У прыярытэце — прафесійныя навыкі і асобасныя якасці

У канцы мінулага тыдня ў межах працоўнай паездкі ў Віцебск міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў два ўніверсітэты абласнога цэнтра — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Дыялогавая пляцоўка

Сустрэчы міністра з педагагічнай грамадскасцю ў рэгіёнах, з навучэнцамі і студэнтамі сталі традыцыйнымі. Абмеркаванне праблем адукацыі на месцах заўсёды змястоўнае, бо праз лакальныя пытанні дапамагае лепш зразумець агульныя праблемы. Вось і ў ВДУ імя П.М.Машэрава падчас работы дыялогавай пляцоўкі “Універсітэцкая адукацыя: феномен лідара ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства” міністр адукацыі абмеркаваў з прадстаўнікамі студэнцкага актыву, прафесарска­-выкладчыцкага складу, адміністрацыяй універсітэта актуальныя пытанні развіцця і ўдасканалення вышэйшай адукацыі, якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў для рэгіёна, адказаў на пытанні, зададзеныя студэнтамі і педагогамі.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што ўжо сама тэма дыялогавай пляцоўкі гаворыць пра многае. “Сёння цяжка ўявіць выпускніка ўніверсітэта, які не развіваў бы ў сабе не толькі прафесійныя, але і асобасныя якасці. Без пяці мінут вы спецыялісты, і хтосьці з вас абавязкова стане кіраўніком калектыву, калі давя­дзецца праяўляць не толькі прафесійныя навыкі, але і асобасныя якасці. І вельмі важна сфарміра­ваць у сабе шэраг тых якасцей, якія немагчыма набыць, седзячы за партай, вывучаючы прадметы. Ёсць якасці, якія фарміруюцца ў сацыяльна значнай дзейнасці.

Універсітэт, я лічу, з’яўляецца той пляцоўкай, дзе вы можаце праявіць свае лідарскія, камунікатыўныя здольнасці, прымаючы ўдзел у пэўнай грамадскай дзейнасці. Усе грамадскія аб’яднанні, органы самакіравання, розныя гурт­кі, спартыўныя секцыі спрыяюць таму, што разам з прафесійнымі навыкамі малады чалавек набывае сацыяльны і жыццёвы вопыт. Універсітэт адкрывае перад вамі вялікія магчымасці: студэнцкія атрады, працоўныя дэсанты, вытворчыя практыкі. Менавіта тут пачынае фарміравацца дух карпаратыўнай культуры, які вы панесяце ў свае калектывы”, — звярнуўся да студэнтаў Ігар Карпенка.

“У сувязі з гэтым назва сённяшняй дыялогавай пляцоўкі вельмі актуальная, яна сугучна з тымі напрамкамі развіцця сістэ­мы адукацыі, якія ажыццяўляюцца ў паэтапным руху ўсёй галіны. Без гэтага немагчыма. Рухаючыся наперад, мы ўлічваем як сусветныя тэндэнцыі, так і свой нацыянальны вопыт, свае традыцыі, што неабходна для таго, каб наша сістэма адукацыі адказвала сучасным выклікам, патрабаванням, сучасным патрэбам і чалавека, і грамадства, і дзяржавы”, — працягнуў міністр.

Сістэма адукацыі знаходзіцца ў бесперапынным развіцці. Сёння распрацаваны праект Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года, яе да жніўня плануецца вынесці на Рэспубліканскі педсавет для прыняцця. Там жа будуць абмеркаваны пытанні гатоўнасці Кодэкса аб адукацыі да прыняцця ў Палаце прадстаўнікоў, затым у Савеце Рэспублікі, а таксама іншыя пытанні, у тым ліку змяненні ў правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. “Усе гэтыя дакументы вызначаюць перспектывы развіцця нашай галіны. Мы таксама ўлічваем шырокі спектр меркаванняў, прапаноў прафесіяналаў і бачання таго, як мы павінны рухацца далей і што мы хочам атрымаць у выніку гэтага руху”, — сказаў на заканчэнне Ігар Карпенка.

Удзельнікамі дыялогавай пляцоўкі былі старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў (дарэчы, выпускнік ВДУ імя П.М.Машэрава), якія дзяліліся сваім вопытам набыцця лідарскіх якасцей.

Пасля разам з рэктарам універсітэта Валянцінай Багатыровай міністр адукацыі азнаёміўся з інтэрактыўнай выставай “Партызаны Беларусі”, выставай “Дзеці малююць мір”, музеем гісторыі ўніверсітэта, наведаў персанальную выставу Уладзіміра Пракапцова. Таксама кіраўнік ведамства прыняў удзел у іншых мерапрыемствах: адкрыцці галерэі рэктараў, урачыстым канцэрце, прысвечаным 110­-годдзю ВДУ імя П.М.Машэрава. Ігар Карпенка павіншаваў калектыў універсітэта з юбілеем, адзначыўшы, што ён выдатна спраўляецца як з рэгіянальнымі задачамі па падрыхтоўцы кадраў, так і з рэспубліканскімі — імкліва развіваецца, пашыраючы спектр адукацыйных паслуг, і ўзбагачае ўніверсітэцкую навуку. Міністр уручыў прывітальны адрас Савета Міністраў, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі.

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава — гэта сучасны культурна-адукацыйны цэнтр, у якім удала спалучаюцца векавыя традыцыі і інавацыі вышэйшай школы. Універсітэт з’яўляецца шматпрофільнай установай вышэйшай адукацыі, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў па самых сучасных, прэстыжных і запатрабаваных спецыяльнасцях.

Універсітэт уключае ў сябе 10 факультэтаў (матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій; гістарычны; біялагічны; сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі; філалагічны; фізічнай культуры і спорту; педагагічны; мастацка-графічны; юрыдычны), 31 кафедру, 2 каледжы і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, а таксама бібліятэку з унікальным фондам навуковай літаратуры і 5 музеяў з дзіўнымі экспанатамі.

У 2020 годзе ВДУ імя П.М.Машэрава занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. Ва ўніверсітэце дзейнічае 15 навуковых школ. Працуе школа лідараў “Машэраўцы”.

Ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце Ігар Карпенка азнаёміўся з выставай работ студэнтаў і выкладчыкаў факультэта дызайну, лабараторыяй абутковай вытворчасці, цэнтрам адытыўных тэхналогій, лабараторыямі кафедры тэхналогіі тэкстыльных матэрыялаў. Універсітэт рыхтуе прафесійных спецыялістаў па профілі лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці, эканамічным профілі, дызайне.

Падчас сустрэчы з выкладчыкамі міністр падзяліўся планамі на перспектыву: “У жніўні будзем праводзіць вялікі Рэспубліканскі педсавет. Кодэкс аб адукацыі ўжо прыняты ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытанні, а да жніўня ўжо будуць бачныя падыходы па дапрацоўцы кодэкса да другога чытання. Пасля педсавета працягнецца работа над кодэксам і ўвосень ён будзе вынесены на другое чытанне. У аснову Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года ляглі тыя канцэптуальныя падыходы, якія мы прынялі на папярэднім педсавеце ў 2017 годзе, і адпаведна ўлічвалі новыя тэндэнцыі і падыходы, як сусветныя, так і айчынныя. Гэта так званая дарожная карта, на якую мы будзем арыентавацца. Сістэма павінна не проста працаваць, але і развівацца, і мы павінны бачыць перспектыву гэтага развіцця”.

Ігар Карпенка спыніўся на пытанні падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і падключэння да гэтага працэсу непасрэдных работадаўцаў. Адзначыў, што актуальнай застаецца праблема адпаведнасці якасці маладога спецыяліста патрабаванням заказчыкаў кадраў. Для яе вырашэння была распрацавана стратэгія ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Ва ўсіх галінах эканомікі і сацыяльнай сферы павінны быць створаны сектаральныя саветы, якія будуць распрацоўваць прафесійныя стандарты. Зыходзячы з прафстандарту, будзе сфарміраваны адукацыйны стандарт, вучэбны план і праграма з удзелам саміх заказчыкаў кадраў.

“Вопыт такога ўзаемадзеяння ёсць. Кампанія “МАЗ­-Вэйчай” пабудавала і запусціла ў “Вялікім камені” завод па вытворчасці рухавікоў “Еўра­-6”. Прадпрыемства знаходзілася яшчэ ў стадыі станаўлення, а ў нас у аўтамеханічным каледжы ўжо адкрыўся спецыяльны вучэбны клас, дзе гэтыя маторы ёсць і ў разрэзе, і ў віртуальным выглядзе, і ў рэальным стане, дзе прадстаўлены ўсе тэхналагічныя кампаненты, дэталі, якія выкарыстоўваюцца пры зборцы і рамонце. Навучэнцы на прак­тыцы вывучаюць усё, што ёсць цяпер на заводзе, і да моманту іх выпуску з каледжа яны будуць валодаць неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі. Гэта значыць адначасова са стварэннем прадпрыемства пачалася прыцэльная падрыхтоўка кадраў для яго з карэ­кціроўкай адукацыйнага працэсу, каб малады спецыяліст прыйшоў і адразу ўключыўся ў работу.

Нацыянальная рамка ква­лі­фікацый павінна вывесці нас на новы ўзровень узаемадзеяння, якаснага ўзаемадзеяння ў падрыхтоўцы кадраў. І вось гэты тэзіс “Адукацыя праз усё жыццё” становіцца як ніколі актуальным”, — адзна­чыў міністр адукацыі.

Акрамя таго, кіраўнік ведамст­ва абмеркаваў з прадстаўнікамі Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта закладзеную ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі дыстанцыйную форму навучання, распрацоўку новай адукацыйнай платформы, заўважыўшы, што яна не заменіць класна­-ўрочнай сістэ­мы, якая выконвае сацыякультурную і выхаваўчую функцыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.