У прыярытэце павінна быць харчовая бяспека краіны

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Увесь цыкл сельскагаспадарчых работ на працягу года неабходна ўзяць на вельмі строгі кантроль. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб рабоце нафтаперапрацоўчага комплексу краіны.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пытанне харчавання ва ўсім свеце будзе стаяць вельмі востра. “Нафта нафтай, але яе на стол не падасі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму я патрабую ў самыя кароткія тэрміны завяршыць пасяўную кампанію і ўвесь цыкл сельгасработ на працягу года ўзяць на вельмі строгі кантроль. Гэта тычыцца памочнікаў прэзідэнта і ўпаўнаважаных па абласцях”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў прыярытэце павінна быць харчовая бяспека краіны. “Задача нумар адзін, і важнейшай за яе няма. Як у нас тут разглагольствуюць вакол: каранцін, каменданцкая гадзіна і інш…”, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як забяспечана патрэба ў аўтамабільным паліве для веснавых палявых работ і дзе ёсць вузкія месцы. “Асабліва звяртаю на гэта ўвагу. Вы бачыце, ужо не толькі асобныя чыноўнікі міжнародных арганізацый загаварылі пра голад у недалёкай перспектыве, але ўжо ўсе пра гэта паўтараюць, і кіраўнікі самых развітых перадавых краін. Таму сельская гаспадарка, перш за ўсё цяперашняя пасяўная кампанія — найважнейшы элемент, на які мы павінны звярнуць увагу”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў шэраг нараканняў на работу ў ходзе веснавых палявых работ, у прыватнасці на недастатковыя меры па захаванні вільгаці ў глебе. “Нягледзячы на тое, што вільгаць з глебы выходзіць імгненна (ноччу — мароз, раніцай — сонца), некаторыя вільгаць не закрылі. Асабліва ў Мінскім раёне, што дзіўна. І велізарныя палі. Няўжо не зразумела, што трэба перш за ўсё прайсціся культыватарам і разрыхліць глебу — закрыць вільгаць. Прытым палі вельмі высокія, з высокай колькасцю пяскоў. Таму зрабіце ўсё, каб мы маглі ў гэтым напрамку рухацца”, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся актуальным станам спраў у нафтаперапрацоўчым комплексе краіны, у прыватнасці загрузкай магутнасцей, паказчыкамі эфектыўнасці за справаздачны перыяд. “Мы не адзін раз звярталіся ў гэтым годзе і ў канцы мінулага да гэтых праблем. Пры ўсіх праблемах, больш-менш нам удалося стрымаць працэсы ў галіне нафтаперапрацоўкі. Але вірусная праблематыка і каранапсіхоз, вядома ж, ускладнілі сітуацыю”, — адзначыў ён.

“Хацеў бы больш падрабязна спыніцца на перспектывах. Наф­тавы рынак ліхаманіць, і празмерна. А яго кан’юнктура абсалютна непрагназуемая. Валацільнасць шалёная. Тым не менш задача такіх краін, як наша, — быць гатовымі да любога развіцця падзей. А лепш, як я ўжо гаварыў, — у найменшай ступені залежаць ад наф­тавых гульняў буйных дзяржаў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэтыя дзяржавы цяпер ужо нават не скрываюць, у якія гульні гуляюць і якія мэты ста­вяць. “Яны ўжо непасрэдна пачынаюць гаварыць і гуляць на павышэнне цэн на нафту. Картэльная змова відавочная, — сказаў ён. — І­дуць вось гэтыя ігрышчы. Але, на жаль, на ўсё гэта мы паўплываць не можам. Нават гэтая пандэмія і псіхоз на іх ніяк не ўплываюць. Таму вочы ва ўсіх “пазелянелі”, калі адчулі зніжэнне даходаў”.

“Чым больш апор мы створым для нашай эканомікі, тым больш устойлівым будзе грамадства і незалежнай наша палітыка”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што пакуль адносна гэтага зроблена недастаткова. Праблемы, якія павінны вырашацца паміж суб’ектамі гаспадарання ў рамках нармальных дагаворных адносін (максімум — з удзелам канцэрна “Белнафтахім”), даводзіцца разглядаць на самым высокім узроўні. “Гэта значыць, што пры ўзнікненні складанасцей у поўнай меры не задзейнічаны эканоміка-вытворчы, дыпламатычны і юрыдычны патэнцыялы краіны. Калі пытанне важнае і экстраннае, то і напружвацца павінны не адзін-два чалавекі, а ўся вертыкаль улады. Невырашальных праблем тут няма і ў прынцыпе быць не можа”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандра Лукашэнку таксама цікавілі пытанні аб тым, якія дасягнуты дамоўленасці па пастаўках нафты на бягучы месяц, што праглядаецца да канца года і наколькі жорсткія гэтыя планы. “У найбліжэйшы час нам трэба адысці ад пастаянных спрэчак, высвятленняў і стану вечнай нявызначанасці”, — сказаў ён.