У прыярытэце — пытанні бяспекі

Пытанням гарантавання бяспекі навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны ўдзяляецца прыярытэтная ўвага. У гэтым кірунку цеснае ўзаемадзеянне наладжана з прадстаўнікамі МНС. У рамках супрацоўніцтва пастаянна арганізоўваюцца розныя тэматычныя мерапрыемствы.

З пачаткам новага навучальнага года школьнікам зноў нагадалі пра бяспеку падчас правядзення рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці”. Неабходную інфармацыю аб правілах бяспечных паводзін хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падчас разнастайных развіццёвых гульняў. Так, праводзіліся віктарыны, конкурсы, арганізоўваліся інтэрактыўныя пляцоўкі, якія дазвалялі падрабязна вывучыць асновы бяспекі жыццядзейнасці. У хо­дзе мерапрыемстваў дзеці паўтаралі правілы паводзін у найбольш верагодных надзвычайных сітуацыях, вучыліся выклікаць службу ратавання, прымяралі баявое адзенне, сустрэліся з персанажамі мультфільма “Чароўная кніга”.

— У школах вобласці таксама прайшлі тэматычныя ўрокі бяспекі. Падчас заняткаў супрацоўнікі МНС нагадалі дзецям пра бяспеку знахо­джання дома, на вуліцы і ў школе. Навучэнцы ўспомнілі правілы эксплуатацыі электрапрыбораў, першыя дзеянні пры ўзнікненні пажару, вывучылі маршруты бяспечнага шляху да школы. Ім было прапанавана праглядзець відэа­фільмы і мультфільмы па тэме, вырашыць сітуацыйныя задачы. Акрамя таго, дзецям уручаліся падарункі ў выглядзе наглядна-выяўленчай прадукцыі з правіламі бяспекі, — расказала старшы інспектар Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Падчас акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці” ў школах рэгіёна была праверана гатоўнасць да хуткай і бяспечнай эвакуацыі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Важна, што тэматычныя гутаркі былі праведзены і з педагагічнымі калектывамі навучальных устаноў. Настаўнікам нагадалі аб спосабах папярэджвання дзіцячага траўматызму і правялі інструктаж па пажарнай бяспецы. Сустрэчы ў фармаце прафілактычных гутарак праходзілі і з баць­коўскай грамадскасцю. Лейтматыў усіх мерапрыемстваў быў адзін — адукацыя павінна быць не толькі якаснай, але і бяспечнай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.