У прыярытэце — фінансаванне адукацыі і аховы здароўя

- 12:39Інфармацыйная гадзіна

У бюджэце Беларусі на 2016 год захаваецца прыярытэт расходаў на адукацыю, ахову здароўя і бяспеку дзяржавы. Аб гэтым паведаміў міністр фінансаў Уладзімір Амарын, прадстаўляючы праект бюджэту ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Праект бюджэту на 2016 год прыняты ў першым і другім чытанні Палатай прадстаўнікоў. Паводле слоў Уладзіміра Амарына, даходы плануюцца ў памеры Br180 трлн 590,2 млрд з ростам да чаканага выканання бюджэту 2015 года на 9,6 працэнта. Расходы сфарміраваны ў памеры Br163 трлн 417,9 млрд (рост да чаканага выканання 2015 года — 6,9 працэнта). На 2016 год фарміраванне дзяржаўнага бюджэту ажыццёўлена з прафіцытам Br17 трлн 172,4 млрд.
Ключавымі мэтамі развіцця Беларусі ў 2016 годзе будуць: забеспячэнне росту і дыверсіфікацыі экспарту, стварэнне новых рабочых месцаў, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай уласнасці.
Уладзімір Амарын адзначыў, што ў 2016 годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць расходаў бюджэту. У прыярытэце — фінансаванне адукацыі і аховы здароўя. Прадугледжана фарміраванне сямейнага капіталу ў суме Br2 трлн. Значную частку ў бюджэце складуць расходы на аплату працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
“У расходах на сацыяльную палітыку захоўваецца падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Для выплаты дзяржаўных дапамог гэтым сем’ям, а таксама асобных відаў пенсій у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны перадаюцца субвенцыі ў агульнай суме Br5,8 трлн. Яшчэ Br2 трлн выдзяляецца на фарміраванне ў будучым годзе сямейнага капіталу”, — адзначыў Уладзімір Амарын.
Міністр фінансаў Уладзімір Амарын у гутарцы з журналістамі асобна закрануў пытанні пакета прапаноў па адмене падатковых ільгот.
“Увесь пакет прапаноў уключае 15 падатковых ільгот, сума якіх ацэньваецца ў Br1,5 трлн”, — адзначыў Уладзімір Амарын. Адпаведныя змяненні прадугледжаны праектам Закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання”, які дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ужо прынялі ў першым чытанні.
Таксама дакументам прадугледжваецца ўнясенне дапаўнення ў Грамадзянскі кодэкс з мэтай пашырэння пераліку відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх фізічныя асобы, што не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, выплачваюць адзіны падатак. Акрамя таго, плануецца індэксаванне ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях, з мэтай іх адаптацыі да інфляцыйных працэсаў (зямельны падатак, экалагічны падатак, падатак на здабычу прыродных рэсурсаў, падаходны падатак у фіксаваных сумах, адзіны падатак з ІП і іншых фізічных асоб).
Законапраект таксама прадугледжвае павелічэнне гранічнага памеру стаўкі курортнага збору з 3 працэнтаў да 5 працэнтаў у мэтах павышэння долі ўдзелу такога збору ў даходах мясцовых бюджэтаў; стаўкі збору за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці з 1 да 4 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня складае Br180 тысяч. — Заўв. БелТА.) за каляндарны год; стаўкі збору за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму да 1 базавай велічыні за кожны каляндарны месяц, у якім ажыццяўлялася такая дзейнасць.
Акрамя таго, Уладзімір Амарын анансаваў адмену льготы для пенсіянераў на памер дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху.