У прыярытэце — бесперапынная самаадукацыя

Сучасныя тэхналогіі + творчая дзейнасць + супрацоўніцтва. Менавіта на такім падыходзе будуе свае ўрокі настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 1 імя М.І.Пашкоўскага Бялыніч Алена Зміёва. Для Алены Мікалаеўны гэта своеасаблівая формула, якая пры правільным ужыванні прыводзіць да паспяховасці кожнага вучня. А яшчэ настаўніца ўпэўнена, што для паспяховага навучання важна, каб сам педагог быў на сваім месцы, любіў дзяцей і сваю справу.

У свой час А.М.Зміёва звязала сваё жыццё з педагогікай абсалютна свядома.

— Мне вельмі пашанцавала са школьнымі настаўнікамі. Яны ў мяне былі цудоўнымі. Вучылася я добра і пастаянна падцягвала адстаючых аднакласнікаў. У нейкі момант зразумела, што мне падабаецца вучыць. Так і вызначыла свой прафесійны шлях. Ма­тэматыку ў якасці профілю выбрала не выпадкова. Гэта мой любімы школьны прадмет. І зноў дзякуючы настаўнікам — А.Ф.Шут, Н.П.Гуляевай. Нават цяпер памятаю іх урокі, на якіх заўсёды было месца і самастойнай дзейнасці, і пошуку, і творчасці, а ў кожнага з вучняў была свая траекторыя развіцця. Гэта своеасаблівы ўзор, прытрымлівацца якога імкнуся ў сваёй педагагічнай дзейнасці, — паведаміла Алена Мікалаеўна.

Настаўніцкую прафесію А.М.Зміёва асвойвала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Па размеркаванні ў сярэдзіне васьмідзясятых была накіравана ў Бялынічы.

— Я родам з Гомельшчыны. Калі прыехала ў Бялынічы, планавала адпраца­ваць належны тэрмін па размеркаванні і пае­хаць на малую радзіму. Але лёс склаўся так, што затрымалася ў гэтым маленькім гарадку назаўсёды. Да першай школы райцэнтра, у якой выкладаю ўжо 35 гадоў, у літаральным сэнсе прыкіпела душой, — расказала Алена Мікалаеўна.

За дзесяцігоддзі педагагічнай практыкі А.М.Зміёва выпрацавала сваю сістэму паспяховага навучання. Па яе меркаванні, эфектыўным будзе ўрок, напоўнены сучаснымі тэхналогіямі, творчасцю і супрацоўніц­твам педагога і навучэнцаў. Яшчэ адзін важны момант — прафесійная кампетэнтнасць настаўніка.

— Добра запомніла свой першы ўрок матэматыкі. У класе было 40 вучняў. Да іх прыйшоў “вялікі педагог” з дыпломам БДУ, а вучні асмеліліся яго не слухаць… Вырашыла, што трэба пакараць іх. Пакарала дамашнім заданнем з 19 нумароў. І ведаеце, вучні рашылі не менш 10 заданняў. Той выпадак успамінаю з усмешкай і сумам. Радуе, што мае амбіцыі калегі своечасова накіравалі на імкненне да пастаяннага прафесійнага росту і асобаснага ўдасканалення. Інакш у сучасных умовах нельга. Само жыццё сёння ставіць перад педагогамі ў прыярытэт бесперапынную самаадукацыю. Дасягненне новай якасці адукацыі немагчыма без павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі педагогаў. На першы план выходзіць здольнасць настаўніка арыентавацца ў велізарным інфармацыйным полі, уменне самастойна знаходзіць рашэнні і паспяхова іх рэалізоўваць, — лічыць Алена Мікалаеўна.

Яна пераканана, што сучаснаму настаўніку сёння як ніколі важна не толькі па-новаму вучыць, але і па-новаму вучыцца. Бо выхаваць чалавека з сучасным мысленнем, здольнага самарэалізавацца ў жыцці, мо­гуць толькі педагогі, якія валодаюць высокім прафесіяналізмам.

— Пры гэтым у паняцце “прафесіяналізм” уключаюцца не толькі прадметныя, дыдактычныя, метадычныя, псіхолага-педагагічныя веды і ўменні, але і асобасны патэнцыял настаўніка, у які ўваходзяць сістэма яго прафесійных каштоўнасцей, перакананні і ўстаноўкі, — падкрэсліла А.М.Зміёва.

У аснове ўрокаў Алены Мікалаеўны заўсёды ляжаць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Выкарыстанне камп’ютара дазваляе ёй рабіць працэс навучання мабільным, дыферэнцыраваным і індывідуальным, павялічваць адукацыйныя магчымасці дзяцей, рэалізоўваць індывідуальную траекторыю ў адкрытай адукацыйнай прасторы.

Не менш значная, на думку А.М.Зміёвай, практыкаарыентаванасць заняткаў.

— Навучэнцу любога ўзросту для паспяховага засваення тэмы неабходна ведаць, дзе ён зможа прымяніць атрыманыя веды, уменні, навыкі ў рэальным жыцці. Гэта нара­джае здольнасць і патрэбу ў інтэлектуальным эксперыментаванні, а калі яно падтрымана дарослымі і накіравана ў патрэбнае рэчышча, то, несумненна, будзе паспяховым. Свае ўрокі будую так, каб прывіць вучням ціка­васць да самастойнага пошуку ведаў. Для гэтага шырока ўжываю гульнявыя тэхналогіі, мадэлюючы розныя жыццёвыя сітуацыі. Выкарыстанне метадаў праблемнага навучання і даследчая дзейнасць дазваляюць мне ствараць на ўроку сітуацыю поспеху для кожнага вучня. Прыводжу навучэнцаў да самастойнага пераадкрыцця таго, што ў навуцы ўжо даўно адкрыта, але для іх гэта новае. Выкананне даследаванняў на ўроках дазваляе не толькі захапіць, зацікавіць дзяцей, але і паказаць ім магчымыя варыянты прымянення атрыманых ведаў на практыцы, — адзначыла Алена Мікалаеўна.

Матэматыку некаторыя навучэнцы лічаць нецікавым прадметам. А.М.Зміёва гэтую праблему вырашае праз выкарыстанне міжпрадметных сувязей матэматыкі і інфарматыкі, праз прымяненне сучасных інфармацыйных тэхналогій. На яе погляд, вельмі моцны сродак фарміравання пазнавальнай цікавасці навучэнцаў — творчае праектаванне.

— Метад праектаў дае вучням магчы­масць вучыцца весела і цікава. Яны становяцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Знаходзяць цікавыя факты, раскрываюць новыя для сябе паняцці, прыходзяць да высновы, што для паспяховай распрацоўкі цікавага праекта патрабуецца веданне вялікага тэарэтычнага матэрыялу. Акрамя таго, ствараюцца ўмовы для актывізацыі асобаснага патэнцыялу, індывідуалізацыі асваення ведаў, а таксама калектыўных форм іх прымянення, — патлумачыла Алена Мікалаеўна.

Падчас урокаў А.М.Зміёва актыўна выкарыстоўвае прэзентацыі. Частку з іх настаўніца стварае сама, частка — творчыя праекты саміх навучэнцаў.

— У навучанні матэматыцы асаблівае месца займае работа “па ўзоры”. Пры вывучэнні тэмы “Тэхналогія апрацоўкі тэкставай інфармацыі” ствараем з вучнямі памяткі і алгарытмы рашэння задач па матэматыцы. Вучню 6 класа часта цяжка растлумачыць, навошта патрэбна сістэма каардынат.

А выніковае выкарыстанне каардынатнай плоскасці “Чарцёжнік” прыцягвае ўвагу і моцных, і нізкаматываваных вучняў. Пры вывучэнні графічнага рэдактара мы ствараем прасторавыя малюнкі геаметрычных цел. Асаблівую цікавасць навучэнцаў выкліка­юць праграмы-трэнажоры, якія выконваюць ролю дыдактычных матэрыялаў, дыагнастуючы памылкі і прапаноўваючы матэрыял для паўторнага вывучэння. Пры вывучэнні тэмы “Вэб-канструяванне” вучні ствараюць сайты па ўсіх прадметах, у тым ліку і па матэматыцы. Гэтыя вучнёўскія праекты зручна прымяняць для абагульнення і сістэматызацыі матэрыялу, — расказала Алена Мікалаеўна.

Асаблівае месца ў педагагічнай дзейнасці гэтай неардынарнай настаўніцы займае работа з адоранымі вучнямі. З імі А.М.Зміёва рэгулярна сустракаецца ў пазаўрочны час, імкнецца максімальна раскрыць патэнцыял кожнага. І ёй гэта ўдаецца. Навучэнцы радуюць Алену Мікалаеўну сваімі перамогамі ў розных інтэрнэт-праектах, конкурсах і алімпіядах.

Сваімі эфектыўнымі педагагічнымі напрацоўкамі А.М.Зміёва актыўна дзеліцца з калегамі. З’яўляючыся кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі, раённай Школы маладога настаўніка і школьнага Клуба маладога педагога, яна не толькі сама імкнецца да прафесійнага росту, але і матывуе на гэта іншых.

Плённая праца Алены Мікалаеўны не раз была адзначана. Настаўніца ўзнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і мясцовых улад, мае званне “Выдатнік адукацыі”. Своеасаблівай узнагародай для яе з’яўляецца і тое, што многія навучэнцы вырашылі “стаць, як яна” і выбралі для сябе шлях педагога.

— Поспехі цяперашніх і былых вучняў заўсёды вельмі радуюць. Іх дасягненні яшчэ больш матывуюць на ўдасканаленне педагагічнага майстэрства. У мяне шмат планаў. Буду працягваць асвойваць новыя адукацыйныя тэхналогіі, каб урокі былі для навучэнцаў яшчэ больш цікавымі і пазнавальнымі, — запэўніла А.М.Зміёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.М.Зміёвай.