У прэстыжы — прафесійная адукацыя

Міністр адукацыі Ігар Карпенка прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы, прымеркаванай да Дня ведаў, у Маладзечанскім політэхнічным каледжы. Удзельніцай святочнага мерапрыемства была таксама намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі Надзея Каткавец.

Ігар Васільевіч павіншаваў навучэнцаў і выкладчыкаў з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў цікавай і плённай сумеснай працы. Асобна міністр звярнуўся да першакурснікаў: “Вы зрабілі правільны выбар на карысць сучасных, запатрабаваных у нашай краіне прафесій. Каледж рыхтуе спецыялістаў для харчовай і хімічнай прамысловасці, металаапрацоўкі, будаўнічай і іншых абласцей. У гэтых сектарах эканомікі ствараюцца новыя працоўныя месцы, беларускія прадпрыемствы аснашчаюцца найноўшым абсталяваннем, сучаснымі тэхналагічнымі матэрыяламі. Рэсурсы політэхнічнага каледжа — тэхнічныя, тэхналагічныя, метадычныя — дазваляюць рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры па спецыяльнасцях, якія гарантуюць запатрабаванасць на рынку працы, канкурэнтную заработную плату і выдатны старт для кар’ернага і прафесійнага росту”.

Далей міністр адукацыі заўважыў, што дзякуючы выбудаванай сістэме прафарыентацыі ў краіне ўдалося павысіць прэстыж рабочых спецыяльнасцей — навучэнцы, якія паступаюць у каледжы і ліцэі, маю ць высокі бал атэстата і свядома выбіраюць будучую прафесію. “Павысіць прэстыж прафесійнай адукацыі дазволіць і новаўвядзенне — у новым навучальным годзе намі прадугледжана магчымасць арганізацыі працоўнага навучання школьнікаў на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта дазволіць вучням атрымаць прафесійныя навыкі на сучасным абсталяванні пад кантролем педагогаў высокага класа”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Адным з перспектыўных напрамкаў развіцця прафесійнай адукацыі з’яўляецца ўдзел у руху WorldSkills. Конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus дае шанс маладым рабочым і спецыялістам павысіць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы і атрымаць самае галоўнае — вопыт. “Прыемна, што вашы навучэнцы паспяхова прадстаўлялі каледж на праведзеным конкурсе адразу ў некалькіх кампетэнцыях. Віншую Паліну Гутырчык, якая годна выступіла ў кампетэнцыі “Хлебапячэнне” (3-е месца)”, — звярнуўся да навучэнцаў міністр адукацыі.

З нагоды свята Ігар Васільевіч падарыў каледжу тэлевізар і мячы. Да віншавальных слоў Ігара Карпенкі далучылася Надзея Каткавец, якая адзначыла, што дзяржаве патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, таму “ад навучання неабходна браць па максімуме”.

Маладзечанскі політэхнічны каледж з’яўляецца рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам. Тут вучацца ўдзельнікі і пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills, дзейнічае шэраг сучасных вучэбных лабараторый. Пасля святочнай лінейкі міністр і генеральны дырэктар Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі азнаёміліся з вучэбна-метадычнай базай каледжа, якая дазваляе рыхтаваць не толькі сучасных спецыялістаў, але і гнутка ўдасканальваць вучэбны працэс дзеля патрэб рэальнай рыначнай эканомікі. “Мы адкрыты і гатовы працаваць з заказчыкамі кадраў”, — падкрэсліў дырэктар каледжа Міхаіл Клокель. І, трэба адзначыць, вучэбна-метадычная база каледжа адпавядае ўсім сучасным патрабаванням.

У кожнай лабараторыі да кожнага віду абсталявання ёсць дыдактычныя матэрыялы, што аблягчае працу выкладчыка і працэс успрымання ведаў навучэнцам. У каледжы працуюць 83 штатныя выкладчыкі, у тым ліку 1 магістр педагагічных навук, 1 магістр тэхнічных навук, 2 бакалаўры тэхнічных навук. Мы пабывалі ў лабараторыі мікрабіялогіі прадукцыі харчовых вытворчасцей. Для вывучэння марфалагічных асаблівасцей мікраарганізмаў у лабараторыі ўстаноўлены бінакулярныя мікраскопы МІКМЕД-5. Акрамя гэтага, маецца трынакулярны мікраскоп OPTIKA з USB-портам для падключэння камп’ютара з мэтай пашырэння дэманстрацыйных якасцей пры мікраскапіраванні і магчымасцю захоўваць фота- і відэафайлы.

Матэрыяльна-тэхнічная база лабараторыі тэхнахімічнага кантролю прадукцыі брадзільных вытворчасцей і вінаробства ўяўляе сабой комплекс спецыялізаваных сродкаў вымярэння, выпрабавальнага і дапаможнага абсталявання, якія адпавядаюць сучаснаму стану выкладаемых спецдысцыплін і развіццю харчовай галіны, для якой каледж рыхтуе спецыялістаў. У прыватнасці, з мэтай вызначэння паказчыкаў якасці піваварнага соладу ў лабараторыі ўсталяваны лабараторны заторны апарат R-4 (1-CUBE, Чэхія) для падрыхтоўкі лабараторнага піўнога сусла па методыках CONGRESS або HARTONG.

Кабінет мантажу, наладкі і тэхнічнай эксплуатацыі мехатронных сістэм абсталяваны мехатроннымі модулямі вытворчасці міжнароднага канцэрна Festo, які з’яўляецца лідарам у галіне пнеўматычнай і электроннай тэхнікі аўтаматызацыі. Базавым элементам модульнай вытворчай сістэмы MPS з’яўляецца транспартная лінія, якая ўключае ў сябе стужачны транспарцёр, прывад, элементы кіравання і датчыкі. З дапамогай транспартнай лініі можна перамяшчаць і сартаваць па схілах нарыхтоўкі або палеты для нарыхтовак. Транспартную лінію можна з лёгкасцю пашыраць рознымі рухавікамі, рэгулятарамі, пераўтваральнікамі, блокамі кіравання і тэхналогіямі падлучэння, такімі як AS-інтэрфейс або тэхналогія уваходаў-выхадаў. Кожную лінію можна дапоўніць рознымі модулямі.

Рэсурсны цэнтр каледжа выконвае і прафарыентацыйную функцыю. Тут пастаянна праводзяцца экскурсіі для вучняў 8—10 класаў, пасля якіх многія прыходзяць вучыцца ў каледж. Акрамя таго, на такія экскурсіі запрашаюць не толькі навучэнцаў школ горада і раёна, але і іх бацькоў, якія нярэдка скептычна ставяцца да ідэі дзіцяці вучыцца ў каледжы. Але матэрыяльна-тэхнічная база каледжа прымушае іх задумацца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *