У прыярытэце фінансаванне адукацыі і аховы здароўя

Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект рэспубліканскага бюджэту Беларусі на 2019 год.

Як растлумачыў першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, даходы па праекце бюджэту на 2019 год прадугледжваюцца ў суме Br23,6 млрд (100,8 працэнта да чаканага выканання 2018 года). Асноўныя крыніцы падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту — ПДВ, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы сфарміраваны ў суме Br21,9 млрд (105,1 працэнта да чаканага выканання 2018 года). Прафіцыт складзе Br1,7 млрд.

У 2019 годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. У прыярытэце фінансаванне адукацыі і аховы здароўя. Прадугледжана фарміраванне сямейнага капіталу ў суме Br343,2 млн. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Рэспубліканскі дарожны фонд сфарміраваны ў аб’ёме амаль Br700 млн, што амаль на 10 працэнтаў больш, чым у 2018 годзе. Палова паступленняў дзяржаўнай пошліны, або Br145 млн, з фонду будзе перадавацца ў мясцовыя бюджэты ў выглядзе субвенцый.

Для захавання аб’ёмаў уводу жылля ў 2019 годзе на бягучым узроўні ў памеры 4 млн кв.м (у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай 1 млн 60 тысяч кв. м) у бюджэце на фінансаванне інфраструктуры прадугледжана Br590 млн. Сродкі бюджэту сканцэнтраваны для забеспячэння жыллём не менш за 12 тысяч мнагадзетных сем’яў.

На развіццё навукі ў 2019 годзе будзе выдзелена Br284 млн — рост на 12,7 працэнта да ацэнкі бягучага года.

У наступным годзе спатрэбіцца пагасіць у эквіваленце Br5,8 млрд, прычым 96 працэнтаў (у эквіваленце $2,5 млрд) — гэта валютны доўг. Яшчэ каля Br3 млрд, на 25,8 працэнта больш, чым у 2018 годзе, будзе накіравана на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу.

Першы намеснік міністра дадаў, што на пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу прапануецца накіраваць Br2,8 млрд у эквіваленце недаўгавых крыніц, у тым ліку вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты (каля $627 млн), даходы ад ператаможкі расійскай нафты ($523 млн), астаткі сродкаў бюджэту (каля Br213 млн) для пагашэння доўгу ў нацыя-нальнай валюце.

У мэтах рэфінансавання доўгу неабходна будзе прыцягнуць $1,4 млрд. Акрамя таго, для недапушчэння зніжэння ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў ніжэй за двухмесячны аб’ём імпарту плануецца прыцягнуць каля $517 млн.

У якасці патэнцыяльных інструментаў прыцягнення незвязаных крэдытных рэсурсаў разглядаецца выпуск дзяржаўных аблігацый на ўнутраным фінансавым рынку ў памеры $370 млн, знешнія пазыкі (каля $1,5 млрд). У стадыі прапрацоўкі ўмовы прыцягнення крэдыту ўрада Расійскай Федэрацыі на рэфінансаванне даўгавых абавязацельстваў у суме амаль $1 млрд. Таксама праводзіцца актыўная работа па выхадзе на фінансавыя рынкі Расіі і Кітая.

“Пры рэалізацыі гэтых падыходаў на канец 2019 года дзяржаўная запазычанасць складзе Br55,1 млрд, або 41,6 працэнта да ВУП пры парогавым значэнні 45 працэнтаў”, — сказаў першы намеснік міністра.