У прыярытэце — дзеці!

У Хойніцкім раёне няма праблем з педагагічнымі кадрамі, таму што тутэйшыя настаўнікі лічаць сваім абавязкам выхаваць сабе годную змену. І ўвогуле, у іх усе выпускнікі атрымліваюць прафесію, знаходзяць сабе справу па душы. А ці ж не гэта лепшы паказчык работы навучальных устаноў?

Пра дзейнасць сістэмы адукацыі раёна, перспектывы яе развіцця расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама Гомельскай вобласці Людміла Фёдараўна КУЛАКОЎСКАЯ.
— Па якіх паказчыках сістэма адукацыі Хойніцкага раёна займае лідзіруючыя пазіцыі ў Гомельскай вобласці?
— Забеспячэнне якасці адукацыі і работа з адоранымі дзецьмі — прыярытэтныя кірункі ў рабоце нашага аддзела і ўстаноў адукацыі раёна. Сёння ва ўстановах працуе 50% педагогаў з вышэйшай і першай катэгорыяй, якія актыўна стымулююць вучняў на ўдзел у алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Не стаў выключэннем і гэты год. Пераможцамі абласных алімпіяд сталі навучэнцы настаўнікаў Валянціны Пятроўны Варановіч, Наталлі Мікалаеўны Амельчанка, Уладзіміра Аляксандравіча Кавальчука, Вольгі Рыгораўны Кудрыцкай.
Паспяхова выступаюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню выхаванцы спартыўных школ раёна. Так, Хрысціна Ярэц заняла 2 месца ў першынстве Еўропы сярод юнакоў і дзяўчат, юніёраў і юніёрак у Іспаніі ў красавіку 2014, а на першынстве свету па барацьбе самба сярод моладзі ў Сеуле (Рэспубліка Карэя) у кастрычніку 2014 года Хрысціна сумесна з Ксеніяй Будзько і Вікторыяй Яромчык заваявалі 1 каманднае месца ў Адкрытым чэмпіянаце Беларусі па дзюдо. Усе яны выхаванкі трэнера па дзюдо Алега Маратавіча Лук’яненкі.
Каманда СДЮШАР Хойнікаў па цяжкай атлетыцы (трэнер Андрэй Леанідавіч Шпарун) заняла 1 месца ў спартакіядзе Беларусі ў Бабруйску. У нашу нацыянальную зборную па цяжкай атлетыцы ўваходзяць 6 выхаванцаў СДЮШАР: па лёгкай атлетыцы, па дзюдо — па 1 выхаванцу, па веславанні на байдарках і каноэ — па 2 выхаванцы.Кулаковская
Не адстаюць у спартыўных дасягненнях і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: у 2015 годзе каманда раёна заняла 4 месца ў Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў на абласным этапе.
Эфектыўна арганізавана ў нашым раёне прафарыентацыйная работа з навучэнцамі. Аддзелам паслядоўна і паспяхова рэалізуюцца асноўныя напрамкі дзяржаўнай кадравай палітыкі ў рамках галіновай і раённай кадравых праграм. У гімназіі Хойнікаў створаны раённы цэнтр прафарыентацыі, дзе праводзяцца псіхолага-педагагічныя трэнінгі, кансультацыі, маніторынг прафесійных схільнасцей і здольнасцей вучняў, вядуцца карты іх сталення. Пры гэтым найважнейшай сваёй задачай мы лічым прафесійную арыентацыю вучняў на педагагічныя спецыяльнасці. Дзякуючы створаным умовам для псіхолага-педагагічнай падтрымкі моладзі, дапамогі пры ўваходжанні ў настаўніцкую прафесію раён забяспечаны кадрамі на 100%.
Сёння 61 выпускнік раёна навучаецца на ўмовах мэтавага прыёму па неабходных спецыяльнасцях. Усяго на педспецыяльнасцях навучаецца 213 чалавек: у ВНУ — 125 (мэтавікаў — 42), у ССНУ — 88 (мэтавікаў — 19).
Хочацца адзначыць, што ў нашым аддзеле адным з першых у вобласці ў 1998 годзе створана гаспадарчая група цэнтралізаванага абслугоўвання ўстаноў. Яе перавагі ў першую чаргу ў эканоміі грашовых сродкаў, аператыўным вырашэнні пытанняў па тэрміновым выкананні рамонтных работ, падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года без прыцягнення пабочных будаўнічых і рамонтных арганізацый.
Наш раён адным з першых у вобласці стаў выкарыстоўваць электроннае меню ў дашкольных установах — з 2013 года ва ўсіх 10 яслях-садах і трох комплексах “школа — сад”. Праводзіцца актыўная работа па ўкараненні новых форм харчавання навучэнцаў. З апрабаваных лепш за ўсё прыжылося абслугоўванне па папярэднім заказе. Не адстаюць у гэтым кірунку і дашкольнікі. У шэрагу ўстаноў актыўна выкарыстоўваецца альтэрнатыўнае меню.
— Вы падвялі ўжо вынікі навучальнага года або звычайна робіце гэта пасля прыёмнай кампаніі ў ВНУ і ССНУ?
— Безумоўна, каб быць цалкам упэўненымі ў выніках сваёй работы, мы аналізуем работу педагагічных калектываў пасля прыёмнай кампаніі. Пры гэтым хачу адзначыць, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі падтрымліваюць сувязь з выпускнікамі і іх бацькамі, хвалююцца разам з імі за далейшы лёс сваіх выхаванцаў.
Так, у 2015 годзе 11 класаў скончылі ўсяго 95 выпускнікоў, у 2014 годзе іх было 126. З-за існуючай дэмаграфічнай сітуацыі з 12 школ раёна ў трох установах не было 11-х класаў. Тым не менш, як і ў ранейшыя гады, двое выпускнікоў гімназіі Хойнікаў скончылі 11 класаў з залатым медалём, а 12 выпускнікоў 9-х класаў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе было выдадзена толькі 3 пасведчанні з адзнакай.
Нашы залатыя медалісты пацвердзілі свае вучэбныя дасягненні, паспяхова здалі ЦТ і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэтныя месцы.
Адсочваецца якасць ведаў выпускнікоў, якія скончылі навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна: працэнт навучэнцаў, якія здалі выпускныя экзамены на высокім і дастатковым узроўні, складае ў 9-х класах 35%, у 11-х — 53%.
Штогод аналізуецца размеркаванне выпускнікоў па каналах адукацыі і працаўладкавання. Застаецца стабільным працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы — больш за 40%. Думаю, што і ў гэтым годзе выпускнікі паспяхова пройдуць конкурсны адбор у абраныя імі ўстановы. А самае галоўнае, каб усе выпускнікі вызначыліся з месцам працы ці вучобы пасля заканчэння школы. Мне прыемна адзначыць, што дзякуючы зладжанай рабоце педкалектыву ў раёне на працягу шэрага гадоў няма непрацаўладкаваных выпускнікоў.
— Што новага чакае сістэму адукацыі раёна ў 2015/2016 навучальным годзе?
— У першую чаргу педагогі ўключацца ў сістэму профільнага навучання. Прааналізаваны кадравы патэнцыял, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, вывучаны інтарэсы бацькоў і навучэнцаў. З верасня 2015 года ў трох школах раёна будуць адкрыты 10-я профільныя класы па III мадэлі, дзе навучэнцы будуць вывучаць матэматыку, рускую і англійскую мовы, гісторыю Беларусі, грамадазнаўства на павышаным узроўні.
Плануецца актыўнае прымяненне інфармацыйных і мультымедыйных тэхналогій у навучанні для сістэмнай работы з адоранымі дзецьмі. Вядучая роля ў гэтым кірунку належыць раённаму рэсурснаму цэнтру, які створаны ў гімназіі Хойнікаў.
Працягнецца работа па ўкараненні новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, асабліва тых, якія папулярныя ў бацькоў: адаптацыйныя групы, школы будучага першакласніка, групы выхаднога дня, сезонныя і гульнявыя пляцоўкі, матчыны школы.
— Якія праблемы найбольш актуальныя на сёння для сістэмы адукацыі Хойніцкага раёна?
— Як і ў цэлым па рэспубліцы, так і ў нашым раёне актуальныя праблемы — гэта дэмаграфічная сітуацыя, павышэнне прэстыжу настаўніка, канкурэнтаздольнасці навучэнцаў.
А для нас асабіста адной з важных праблем лічу адсутнасць басейна ў раёне. Басейн, які ёсць у гімназіі Хойнікаў, не функцыянуе з самага адкрыцця ўстановы і патрабуе рамонту. Адкрыццё басейна ў раёне, каб дзеці маглі вучыцца плаваць, праводзіць час з карысцю для сябе і свайго здароўя, — мая мара. Таму мы не стаім на месцы, па меры фінансавання праводзім работы па яго аднаўленні: заменены дах на будынку басейна, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Спадзяюся, мая мара ажыццявіцца.
Галоўным напрамкам у рабоце лічу захаванне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, гарантаванне бяспечных умоў жыццядзейнасці і павышэнне якасці адукацыі.

Святлана КІРСАНАВА.