У Прыстаньцы, далей ад царскіх слуг…

- 11:58Культура, Рознае

Гэта было 110 гадоў назад. 9 ліпеня 1906 года група беларускіх настаўнікаў з самых розных куткоў Беларусі сабралася ва ўрочышчы Прыстанька, на беразе Нёмана, недалёка ад вёскі Мікалаеўшчыны, што на Стаўбцоўшчыне, на свой нелегальны з’езд. Яны ішлі туды кожны рознымі сцежкамі, а потым доўга і горача абмяркоўвалі пытанні, якія найбольш хвалявалі іх сэрцы і розумы: пра неабходнасць навучання дзяцей на роднай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму, далучэнне да агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху “Всероссийский союз учителей”… Ужо калі было за поўнач, яны выправіліся ў Мікалаеўшчыну, каб у тамтэйшай школе (былым народным вучылішчы) падпісаць усе свае пратаколы. Яны, наіўныя, не ведалі, што за імі ад пачатку сачылі. А другой гадзіне ночы ў вучылішча ўварваліся жандары. Арыштавалі паўтара дзясятка настаўнікаў, якія падпісвалі тыя дакументы. Натуральна, усіх тады звольнілі з працы, судзілі ж толькі некалькіх, у тым ліку Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа). 15 верасня 1908 года апошняга закратавалі ў сумнавядомым Пішчалаўскім замку, выпусцілі адтуль толькі праз тры гады — 15 верасня 1911 года. Усё гэта было так даўно, але ўсё гэта было праўдай. Нашай горкай і ў той жа час светлай беларускай праўдай, якая назаўсёды засталася ў гісторыі нашага настаўніцтва.

Чаму горкай, чаму светлай?

У пазамінулую пятніцу, 8 ліпеня 2016 года, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа зладзіў на Стаўбцоўшчыне вялікую літаратурна-музычную імпрэзу “Дзе льецца Нёман срэбнаводны…”, прысвечаную 110-годдзю нелегальнага настаўніцкага з’езда. На беразе Нёмана сабраліся сённяшнія настаўнікі і ветэраны педагагічнай працы, беларускія літаратары, землякі народнага паэта, журналісты, звычайныя мікалаеўцы, якія шануюць памяць пра свайго знакамітага зямляка і пра той нелегальны з’езд. Удзельнікі свята мелі магчымасць наведаць філіялы музея Коласа, пачуць выступленні народных калектываў Стаўбцоўшчыны, убачыць тэатралізаваны паказ і, безумоўна ж, апынуцца, выгаварыцца адно перад адным у самым сэрцы падзеі — у тым самым урочышчы Прыстанька, дзе праходзіў калісьці з’езд. Рэй на імпрэзе вяла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Мікалаеўна Камароўская.

Дык чаму ж горкая, дык чаму ж светлая для нас тая падзея 110-гадовай даўнасці?

Прызнацца, многае з пачутага ў пазамінулую пятніцу з вуснаў выступоўцаў мяне па-сапраўднаму ўразіла. Можа быць, я забыў ужо пра гэта, хоць калісьці ведаў, можа быць, раней не ўдзяляў гэтым фактам належнай увагі, але вось…

Зінаіда Мікалаеўна Камароўская нагадала, што ў канцы 1905 года ў Мінску беларускія настаўнікі ўжо збіраліся на з’езд, таму будзе няправільным казаць, як гэта часта робяць, што нелегальны з’езд у Прыстаньцы быў першым.

Пра канспірацыю ў 1906 годзе настаўнікі ўсё ж не забыліся. З розных паветаў яны ехалі на Стаўбцоўшчыну, нібыта каб адсвяткаваць там дзень нараджэння настаўніка Антона Камароўскага. Гэта была версія для ўлад. Але яны ўсё-такі даведаліся праўду і ўжо былі напагатове.

У ноч з 9 на 10 ліпеня ў Мікалаеўскім вучылішчы групу з паўтара дзясятка настаўнікаў арыштоўвалі ажно 25 конных жандараў.

Супрацоўнікі дома Якуба Коласа падрыхтавалі дакладны спіс тых, хто складаў дакументы з’езда. Вось яны (звярніце ўвагу на шырокую геаграфію): Сямён Самахвал, Аляксандр Райскі, Аляксандр Сянкевіч, Нікіфар Янкоўскі, Вікенцій Віяленцій, Фёдар Калечыц (з Мінскага павета), Іосіф Міцкевіч (з Ковенскай губерні), Канстанцін Міцкевіч, Адам Вайцяхоўскі (з Ігуменскага павета), Іван Лапцэвіч, Аляксей Аляшкевіч, Уладзімір Міцкевіч (з Бабруйскага павета), Антон Камароўскі (з Пінскага павета), Адам Мілюк (з Ашмянскага павета), Міхаіл Пальчэўскі (са Слуцкага павета), Іван Фёдараў (з Барысаўскага павета), Аляксандр Філіповіч (не прызначаны да месца працы).

Менавіта ў астрожным замку Якубам Коласам былі напісаны першыя раздзелы паэмы “Новая зямля”, з’явілася задума напісаць паэму “Сымон-музыка”. У 1910 годзе, калі паэт быў яшчэ ў зняволенні, дзякуючы руплівасці яго сяброў у Вільні пабачыў свет яго першы зборнік вершаў “Песні жальбы”. “Калі б Якуб Колас, як, напрыклад, Сянкевіч і Янкоўскі, паехаў пасля з’езда ў Амерыку, то, мабыць, Колас і не быў бы тым Коласам, якога сёння мы маем. Таму, можа, варта і падзякаваць Пішчалаўскаму замку? — рытарычна запыталася Зінаіда Камароўская і тут жа дадала: — Я, вядома ж, жартую так горка. Зняволенне было страшэннай трагедыяй для маладога 26-гадовага чалавека. Але, але… У нас ёсць цяпер Якуб Колас. У нас ёсць той нелегальны з’езд настаўнікаў, якія імкнуліся зрабіць для беларусаў жыццё лепшым. Тое, што працягваюць рабіць настаўнікі і сёння”.

Вось такое яно было — горкае і светлае…

Пра Алеся Сянкевіча, аднаго з арганізатараў з’езда, якраз таго, які паехаў у Амерыку, згадаў у сваім выступленні паэт зямляк Якуба Коласа Алесь Адамавіч Камароўскі. У свой час ён пісаў пра Сянкевіча дыпломную работу, вывучаў віленскія архівы, напісаў пра яго кнігу. Але што з
таго, што Алесь Сянкевіч з’ехаў тады за акіян, скончыў там медыцынскі інстытут? У гэтага чалавека быў вельмі трагічны лёс. Калі пачалася грамадзянская вайна, ён прыехаў на Далёкі Усход, лячыў там самога Сяргея Лазо, у 1921 годзе вярнуўся ў Беларусь, быў наркамам аховы здароўя БССР, рэктарам Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі, дырэктарам Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР. А ў 1938 годзе яго арыштавалі і расстралялі. Дарэчы, менавіта Алесь Сянкевіч — прататып Алеся Садовіча ў рамане Якуба Коласа “На ростанях”.

Вось такое яно было — горкае і светлае…

Адметную гісторыю яшчэ пра аднаго ўдзельніка нелегальнага настаўніцкага з’езда — Адама Мілюка — расказаў на свяце яшчэ адзін зямляк Якуба Коласа — паэт Мікола Аляксандравіч Маляўка. Так атрымалася тады, у ноч з 9 на 10 ліпеня 1906 года, што Адама Мілюка ў момант арышту настаўнікаў-дэлегатаў у Мікалаеўскім народным вучылішчы не аказалася. Але, даведаўшыся пра ўсё, той сам прыйшоў у паліцыю і запатрабаваў спіс затрыманых: “Дайце мне гэты спіс — і я там распішуся…”

“Другі б уцёк, схаваўся б недзе. А ён сам прыйшоў. Якія ж былі яны адданыя адзін аднаму, сябры і аднадумцы!” — дадаў Мікола Аляксандравіч і прачытаў цудоўны верш, які тут хочацца прывесці цалкам.

У Прыстаньцы, далей ад царскіх слуг,

На тайны з’езд настаўнікі сышліся.

І Нёман запаволіў бег унізе

Як аднадумец іх, як верны друг,

Да часу ўтойваў ён бунтарства дух —

І не знайшлі яго ў крамольным спісе

Настаўнікаў, якія пакляліся,

Як сцяг, падняць рэвалюцыйны рух.

— Гэ-э-эй! — крычу ў мінулае стагоддзе. —

На вогнішча купальскае выходзьце!..

Без водгуку, шукаючы людзей,

Замерла рэха недзе ў далях шэрых.

І толькі Нёман, сведка тых падзей,

У бераг б’е і падмывае бераг.

Чыталі свае пранікнёныя вершы на свяце ў Прыстаньцы старшыня мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Паўлавіч Пазнякоў, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Анатольевіч Шніп, былая настаўніца Аліна Антонаўна Легастаева, Яўген Вікенцьевіч Карпуць. Са словамі ўдзячнасці ў адрас арганізатараў мерапрыемства выступілі намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Яўгенавіч Шэсцель, дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алена Васільеўна Жураўлёва, іншыя шаноўныя госці.

Дарэчы, на гэты год выпала шмат юбілеяў, звязаных з іменем нашага песняра: не толькі 110-годдзе нелегальнага настаўніцкага з’езда, але і 110-годзе пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа, 60-годдзе напісання ім знакамітага артыкула ў абарону беларускай мовы, 30-годдзе навуковай канферэнцыі “Каласавіны”, 60-я гадавіна смерці Канстанціна Міхайлавіча… І супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа абяцаюць правесці ў другой палове года яшчэ нямала адметных мерапрыемстваў.

А тое свята 8 ліпеня міжволі заканчвалася. Ды ўсё гэтак жа, як і 110 гадоў назад, біў у бераг і падмываў бераг Нёман.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

P.S. Тым, хто жадае падрабязна пазнаёміцца з усімі абставінамі правядзення нелегальнага настаўніцкага з’езда і яго наступствамі (рэакцыямі тагачасных чыноўнікаў ад адукацыі, матэрыяламі следства і суда, пратаколамі і інш.), раім звярнуцца да кнігі “З жыццяпісу Якуба Коласа” (укладальнік Г.В.Кісялёў; Мінск: “Навука і тэхніка”, 1982).