У прыярытэце — асоба дзіцяці

На важнасці паляпшэння эканомікі і павышэння эканоміі ў навучальных установах была акцэнтавана ўвага на выніковым пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснікі старшынь, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі рай-, гарвыканкамаў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання.

—У мінулым годзе функцыянаванне навучальных устаноў было накіравана на павышэнне якасці адукацыі, захаванне яе даступнасці, гарантаванне бяспечных умоў адукацыйнага працэсу пры эфектыўным выкарыстанні наяўных рэсурсаў. Ва ўмовах жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў у цэлым мы змаглі забяспечыць рэалізацыю дзяржаўных праграм, накіраваных на стабільнае функцыянаванне і развіццё адукацыйнай галіны. Сёння перад намі стаіць задача далейшага ўдасканалення бесперапыннай адукацыі, якая бу­дзе адпавядаць патрэбам эканомікі рэгіёна і дзяржавы ў цэлым, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Барысавіч Заблоцкі.

Паводле яго слоў, стварэнню ўмоў для атрымання якаснай адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях спрыяюць меры па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. Атрыманая за апошнія гады эканомія бюджэтных сродкаў дазволіла накіраваць на будаўніцтва новых аб’ектаў больш як 45 млн рублёў. Пабудаваны дзве школы ў мікрараёнах інтэнсіўнай жылой забудовы Бабруйска і Магілёва, дзіцячы сад на 40 месцаў у аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна, прыбудова з рэканструкцыяй ясляў-сада ў аграгарадку Усход Магілёўскага раёна, тры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

На капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі летась з бюджэту накіравалі 15,8 млн рублёў, на рэалізацыю энергазберагальных мерапрыемстваў — звыш 5 млн, што дазволіла поўнасцю выканаць мэтавы паказчык па энергазберажэнні. Значныя сродкі ў памеры больш як 1 млн рублёў пайшлі на замену аконных блокаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, дзе іх стан быў незадавальняючым і прыводзіў да вялікай страты цеплавой энергіі. Гэтую работу поўнасцю завершаць на працягу 2020 года. Акрамя таго, за кошт сродкаў раённых бю­джэтаў сёлета плануецца закупіць 16 школьных аўтобусаў для забеспячэння бесперабойнага падвозу навучэнцаў у  сельскай мясцовасці. Агульны прыярытэт у бягучым годзе нададуць умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы на харчаблоках і фізкультурна-спартыўных аб’ектах устаноў адукацыі.

Наогул, у сферу адукацыі ў 2020 годзе плануецца накіраваць 31,4% кансалідаванага бюджэту Магілёўскай вобласці. З улікам эканамічнай сітуацыі на першы план у функцыянаванні навучальных устаноў выходзіць эканомія бюджэтных сродкаў і планамерная пазабюджэтная дзейнасць. Летась установы адукацыі рэгіёна зарабілі на платных паслугах больш за 20 млн рублёў.

— Лідарамі па атрыманні даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж і Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3. Іх станоўчы вопыт варта вывучаць і распаўсюджваць, — сказаў А.Б.Заблоцкі.

Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці было рэкамендавана накіроўваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэнне аплаты працы педагогаў. Функцыянаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі зараз разглядаецца не толькі пад вуглом паляпшэння якасці навучання, але і праз прызму эканамічнай эфектыўнасці. Для скарачэння бюджэтных расходаў органамі кіравання адукацыяй на працягу года прымаліся розныя меры. Асаблівая ўвага ўдзялялася дзейнасці малакамплектных школ, напаўняльнасці класаў як у сельскай, так і ў гарадской мясцовасці, бо гэта напрамую ўздзейнічае на памер выдаткаў на кожнага вучня і рацыянальнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў. На пачатак бягучага навучальнага года ў галіне аптымізавана 2 і рэарганізавана 5 навучальных устаноў. Працягваюць функцыянаваць яшчэ 13 малакамплектных школ з агульнай напаўняльнасцю да 25 вучняў.

— Аптымізацыю нельга праводзіць стыхійна. Ёй павінна папярэднічаць адпаведная падрыхтоўчая работа: растлумачальныя гутаркі з педагогамі і бацькамі, прадуманы перавод дзяцей у іншыя навучальныя ўстановы, арганізацыя якаснага падвозу. Патрабуюць урэгулявання пытанні працаўладкавання настаўнікаў, уключэння ў гаспадарчы абарот вызваленых будынкаў і забеспячэння далейшага функцыянавання аб’ектаў спартыўнай інфраструктуры, — адзначыў Андрэй Барысавіч, пасля чаго агучыў вынікі іншых напрамкаў дзейнасці.

У вобласці захоўваецца даступнасць якаснай дашкольнай адукацыі, якая забяспечваецца за кошт будаўніцтва ўстаноў, аптымізацыі іх сеткі, укаранення новых форм яе арганізацыі. Зараз у рэгіёне функцыянуюць 478 дашкольных устаноў, якія наведваюць звыш 45 тысяч дзяцей. За апошнія гады для забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі створана звыш 2 тысяч месцаў. Але, нягледзячы на гэта, задача забеспячэння крокавай даступнасці ў мікрараёнах інтэнсіўнай забудовы да канца не вырашана. Была выказана прапанова, што істотным чынам у вырашэнні гэтага пытання дапаможа размяшчэнне ўстаноў на першых паверхах жылых будынкаў ці ў прыбудаваных да жылых дамоў памяшканнях.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, у рэгіёне створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай самарэалізацыі і сацыялізацыі дзяцей і моладзі. Па выніках мінулага года ў шэрагу кірункаў адзначаецца станоўчая дынаміка. Больш чым у два разы павысілася выніковасць удзелу навучэнцаў і педагогаў у конкурсах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў. Праграма аздараўлення дзяцей і падлеткаў выканана ў сярэднім вышэй, чым па краіне. Дзякуючы кансалідацыі намаганняў суб’ектаў прафілактыкі, удалося знізіць узровень падлеткавай злачыннасці. Скарацілася колькасць дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. І што значна: 86% дзяцей-сірот уладкаваны на сямейныя формы выхавання.

Добрая тэндэнцыя развіцця назіраецца ў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. За справаздачны перыяд увага ўдзялялася не толькі яе якасці і даступнасці, але і забеспечэнню баланса інтарэсаў рэгіёна, арганізацый — заказчыкаў кадраў. Падрыхтоўка рабочых кадраў установамі прафтэхадукацыі вядзецца з улікам рынку працы, тэхнічных і тэхналагічных змяненняў у эканоміцы. Ажыццяўляецца перападрыхтоўка дарослага насельніцтва, адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Заўсёды запатрабаваны і выпускнікі ўстаноў гэтага профілю. За мінулы год выпуск з устаноў прафтэхадукацыі склаў 4,6 тысячы чалавек. Практычна ўсім ім прадастаўлена першае рабочае месца. Актуальным застаецца пытанне фарміравання заказу на падрыхтоўку спецыялістаў.

— Кожнай установе патрэбен выразны заказ: колькі спецыялістаў, якога ўзроўню, якой кваліфікацыі патрабуецца ў маштабах канкрэтнага прадпрыемства і галіны на перспектыву. Таму галоўнымі арыенцірамі ў дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі застаюцца аналіз і прагноз структуры занятасці і рынку працы, — канстатаваў А.Б.Заблоцкі.

Як было адзначана падчас пасяджэння, станоўчая дынаміка назіраецца і ў дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У навучальных установах належным чынам забяспечваецца павышэнне якасці адукацыі, развіццё здольнасцей навучэнцаў. Гэта дае адпаведныя вынікі. За мінулы год 379 выпускнікоў атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым і сярэбраным медалямі. Пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай выдадзены 484 выпускнікам. На цэнтралізаваным тэсціраванні прадстаўнікі Магілёўшчыны атрымалі 23 стабальныя сертыфікаты. Пра ­якасць агульнай сярэдняй адукацыі і адлажаную сістэму падтрымкі адораных навучэнцаў сведчаць вынікі магілёўскіх школьнікаў у алімпіядным руху. Навучэнцы пастаянна заваёўваюць пераможныя дыпломы ў міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах.

У рэгіёне створаны роўныя ўмовы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. Але між тым некаторыя раёны на працягу апошніх трох гадоў не маюць станоўчых вынікаў на рэспубліканскай алімпіядзе. На пасяджэнні калегіі была засяроджана ўвага і на дзейнасці ліцэяў і гімназій. Чаму калі адны ўстановы такога профілю паказваюць бліскучыя паказчыкі, іншыя не апраўдваюць свой статус? “Такая негатыўная тэндэнцыя павінна быць поўнасцю выкаранена. Магчыма, праз павышэнне матывацыі педагогаў. За выніковую работу па падрыхтоўцы навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання і ўдзелу ў алімпіядным руху для настаўнікаў будзе распрацавана сістэма надбавак ва ўмовах пераходу на новую аплату працы”, — адзначыў Андрэй Барысавіч Заблоцкі.

У ходзе пасяджэння калегіі былі разгле­джаны і іншыя актуальныя тэмы. Асаблівая ўвага была ўдзелена кадраваму пытанню. Па меркаванні ўдзельнікаў пасяджэння, неабходна ўзмацніць прафарыентацыйныя мерапрыемствы і мэтанакіраваную работу па замацаванні маладых спецыялістаў. Кіраўнікам устаноў адукацыі варта клапаціцца пра кадравы патэнцыял. Ім трэба своечасова фарміраваць заказ на падрыхтоўку адпаведных спецыялістаў. Пасля — усебакова дапама­гаць маладым настаўнікам. Дарэчы, з выпускнікоў 2017 года на сваіх першых працоўных месцах замацаваліся 70% пачынаючых педагогаў. Летась ва ўстановы адукацыі рэгіёна прыйшлі працаваць 450 маладых спецыялістаў. На месцах будуць пры­маць усе магчымыя меры, каб максімальная іх колькасць засталася ў прафесіі.

— Нам трэба сумесна выпрацаваць сіс­тэму агульных каардынат для далейшай работы і асаблівую ўвагу ўдзяліць эканоміцы сферы адукацыі. Усе рэцэпты паспяховай працы вядомы, рэсурсы таксама на паверхні. Мы можам дасягаць лепшых вынікаў, калі разам пераадолеем праблемы і разам вызначым ключавыя далейшыя мэты, — матываваў прысутных на пасяджэнні калегіі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Анатольевіч Малашка.

Асноўным у дзейнасці кожнай навучальнай установы застаецца асоба дзіцяці, накіраванасць на выхаванне сапраўдных патрыётаў, годных, ініцыятыўных грамадзян. Гэтая задача будзе галоўнай у планах на бягучы год. Усе прынятыя ўдзельнікамі пася­джэння рашэнні павінны стаць своеасаблівым падмуркам, на якім у найбліжэйшай перспектыве будзе будавацца развіццё сферы адукацыі Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.