У прыярытэце — далейшае развіццё чалавечага патэнцыялу

- 9:20Актуально, Апошнія запісы

Чарговая сустрэча міністра адукацыі з кіраўнікамі школ, гімназій і ліцэяў сталіцы прайшла на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак”, дзе сабраліся прадстаўнікі Маскоўскага раёна сталіцы. Размова атрымалася рознабаковай, але ключавым стала пытанне далейшага развіцця сістэмы адукацыі. 

Гэта трэцяя сустрэча кіраўніка ведамства з дырэктарамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска. Ігар Карпенка заўважыў, што такія сустрэчы дапамагаюць збліжаць меркаванні міністэрства і педагагічнай супольнасці па многіх пытаннях. Зваротная сувязь мае вялікае значэнне як для міністра, так і для настаўнікаў, асабліва ў вырашэнні набалелых пытанняў.

Адным з такіх пытанняў з’яўляецца ўзаемадзеянне школы і бацькоў. Ігар Карпенка не раз падкрэсліваў, што неабходна павышаць адказнасць бацькоў за навучанне і выхаванне сваіх дзяцей. Пра гэта ён гаварыў і на сустрэчы ў “Ранку”. “З бацькамі важна наладзіць канструктыўны дыялог, і галоўная роля ў ім павінна належаць школе”, — лічыць кіраўнік профільнага ведамства.

Ігар Карпенка выказаўся і пра змены ў адукацыйным працэсе, у правілах атэстацыі. Сёння ўсё больш заходзіць гаворка пра выхаваўчы патэнцыял адзнакі, урока ў цэлым, пра ўзмацненне адказнасці вучняў і бацькоў за канчатковы вынік навучання. І тыя змены ў выстаўленні адзнак за чвэрць і гадавых, якія прыняты Міністэрствам адукацыі, накіраваны на павышэнне адказнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Ігар Карпенка адзначыў, што шмат у чым дапаможа новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. “Мы сёння ўжо выйшлі на разгляд у другім чытанні новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Працэс узгаднення практычна завершаны. Але, калі ёсць неабходнасць адтачыць нейкія моманты, то ў нас такая магчымасць ёсць яшчэ на стадыі разгляду кодэкса да другога чытання, да яго зацвярджэння ў Савеце Рэспублікі”, — паведаміў міністр.

“Другі важны дакумент для адукацыі краіны — Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. Яна таксама фарміравалася пры актыўным удзеле ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, і, вядома ж, у яе аснову ляглі рашэнні VI Усебеларускага народнага сходу. Там быў зроблены галоўны пасыл на пяцігодку — далейшае развіццё чалавечага патэнцыялу. А гэта — інвестыцыі, якія накіраваны на фарміраванне ўстойлівай будучыні”, — працягнуў Ігар Карпенка.

Па словах міністра, ролю педагога ў гэтым працэсе цяжка пераацаніць. Добрай дапамогай тут з’яўляюцца педагагічныя класы, якія дазваляюць выявіць матываваных маладых людзей, якія мараць звязаць сваё жыццё з педагогікай.

“Пэўны зрэз мы ўжо зрабілі. Выпускнікі педкласаў — гэта юнакі і дзяўчаты з добрым узроўнем ведаў і актыўнай грамадскай пазіцыяй. Ва ўніверсітэце яны ўдзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці, розных практыках. Але сказаць аб эфектыўнасці іх работы мы зможам як мінімум праз 5 гадоў, калі яны пачнуць працаваць ва ўстановах адукацыі. І мы павінны будзем ужо ад вас атрымаць зваротную сувязь, каб зразумець, наколькі дакладна мы трапілі ў цэль, у тым ліку і ў зместавым аспекце падрыхтоўкі педагога”, — звярнуўся да кіраўнікоў устаноў Ігар Карпенка. 

Міністр падкрэсліў: радуе, што прафесію педагога ўсё часцей выбіраюць хлопцы. Такая сітуацыя ўжо другі год прасочваецца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Рост прахадных балаў у педагагічных ВНУ таксама сведчыць аб павышэнні прэстыжу прафесіі настаўніка. У сувязі з гэтым кіраўнік ведамства звярнуўся да кіраўнікоў устаноў адукацыі з прапановай пашыраць сетку педагагічных класаў.

Адказваючы на пытанні, Ігар Карпенка яшчэ раз падкрэсліў, што кіраўнікі школ, гімназій, ліцэяў павінны быць рацыянальнымі і справядлівымі. Сёння поспех любой навучальнай установы шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму і маральных якасцей кіраўніка, які задае тон вучнёўска-педагагічнаму калектыву.

Падчас размовы былі ўзняты пытанні пашырэння залічэння ўдзельнікаў алімпіяд ва ўніверсітэты, гаварылася пра школьнае харчаванне, аснашчэнне кабінетаў працоўнага навучання. Былі абмеркаваны пытанні бяспечнага адукацыйнага працэсу ў школах, узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі, роля кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, наведванне цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Гаварылася і пра тое, што ў сістэму агульнай сярэдняй адукацыі вернуцца акрэдытацыя і ліцэнзаванне, якія, па меркаванні кіраўніка ведамства, будуць спрыяць дысцыплінаванасці і паставяць у роўныя ўмовы навучальныя ўстановы розных форм уласнасці.

Дыялогавая пляцоўка працавала на працягу трох гадзін, што дало магчымасць прагаварыць многія пытанні, пазначаныя ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і Канцэпцыі развіцця адукацыі да 2030 года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.