У прыярытэце бюджэтнай палітыкі — павышэнне сацыяльнай накіраванасці

Бюджэт 2019 года будзе арыентаваны галоўным чынам на павышэнне заработных плат і рост аддачы ад рэальнага сектара эканомікі. Пра гэта заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

“Асноўнай задачай бюджэтнай палітыкі з’яўляецца павышэнне сацыяльнай накіраванасці. Прэзідэнт неаднаразова гаварыў пра неабходнасць павышэння якасці жыцця, росту дабрабыту нашага насельніцтва. І бюджэт тут адыгрывае адну з ключавых роляў”, — сказаў Максім Ермаловіч.

У сувязі з гэтым бюджэт 2019 года мае шэраг навацый. “Гэта больш актыўны рост заработнай платы, мы ўжо некалькі крокаў для гэтага зрабілі ў бягучым годзе. Ключавая задача — дасягненне ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў бюджэтным сектары не ніжэй за 80 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы ў сярэднім па краіне. Мы лічым гэта цалкам дасягальным. А затым можна паступова выбудоўваць доўгатэрміновы алгарытм і праграму выхаду на зарплаты ў бюджэтным сектары на сярэднерэспубліканскі ўзровень”, — адзначыў Максім Ермаловіч.

Міністр фінансаў падкрэсліў, што краіна ідзе па шляху паступальнага зніжэння дзяржпадтрымкі рэальнага сектара эканомікі. Штогод памер датацый будзе змяншацца на 10 працэнтаў. “Гэтыя сродкі павінны пераарыентавацца на тыя пытанні, якія бюджэт і прызначаны вырашаць: дапамагаць будаваць жыллё для насельніцтва, дарогі, укладваць у сацыяльную інфраструктуру, бальніцы, школы, дзіцячыя сады. Таму скарачэнне на 10 працэнтаў дзяржаўнай падтрымкі ўжо неабходнасць”, — растлумачыў Максім Ермаловіч.

Ён адзначыў, што настае час, калі рэальны сектар павінен не падсілкоўвацца з казны, а, наадварот, павялічваць аддачу. “Для гэтага мы цяпер па кожнай галіне, кожным прадпрыемстве аналізуем бізнес-планы, глядзім фінансавыя патокі, каб зразумець, наколькі прадпрыемства можа абслугоўваць крэдыты самастойна, выходзіць на рэнтабельную работу. Спатрэбяцца сістэмныя меры па навядзенні парадку на прадпрыемствах, аптымізацыі колькасці, скарачэнні затрат”, — канстатаваў міністр.

У так званых рэгіёнах са складанай эканамічнай сітуацыяй механізм дапамогі таксама будзе перабудаваны. Замест падатковых прэферэнцый будуць стварацца дадатковыя ўмовы “з пункту гледжання агульнаэканамічных, інвестыцыйных магчымасцей, прывабнасці гэтых рэгіёнаў, зацікаўленасці мясцовых органаў улады ў развіцці свайго эканамічнага патэнцыялу”, — сказаў на заканчэнне Максім Ермаловіч.