У прыярытэце — аздараўленне і падрыхтоўка да новага навучальнага года

- 11:43Планёрка ў рэгіёне

Сёння суботнюю планёрку праводзім разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама Гомельскай вобласці Марыяй РАК, якая падзялілася вынікамі дзейнасці сістэмы адукацыі рэгіёна ў 2019/2020 навучальным годзе, а таксама расказала пра работу ў летні перыяд.

— Марыя Леанідаўна, з якімі вынікамі завяршылі навучальны год?

— У 2019/2020 годзе ў раёне навучаліся 122 9-класнікі і 56 11-класнікаў. Па выніках гэтага навучальнага года 6 выпускнікоў атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём, пасведчанне з адзнакай атрымалі 11 выпускнікоў.

Сярод значных падзей раёна — перамога каманды навучэнцаў Лоеўскай раённай гімназіі ў абласным конкурсе інтэлектуалаў “ДзетКІ”. Заваяваны дыпломы на абласным краязнаўчым конкурсе-алімпіядзе, абласных конкурсах па вучэбных прадметах (па гісторыі Беларусі, геаграфіі, нямецкай мове, рускай мове), дыплом на абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў, перамога на абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў “Абаронца Айчыны”. Не засталіся без дыплома навучэнцы раёна на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (дыплом ІІІ ступені па беларускай мове).

Радуе той факт, што па выніках сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання двое навучэнцаў атрымалі стабальныя сертыфікаты па беларускай мове. І яшчэ адной выпускніцы да запаветнай сотні не хапіла ўсяго аднаго бала.

— Як арганізоўваеце летнія канікулы, улічваючы эпідэмічную сітуацыю?

— Перыяд летняга аздараўлення школьнікаў — адказная і маштабная кампанія для сістэмы адукацыі раёна. У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй дзейнасць лагераў ажыццяўляецца ва ўзмоцненым санітарна-супрацьэпідэмічным рэжыме. З персаналам школьных лагераў праведзены семінары па пытаннях выканання ўсіх санітарных мер засцярогі, а таксама па правілах паводзін у перыяд рэгістрацыі выпадкаў COVID-19.

З мэтай забеспячэння максімальнай занятасці непаўналетніх, арганізацыі іх вольнага часу ў канікулярны перыяд, недапушчэння здзяйснення правапарушэнняў і злачынстваў, гібелі і траўматызму непаўналетніх рашэннем Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта была зацверджана раённая міжведамасная праграма летняй занятасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Лета на карысць 2020”. У аздараўленчую кампанію актыўна ўключыліся ўстановы культуры, спорту, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, Асвод і іншыя арганізацыі. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было не толькі весела, але і карысна.

У першую змену летняй аздараўленчай кампаніі было аздароўлена 175 дзяцей (46,8% ад агульнага плана) на базе 9 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем і 50 навучэнцаў у 2 лагерах працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем. У ліпені аздараўленне пройдуць 68 навучэнцаў. У планах на жнівень — адкрыццё 6 лагераў: 4 аздараўленчыя і 2 спартыўнага профілю.

У кожнай установе адукацыі функцыянуюць аздараўленчыя і гульнявыя пляцоўкі (з 18.00 да 21.00). Нават прыезджыя дзеці, якія адпачываюць на канікулах у бабуль і дзядуляў у вёсках і аграгарадках, пры жаданні бу­дуць уцягнуты ў арганізаваны адпачынак, змо­гуць праводзіць час на забаўляльных гульнявых пляцоўках. На падставе пратакола даручэнняў старшыні Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта пры садзейнічанні Лоеўскай арганізацыі Таварыства ратавання на водах у летні перыяд 2020 года арганізавана навучанне плаванню дзяцей, якія наведваюць прышкольныя аздараўленчыя лагеры. Для выхаванцаў лагераў, якія функцыянуюць у сельскай мясцовасці, арганізаваны падвоз на заняткі.           

— Пачалася ўжо падрыхтоўка да новага навучальнага года. Што плануецца памяняць, акультурыць, перабудаваць?

— Так, не за гарамі новы навучальны год. У планах мадэрнізацыя Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова і Лоеўскай раённай гімназіі. Абнаўляецца абсталяванне на прышкольных спартыўных стадыёнах. Таксама вядзецца работа па рамонце і замене даху ў Суткаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе (школа размешчана ў былым маёнтку графіні Бараноўскай), Сеўкоўскім дзіцячым садзе — базавай школе, яслях-садзе № 2 Лоева, замена аконных блокаў у Лоеўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Ва ўсіх установах адукацыі праводзяцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый, уласнымі сіламі робіцца касметычны рамонт класных кабінетаў, школьных сталовых, спартыўных і актавых залаў, фае. І навучэнцы, і педагогі змогуць увайсці ў абноўленыя памяшканні і з новымі сіламі пачаць навучанне.

— Пытанне па арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў: ці ёсць у вас педкласы, агракласы (ці іншай накіраванасці)? Як была арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў у гэтым навучальным годзе?

— Традыцыйна ва ўстановах адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, арганізавана работа профільных класаў. Перавагу навучэнцы аддаюць беларускай і рускай мовам, матэматыцы і біялогіі. У 2020/2021 навучальным годзе ў планах аднавіць работу профільных груп па фізіцы і замежнай мове.

На базе Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова арганізаваны факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для 5 навучэнцаў. Улічваючы тое, што раён з’яўляецца сельскагаспадарчым, установы адукацыі аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы будучых спецыялістаў — на базе Ручаеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя І.І.Мельнікава і Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова праводзяцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

У рамках прафесійнай падрыхтоўкі па выніках гэтага навучальнага года 24 навучэнцы паспяхова завяршылі навучанне па адукацыйнай праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па прафесіі вадзіцеля колавых трактароў катэгорыі “А”(навучанне праходзіла на базе Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лоеўскага райвыканкама).

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Вельмі хочацца, каб усе дзеці атрымлівалі якасныя веды ў нашых установах адукацыі, бацькі былі задаволены працай устаноў адукацыі, радаваліся поспехам сваіх дзяцей, а педагогі бачылі падзяку вучняў у іх высокіх дасягненнях. Бо школа — гэта майстэрня, дзе фарміруецца думка будучага пакалення нашай краіны, і якім яно будзе, у многім залежыць ад нас, педагогаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.