У прыярытэце — фарміраванне рознабакова развітой асобы

- 15:29Суразмоўца

Маніторынг па апрабацыі Кодэкса аб адукацыі ўступае ў заключную фазу, і застаецца зусім мала часу да 1 жніўня, калі маніторынг цалкам завершыцца. Плануецца, што новы навучальны год пачнецца ўжо з адаптаваным Кодэксам аб адукацыі. Цяпер вядзецца актыўная карэкціроўка некаторых норм заканадаўчага дакумента і распрацоўка адпаведных палажэнняў і рэкамендацый. Такая дзейнасць не абмінула ўпраўленне сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі.
Сёння яго начальнік Раіса Станіславаўна СІДАРЭНКА расказвае нашым чытачам аб асаблівасцях далейшага функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сувязі  з прыняццем Кодэкса аб адукацыі.

— Раіса Станіславаўна, што сёння ўяўляе сабой сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі? Якое месца вызначана для яе ў Кодэксе аб адукацыі?
— Калі пачаць з вызначэння значнасці сістэмы дадатковай адукацыі, то аб гэтым самі за сябе гавораць наступныя лічбы. Па стане на сённяшні дзень у сістэме адукацыі краіны функцыянуе 350 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у асноўным гэта цэнтры, палацы, якія маюць мастацкі, турыстычна-краязнаўчы, фізкультурна-спартыўны, тэхнічны (спартыўна-тэхнічны), экалагічны і іншыя профілі. У гэтых установах функцыянуе каля 31 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах (гурткоў, секцый, студый і г.д.), у якіх займаюцца каля 400 тысяч дзяцей і падлеткаў.
Р.С. СідарэнкаУ адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі прызвана развіваць і фарміраваць іх творчыя здольнасці, задавальняць патрэбы ў інтэлектуальным, маральным, фізічным удасканаленні, дапамагаць адаптацыі да жыцця ў грамадстве, у арганізацыі вольнага часу, прафесійнай арыентацыі. Як бачна, функцыянальная накіраванасць сістэмы дадатковай адукацыі вельмі шматгранная і сацыяльна значная. Працэс навучання і выхавання ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мае на ўвазе ўзаемадзеянне педагагічных работнікаў, дзіцяці і яго сям’і з мэтай задавальнення здольнасцей малога і рэалізацыі прыярытэтаў Канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі — фарміравання рознабакова развітой, маральна сталай, творчай асобы.

— Ці мае свае асаблівасці рэгіянальная дадатковая адукацыя?
— Улічваючы тое, што для сучасных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі характэрна варыятыўнасць у арганізацыі дзейнасці, то ў сваіх рэгіёнах яны функцыянуюць як адкрытыя адукацыйныя сістэмы. У кожным рэгіёне складваецца свая сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання плануюць развіццё сеткі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (аб’яднанняў па інтарэсах у названых установах) і іх далейшую дзейнасць, зыходзячы з комплексу ўмоў. Гэта колькасць дзяцей і іх занятасць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі; сацыяльныя асаблівасці мікрараёнаў; арганізацыя вольнага часу ў рэгіянальных установах адукацыі, спорту, культуры.

— А якая ўвогуле сітуацыя з фінансаваннем устаноў дадатковай адукацыі?
— Найбольш востра стаіць праблема ўтрымання і развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, без чаго немагчыма рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі на сучасным узроўні. У першую чаргу гэта тычыцца тэхнічнага і спартыўна-тэхнічнага профіляў, а таксама напрамкаў развіцця дзіцячай адоранасці і інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў. Высокіх вынікаў функцыянавання ўстаноў магчыма дасягнуць толькі пры дастатковым укладанні фінансавых сродкаў.
Сёння фінансаванне дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі ажыццяўляецца пераважна за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. І, як паказвае рэчаіснасць, гэтых укладанняў не хапае. Таму, безумоўна, установам дадатковай адукацыі неабходна ў першую чаргу актывізаваць пазабюджэтную дзейнасць, развіваць яе новыя формы, выкарыстоўваць існуючыя рэзервы для прыцягнення дадатковых сродкаў, а таксама шукаць іншыя фінансавыя крыніцы.

— Як вядома, сёння замест пасады кіраўніка гуртка альбо іншага творчага аб’яднання, якая існавала ў штатным раскладзе ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання, уведзена пасада педагога дадатковай адукацыі. Ці азначае гэта, што з’явіліся новыя патрабаванні да прафесійнага ўзроўню работнікаў, якія працуюць ва ўстановах дадатковай адукацыі?
— Безумоўна, гарантыя паспяховага развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — гэта прафесіяналізм педагогаў. Сёння ў такіх установах занята каля 17 тысяч педагагічных работнікаў. Не сакрэт, што ўзровень іх прафесіянальнага майстэрства не заўсёды адпавядае сённяшнім патрабаванням. Таму пытанні павышэння кваліфікацыі педагогаў для дадатковай адукацыі вельмі актуальныя. Тыя людзі, якія працуюць ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і не маюць педагагічнай адукацыі, змогуць атрымаць яе на курсах перападрыхтоўкі, якія будуць арганізаваны з верасня гэтага года ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Распрацоўваюцца праграмы спецкурсаў і семінараў. У найбліжэйшы час плануецца стварыць Каардынацыйны савет устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Расіі і Беларусі з мэтай удасканалення іх навукова-метадычнага забеспячэння. Адметна, што такая адукацыя існуе на постсавецкай прасторы толькі ў нашых дзвюх краінах.

— Раіса Станіславаўна, ці ўплывае ўстанова дадатковай адукацыі на прафесійнае самавызначэнне яе выхаванцаў?
— Самавызначэнне і пачатак самарэалізацыі ў прафесійнай сферы — адзін з найважнейшых складнікаў дзейнасці сістэмы дадатковай адукацыі, якая пачынаецца звычайна ў аб’яднаннях па інтарэсах спачатку ў школе, а потым працягваецца ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па засваенні тых ці іншых прафесійных навыкаў, узровень якіх пацвярджаецца адпаведным пасведчаннем. (Пастановай Міністэрства адукацыі ад 27 ліпеня 2011 № 194 зацверджаны ўзор пасведчання аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.) Наяўнасць дадатковых ведаў і навыкаў, якія навучэнцы атрымаюць у сістэме дадатковай адукацыі, павысіць іх канкурэнтаздольнасць пры атрыманні рабочай прафесіі і ў далейшым жыцці.
Распрацаваны і праходзяць узгадненне ва ўстаноўленым парадку адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з вывучэннем вучэбных прадметаў, вучэбных дысцыплін, адукацыйных галін, тэм на павышаным узроўні (па профілях) і правілы атэстацыі навучэнцаў пры засваенні адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Вы маеце на ўвазе распрацоўку праграмна-планавай дакументацыі па развіцці дадатковай адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса аб адукацыі?
— Так, у апошнія гады аналізавалася практыка прымянення патрабаванняў і палажэнняў Кодэкса аб адукацыі па пытаннях выхавання з унясеннем прапаноў па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы. У адпаведнасці з кодэксам дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі аптымізуецца. Гэта патрабуе стварэння, апрабавання і ўкаранення мадэлі пераўтварэння і далейшага якаснага развіцця гэтых устаноў, распрацоўкі нарматыўных і арганізацыйных асноў іх дзейнасці ў новых умовах.
Стандартызацыя дзейнасці ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дазволіць гарантаваць якасны вынік у развіцці навучэнцаў. Заўважу, што стандартызуецца не змест адукацыйнай праграмы, а патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу, кіравання дзейнасцю, да прафесійнага ўзроўню і кваліфікацыі кадраў. За апошні час Міністэрства адукацыі распрацавала шэраг палажэнняў, інструкцый, звязаных з функцыянаваннем устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Акрамя таго, распрацаваны крытэрыі і паказчыкі дзейнасці такіх устаноў. Дакументы, якія рэкамендуюцца для ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, змешчаны на партале Міністэрства адукацыі.
Праходзіць паўторнае ўзгадненне ва ўстаноўленым парадку Канцэпцыя дзяржаўнай праграмы развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Як я ўжо ўзгадвала, адбываецца экспертыза і падрыхтоўка да зацвярджэння адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з вывучэннем вучэбных прадметаў, вучэбных дысцыплін, адукацыйных галін, тэм на павышаным узроўні (па профілях, для вочнай і дыстанцыйнай форм навучання); правіл правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; пераліку сродкаў выхавання, навучання, вучэбна-наглядных дапаможнікаў, гульняў і гульнявога абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі, электронных сродкаў навучання, спартыўнага інвентару, неабходнага для ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; пераліку аб’яднанняў па інтарэсах, накіраваных на развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, якія забяспечваюцца бюджэтным фінансаваннем.

— Раіса Станіславаўна, хацелася б задаць вам некалькі пытанняў лакальнага характару. Ці можа напаўняльнасць аб’яднання па інтарэсах быць ніжэйшай за норму, якая регламентавана Кодэксам аб адукацыі? Ці можа, напрыклад, падгрупа быць аб’яднаннем па інтарэсах?
— Напаўняльнасць аб’яднання па інтарэсах вызначана кодэксам (арт. 233, п. 8). Таксама заснавальнік установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі можа ўстанаўліваць меншую напаўняльнасць аб’яднання па інтарэсах (арт. 233, п. 10). Заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах (групе) у адпаведнасці з вучэбна-праграмнай дакументацыяй могуць праводзіцца па падгрупах, якія з’яўляюцца часткай групы, таму ніяк не могуць быць асобным аб’яднаннем па інтарэсах (арт. 233, п.11).

— Якія лакальныя дакументы павінны быць распрацаваны ў самой установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?
— Вядома, у кожнай установе дадатковай адукацыі павінен быць пералік неабходных дакументаў. З такім пералікам можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі  (www.nchtdm.com).

— Ці будуць вызначаны правілы прыёму ва ўстанову дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?
— Правілы прыёму дакладна прапісаны ў Кодэксе аб адукацыі (арт. 234). Асобныя пытанні, не ўрэгуляваныя ім, вырашаюцца ў адпаведнасці з палажэннем аб установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і павінны быць прапісаны ў статуце ўстановы.

— Дзе знайсці рэкамендацыі па распрацоўцы праграм аб’яднанняў па інтарэсах з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйнага напрамку, тэмы, вучэбнага прадмета альбо вучэбнай дысцыпліны?
— Такія рэкамендацыі (а таксама па распрацоўцы праграм аб’яднанняў па інтарэсах базавага ўзроўню) размешчаны на партале Міністэрства адукацыі і на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

— Ці будуць распрацаваны праграмы аб’яднанняў па інтарэсах?
— Праграмы аб’яднанняў з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйнага напрамку, тэмы, вучэбнага прадмета альбо вучэбнай дысцыпліны (па напрамках дзейнасці, усяго 6) ужо распрацаваны і праходзяць экспертызу ў Нацыянальным інстытуце адукацыі.

— Якім чынам установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі можа рэалізаваць адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых)?
— Для гэтага неабходна адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па тым альбо іншым відзе дзейнасці і ўмовы для яе рэалізацыі: сацыяльны заказ на падрыхтоўку такога спецыяліста; рэсурснае забеспячэнне — кадравае, матэрыяльна-тэхнічнае, фінансавае; замацаванне ў статуце ўстановы гэтага віду дзейнасці.

— Як вызначаецца структура вучэбнага года ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?
— Адукацыйны працэс ва ўстановах дадатковай адукацыі вызначаецца па вучэбных гадах. Структура года вызначаецца ўстановай адукацыі, якая рэалізоўвае адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (Кодэкс, арт. 233, п. 2).

— Ці распрацавана Палажэнне аб педагагічным савеце ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?
— Распрацаваны праект палажэння, які знаходзіцца на ўзгадненні ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by

/p