў для атрымання якаснай адукацыі ва ўсіх відах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Адмена ўступных іспытаў у 5 клас гімназій дазволіла зняць неапраўданую псіхалагічную і эмацыянальную нагрузку на вучняў 4-х класаў, што ў цэлым спрыяе захаванасці іх здароўя.
У мэтах стварэння роўных умоў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі і павышэння якасці адукацыі ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх відаў прадастаўлена магчымасць адкрыцця класаў (груп) з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.
Такім чынам, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі створаны ўмовы для атрымання якаснай адукацыі ўсімі навучэнцамі.
Калі ў Віцебску з’явіцца хоць адзін садок ці адна школа з беларускай мовай навучання?
В.С.Скрыль, Віцебск.
— Згодна з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх).
Паводле артыкула 21 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, стварэнне, рэарганізацыя і ліквідацыя ўстаноў адукацыі ажыццяўляецца заснавальнікам установы адукацыі.
Структурныя падраздзяленні гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў галіне адукацыі, фарміруюць класы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай або рускай мовай навучання на падставе сацыяльнага заказу, жаданняў навучэнцаў і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх), якія ў сваіх заявах вызначаюць мову навучання.
У адпаведнасці з заканадаўствам, канчатковае рашэнне аб стварэнні груп (класаў), адкрыцця ўстаноў адукацыі прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, пры гэтым улічваецца колькасць асоб, якія падлягаюць навучанню на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, колькасць існуючых дзяржаўных устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі на гэтай тэрыторыі, а таксама пажаданні законных прадстаўнікоў непаўналетніх.
Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, ва ўстановах дашкольнай адукацыі Віцебска функцыянуе 11 груп з беларускай мовай навучання, у тым ліку 9 груп — у Кастрычніцкім раёне (санаторны яслі-сад № 72 Віцебска) і 2 групы — у Чыгуначным раёне (яслі-сад № 5 Віцебска, яслі-сад № 63 Віцебска). Пры пастаноўцы на ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў вызначэнні ўстановы адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі, у адпаведнасці з пунктам 6.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200 “Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян”, законныя прадстаўнікі непаўналетніх вызначаюць, на якой мове яны жадаюць ажыццяўляць адукацыю дзіцяці. Пры наяўнасці запатрабаванняў бацькоў ствараюцца групы з беларускай мовай навучання.
У сувязі з адсутнасцю заяў бацькоў аб навучанні на беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска класы з беларускай мовай навучання ў цяперашні час не існуюць. Разам з тым ва ўстановах адукацыі створаны неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай мовы і дасканалага валодання ёю. З гэтай мэтай на беларускай мове з вучнямі праводзіцца значная колькасць пазакласных мерапрыемстваў. У асобных школах, гімназіях, установах дадатковай адукацыі створаны ўзорныя калектывы мастацкай самадзейнасці, рэпертуар якіх складаецца з беларускіх народных песень, танцаў. Штогод праводзіцца гарадскі тэатральны конкурс “Сцэнічныя чытанні” па творах беларускіх аўтараў. Сярод вучняў школ Віцебска ёсць уладальнікі дыпломаў пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Органы дзяржаўнага кіравання і ўстановы адукацыі і далей будуць актывізаваць работу па папулярызацыі беларускай мовы ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласці і пры наяўнасці запытаў бацькоў будзе разгледжана магчымасць адкрыцця беларускамоўных класаў і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Калі вызваляць настаўнікаў ад руціннай пісаніны, каб яны мелі час спакойна займацца дзецьмі? Чаму па прадметах выстаўляецца не сярэдні бал, не ацэньваецца работа вучня на працягу чвэрці, а бяруцца адзнакі толькі па кантрольных работах? Чаму нельга называць геаметрыю геаметрыяй, а алгебру — алгебрай?
С.У.Самойлава, Мінск.
— У мэтах скарачэння дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, канкрэтызацыі пераліку дакументаў, якія ўтвараюцца ў дзейнасці асобных катэгорый педагагічных работнікаў у адпаведнасці з іх абавязкамі па пасадзе, прынята пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2017 № 164 “Аб устанаўленні пераліку дакументаў, абавязковых для вядзення асобнымі педагагічнымі работнікамі, і выключэння практыкі прыцягнення педагагічных работнікаў да выканання работ, якія не адносяцца да выканання іх працоўных функцый”, якое размешчана на сайце Міністэрства адукацыі (www. adu.gov.by / Общее среднее образование / Нормативные правовые документы / Постановления).
Па пытанні выстаўлення адзнакі за чвэрць навучэнцу паведамляем, што ў адпаведнасці з пунктам 13 Норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў па вучэбных прадметах, зацверджаных загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29.05.2009 № 674, выстаўленне адзнакі за чвэрць ажыццяўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак на падставе вынікаў тэматычнага кантролю з улікам пераважнага ці найвышэйшага (па рашэнні педагога) паўрочнага бала.
Пералік вучэбных прадметаў вызначаны тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі на навучальны год, які штогод зацвярджаецца пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вучэбны прадмет “Матэматыка” — гэта цыкл навук, якія вывучаюць велічыні і прасторавыя формы (арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя і г.д.). Такім чынам, асобна вызначаць алгебру, геаметрыю і г.д. немэтазгодна.
У апошні час у школах пастаянна збіраюць грошы то на вокны, то на ўстаноўку турнікетаў, то на дапаможнікі. Як даведацца, што для школ дзяржава фінансуе самастойна, а што можа быць зроблена толькі за кошт бацькоў пры іх жаданні?
М.Е.Лісатовіч, Мінская вобласць.
— Бюджэтныя сродкі выдзяляюцца для ўтрымання ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і арганізацыі ў ёй адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з адукацыйнымі праграмамі агульнай сярэдняй адукацыі.
Разам з тым ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі могуць стварацца папячыцельскі савет, бацькоўскі камітэт (пункт 4 артыкула 157 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі), якія функцыянуюць у адпаведнасці з Палажэннем аб папячыцельскім савеце ўстановы адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 № 146, і Палажэннем аб бацькоўскім камітэце ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 28.06.2011 № 47.
Адной з задач дзейнасці папячыцельскага савета з’яўляецца садзейнічанне ўстанове адукацыі ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы (падпункт 10.1 пункта 10 Палажэння аб папячыцельскім савеце ўстановы адукацыі). У склад папячыцельскага савета могуць уваходзіць законныя прадстаўнікі навучэнцаў, педагагічныя работнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый, іншыя асобы.
Члены бацькоўскага камітэта ўстановы адукацыі, кіраўнік установы адукацыі ўзгадняюць кірункі, памеры і парадак выкарыстання сродкаў папячыцельскага савета.
У адпаведнасці з пунктам 24 Палажэння аб папячыцельскім савеце ўстановы адукацыі, фінансавыя сродкі папячыцельскага савета фарміруюцца з добраахвотных узносаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам. Яны залічваюцца на бягучы (разліковы) рахунак па ўліку пазабюджэтных сродкаў установы адукацыі і выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні ў адпаведнасці з рашэннем папячыцельскага савета.
Такім чынам, для рашэння актуальных задач установы агульнай сярэдняй адукацыі кіраўнік пры ўзаемадзеянні з папячыцельскім саветам мае права прыцягваць дадатковыя крыніцы фінансавання, у тым ліку спонсарскую дапамогу і сродкі бацькоў, прычым бацькоўская дапамога можа аказвацца толькі на добраахвотнай аснове шляхам пералічэння сродкаў на разліковы рахунак установы адукацыі.
Лічу небяспечным нарастаючае адставанне нашай краіны ад іншых у сферы агульнай сярэдняй адукацыі. Ці не пара выпраўляць сітуацыю, якая складваецца?
Я.Б.Лівянт, Мінск.
— Адным з прынцыпаў, на якім заснавана на сучасным этапе дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне адукацыі, з’яўляецца інтэграцыя ў сусветную адукацыйную прастору пры захаванні і развіцці нацыянальных традыцый сістэмы адукацыі.
У цяперашні час вядзецца планамерная работа па ўдасканаленні агульнай сярэдняй адукацыі.
У мэтах вывучэння адносін педагогаў да змен у вучэбных праграмах па вучэбных прадметах у снежні 2018 года — студзені 2019 года на Нацыянальным адукацыйным партале праведзена ананімнае анлайн-анкетаванне, у якім прынялі ўдзел 31 287 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў краіны.
Большасць апытаных педагогаў (ад 62 да 96 працэнтаў) станоўча ацанілі змены, якія адбыліся. У сярэднім 84 працэнты ўдзельнікаў анкетавання адзначылі, што новыя вучэбныя праграмы адпавядаюць узроставым пазнавальным магчымасцям навучэнцаў; амаль 90 працэнтаў педагогаў выказаліся супраць далейшага спрашчэння зместу адукацыі па вучэбным прадмеце.
Аб якасці падрыхтоўкі вучняў могуць сведчыць вынікі ўдзелу каманд Рэспублікі Беларусь на міжнародных прадметных алімпіядах. Толькі ў 2018 годзе ў міжнародных прадметных алімпіядах прынялі ўдзел 58 прадстаўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з якіх 50 узнагароджаны медалямі, у тым ліку залатымі — 5, сярэбранымі — 19, бронзавымі — 26.
У мэтах параўнання ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў Рэспублікі Беларусь з навучэнцамі іншых краін, вызначэння далейшых магчымых кірункаў развіцця сістэмы адукацыі ў 2018 годзе Рэспубліка Беларусь упершыню прыняла ўдзел у даследаванні PISA.
Такім чынам, сістэма агульнай сярэдняй адукацыі развіваецца з улікам сусветных тэндэнцый, захоўваючы спецыфіку нацыянальнай адукацыі.
— Чаму ў школах так многа ўрокаў матэматыкі?
М.Г.Дайлідка, Гродзенская вобласць.
— Паняцці “многа” і “мала” з’яўляюцца адноснымі.
Згодна з тыпавым вучэбным планам на 2018/2019 навучальны год, у пачатковай школе колькасць урокаў матэматыкі — 4, у 5—8 класах — 5, у 9 класе — 4, у 10—11класах — 4—6 (залежыць ад базавага ці павышанага ўзроўню вывучэння прадмета). Для параўнання: у тыпавым вучэбным плане сярэдняй агульнаадукацыйнай школы СССР за 1976 год на вывучэнне матэматыкі ў 1—8 класах адводзілася 6 урокаў, у 9—10 класах — 5, а ў 1959 годзе ва ўсіх класах было па 6 урокаў.
Колькасць урокаў па тым ці іншым прадмеце вызначаецца яго неабходнасцю для далейшай жыццядзейнасці чалавека ў грамадстве і ўзроўнем складанасці пры вывучэнні. Матэматыка патрэбна ўсюды: ў тэхнічных і ў гуманітарных УВА, пры падрыхтоўцы розных спецыялістаў, у тым ліку ў лінгвістычных універсітэтах. Акрамя таго, яна адносіцца да найбольш цяжкіх для вывучэння прадметаў. Так, згодна з Санітарнымі нормамі і правіламі “Патрабаванні да ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2012 года № 206, рангавая шкала цяжкасці прадметаў для навучэнцаў 5—11 класаў у балах наступная:
матэматыка — 12;
замежная мова — 11;
беларуская мова, руская мова, мова нацыянальнай меншасці — 10;
фізіка, хімія, інфарматыка, астраномія — 9;
біялогія — 8;
гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя, грамадазнаўства — 7;
геаграфія — 6;
руская літаратура, беларуская літаратура, літаратура нацыянальнай меншасці — 6;
чалавек і свет — 5;
мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура) — 4;
асновы бяспекі жыццядзейнасці — 4;
чарчэнне, працоўнае навучанне — 4;
фізічная культура і здароўе, дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка — 3.
Вывучэнне матэматыкі патрабуе ад навучэнцаў умення аперыраваць абстрактнымі паняццямі, здольнасці засвойваць сутнасць законаў і катэгорый, а таксама запамінаць вялікую колькасць матэрыялу. Таму, калі на гэты прадмет адвесці меншую колькасць урокаў, то вучні сярэдняй школы проста не змогуць яго засвоіць.
— Хто можа абараніць нашых дзяцей ад псіхалагічнага ціску ў школе?
С.А.Рыбалтоўская, Баранавічы.
— Для забеспячэння сацыяльна-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў і аказання ім псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах адукацыі створаны і дзейнічаюць сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя службы (далей — СППС). Спецыялістамі СППС установы адукацыі з’яўляюцца педагог сацыяльны і педагог-псіхолаг. Акрамя таго, сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне дзяцей і сем’яў ажыццяўляюць 138 сацыяльна-педагагічных цэнтраў.
Да гэтых спецыялістаў і патрэбна звяртацца ў выпадку неабходнасці.
Звяртаем увагу на тое, што СППС установы адукацыі аказвае сацыяльна-педагагічную дапамогу непаўналетнім навучэнцам са згоды і ва ўзаемадзеянні з бацькамі ці іншымі законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў, з улікам меркавання самога непаўналетняга.
Аказанне псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу ажыццяўляецца ў парадку, які ўстаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2010 года “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі” і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
— Чаму ў краіне ў прымусовым парадку ўстанаўліваюць турнікеты ў школах? Ці не будзе трагедыі ў выпадку надзвычайнага здарэння ў школе?
Ю.У.Амосава, Гомель.
— Няма ніводнага нарматыўнага прававога акта, які б патрабаваў абавязковай устаноўкі турнікета для гарантавання бяспекі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Разам з тым калі магчымасці школы дазваляюць, то ўстаноўка турнікета вітаецца. Турнікеты павышаюць бяспеку ўстановы адукацыі, бо дзякуючы гэтым прыстасаванням у будынак не пройдзе пабочны чалавек. Акрамя таго, яны зручныя тым, што дазваляюць весці дакладны ўлік наведвання школы вучнямі, у тым ліку хутка ўстанавіць прысутнасць дзіцяці ў школе, час яго выхаду з яе і іншыя абставіны, якія напрамую звязаны з бяспекай вучня.
Да ўстаноўкі турнікета прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні. Для таго каб дзеці і персанал змаглі без праблем пакінуць будынак школы ў выпадку надзвычайнага здарэння, на прыстасаванні павінен быць рэжым “антыпаніка”. А для забеспячэння неабходнай шырыні праходу (не менш за 1200 мм) побач з турнікетам звычайна ўстанаўліваюць хутказдымную агароджу ці аўтаматычныя брамкі, якія ад сігнала з кантрольнай прылады супрацьпажарнай сігналізацыі аўтаматычна прыводзяцца ў адкрытае становішча. Акрамя таго, механізм устанаўліваецца ў вестыбюлі, а не на шляхах эвакуацыі.
Звяртаем увагу на тое, што ўстаноўка электронных турнікетаў з’яўляецца прыватным элементам праекта “Электронная школа”, рэалізацыя якога ў перспектыве дазволіць не толькі гарантаваць бяспеку ва ўстановах адукацыі, улічваць час прыходу ў школу і выхаду з яе, але і весці цэлы масіў інфармацыі, якая адносіцца да адукацыйнага і звязанага з ім працэсаў.
— Арганізацыям і прадпрыемствам патрэбны спецыялісты з працоўным вопытам. Выпускнікі-бюджэтнікі забяспечваюцца першым рабочым месцам, і яны набудуць двухгадовы працоўны стаж. А як быць выпускнікам, якія вучыліся на платнай аснове?
І.Г.Зых, Стоўбцы.
— Дзяржава бярэ на сябе выдаткі па падрыхтоўцы неабходных спецыялістаў і рабочых і гарантуе выпускнікам, якія вучыліся за кошт бюджэтных сродкаў, першае рабочае месца.
Падрыхтоўка на ўмовах аплаты ажыццяўляецца з улікам адукацыйных запытаў насельніцтва. Выпускнікі, якія атрымалі адукацыю на ўмовах аплаты, размеркаванню не падлягаюць і працаўладкоўваюцца самастойна ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.
Разам з тым за дадзенымі выпускнікамі замацавана права на накіраванне на працу па іх жаданні з выдачай пасведчання аб накіраванні на працу (пункт 5 артыкула 84 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі). Для рэалізацыі гэтага права грамадзяніну, які атрымаў адукацыю на ўмовах аплаты, неабходна да выпуску з установы адукацыі звярнуцца ў камісію па размеркаванні выпускнікоў.
На выпускнікоў, накіраваных на працу па іх жаданні, распаўсюджваюцца (пункт 6 артыкула 84 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі) гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя для маладых спецыялістаў (падпункты 3.1—3.3 пункта 3 артыкула 48 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі).
Для даведкі: у 2018 годзе 1016 выпускнікоў, якія вучыліся за ўласныя сродкі на дзённай форме навучання і выказалі жаданне атрымаць першае рабочае месца, атрымалі накіраванне на працу.
— Чаму дазваляецца вучыць здаровых дзяцей у дамашніх умовах па розных расійскіх і іншых праграмах?
І.М.Бабкова, Мінск.
— У адпаведнасці з Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2011 года № 283, для адораных і таленавітых навучэнцаў, а таксама для вучняў, якія па ўважлівых прычынах пастаянна ці часова на працягу навучальнага года не могуць наведваць вучэбныя заняткі і праходзіць ва ўстаноўленыя тэрміны атэстацыю, адукацыйны працэс можа быць арганізаваны па індывідуальным вучэбным плане.
Дзеці, якія вучацца па індывідуальным вучэбным плане, павінны самастойна засвойваць змест толькі тых вучэбных праграм, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, і ва ўстаноўленыя кіраўніцтвам установы адукацыі тэрміны праходзіць атэстацыю (па выніках чвэрці і па выніках года).
У Рэспубліцы Беларусь выкарыстанне адукацыйных праграм Расійскай Федэрацыі і іншых краін пры арганізацыі навучання па індывідуальным вучэбным плане забаронена. У выпадку выяўлення такіх фактаў неабходна паведамляць пра гэта ў адпаведны орган кіравання адукацыяй.
— Чаму асобам, якія ўжо адслужылі ў арміі, нельга з грамадзянскага факультэта пераводзіцца на ваенны?
Я.М.Варановіч, Лельчыцы.
— У адпаведнасці з пунктам 148 Інструкцыі аб парадку арганізацыі працы ваеннай навучальнай установы, зацверджанай пастановай Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2008 года № 20/20, перавод студэнтаў з блізкай па профілі падрыхтоўкі грамадзянскай установы вышэйшай адукацыі ў ваенную навучальную ўстанову ажыццяўляецца з дазволу намесніка міністра абароны пры ўмове наяўнасці ў іх падрыхтоўкі па праграмах малодшых камандзіраў, іх адпаведнасці медыцынскім і прафесійна-псіхалагічным патрабаванням, патрабаванням па фізічнай падрыхтоўцы, а таксама патрабаванням, устаноўленым для паспяховага праходжання навучання па канкрэтнай спецыяльнасці.
Артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 года № 1914-XII “Аб воінскім абавязку і воінскай службе” прадугледжана, што грамадзяне мужчынскага полу, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прымаюцца на навучанне па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу без праходжання навучання па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў. Адпаведна, праходжанне тэрміновай ваеннай службы, службы ў рэзерве можа быць прыраўнаваным пры разглядзе пытання пераводу ў ваенную навучальную ўстанову да праходжання навучання па праграмах малодшых камандзіраў.
Такім чынам, студэнты, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, могуць быць пераведзены з грамадзянскага на ваенны факультэт установы вышэйшай адукацыі (у ваенную навучальную ўстанову) пры наяўнасці вакантных месцаў і ў адпаведнасці з вышэйназванымі патрабаваннямі.
— Чаму б не ўзяць лепшы вопыт савецкай школы і выкарыстаць савецкія падручнікі, а таксама перагледзець вучэбныя планы, каб замежная мова не валодала над дзяржаўнай?
— Вучэбнае кнігавыданне кожнай краіны рэалізоўвае мэты і задачы, якія стаяць перад нацыянальнай сістэмай адукацыі. Адной з найважнейшых функцый школьнага падручніка з’яўляецца выхаваўчая, таму змест падручніка павінен быць накіраваны на выхаванне патрыёта, грамадзяніна. З гэтай мэтай у змест сучасных беларускіх падручнікаў уключаюць вучэбны матэрыял, які адлюстроўвае нацыянальна-культурную спецыфіку Рэспублікі Беларусь, дазваляе знаёміць вучняў з дасягненнямі беларускага народа ў розных сферах жыццядзейнасці.
Распрацоўка нацыянальных падручнікаў ажыццяўляецца з улікам вопыту і традыцый савецкай школы.
Істотнымі адрозненнямі новых вучэбных дапаможнікаў з’яўляюцца больш даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу, выкарыстанне розных форм падачы інфармацыі, практыка-арыентаванасць, выкарыстанне заданняў і практыкаванняў з беларускім кантэкстам, наяўнасць спасылак на электронныя адукацыйныя рэсурсы.
Новыя вучэбныя праграмы таксама адлюстроўваюць нацыянальна-культурную спецыфіку рэспублікі, арыентаваны на фарміраванне грамадзянскасці, выхаванне патрыятызму, засваенне культурнай спадчыны краіны.
У вучэбных планах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вытрыманы аптымальныя суадносіны гадзін па вучэбных прадметах грамадска-гуманітарнага, прыродазнаўчага і матэматычнага цыкла.
Вывучэнне беларускай і рускай мовы, беларускай і рускай літаратуры ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца з 1 па 11 клас, а замежнай мовы — з 3 па 11 клас. Таму агульная колькасць гадзін, якія за ўвесь перыяд навучання адводзяцца на вывучэнне дзяржаўных моў (беларускай і рускай) — 1715 гадзін, беларускай і рускай літаратуры — 1435, у той час як на вывучэнне замежнай мовы адведзена 945 гадзін.
— Ці не плануецца зніжэнне колькасці гадзін на стаўку выхавальнікам дашкольнай адукацыі?
— Пакуль не.
Згодна з пунктам 2 дадатку 1 да пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 5 верасня 2011 года № 255 “Аб устанаўленні скарочанай працягласці працоўнага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў і прызнанні страціўшымі сілу асобных пастаноў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”, выхавальніку дашкольнай адукацыі ўжо ўстаноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу — 36 гадзін у тыдзень.
Акрамя таго, у 2020—2025 гадах запланавана павелічэнне заработнай платы педагагічным работнікам шляхам штогадовага росту тарыфнай стаўкі першага разраду не ніжэйшага за тэмпы росту інфляцыі і прыняцця дадатковых мер (не меней, чым адзін раз) з улікам магчымасцей бюджэту.
Далейшае скарачэнне працягласці працоўнага часу выхавальніка дашкольнай адукацыі выкліча істотнае павелічэнне колькасці дадзеных работнікаў і ў выніку рост бюджэтных выдаткаў.
У цяперашні час магчымасці бюджэту не дазваляюць ажыццявіць адначасова павелічэнне заработнай платы выхавальнікаў дашкольнай адукацыі і рост штатнай колькасці дадзенай катэгорыі педагагічных работнікаў.
Такім чынам, пытанне памяншэння працягласці працоўнага часу выхавальніка дашкольнай адукацыі не разглядаецца.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.