У прыярытэце — работа з моладдзю

У Магілёўскай вобласці сёння створаны ўсе неабходныя ўмовы для эфектыўнай самарэалізацыі і сацыялізацыі моладзі, развіцця яе патэнцыялу.

Станоўчыя тэндэнцыі адзначаюцца па розных напрамках выхаваўчай работы. У навучальных установах рэгіёна мэтанакіравана падыходзяць да арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў. Толькі ў аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі зараз займаюцца каля 50 працэнтаў ад агульнай колькасці навучэнцаў.

Належная ўвага ўдзяляецца правядзенню шостага школьнага дня. Планы работы навучальных устаноў па суботах будуюцца такім чынам, каб ахапіць як мага больш дзяцей. У кожнай установе адукацыі імкнуцца рабіць выхаваўчыя мерапрыемствы максімальна разнастайнымі, сапраўды захапіць вучняў. Раўназначны ўпор робіцца на грамадзянска-патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, прафарыентацыйную і прафілактычгую работу, удасканаленне здольнасцей школьнікаў. І гэта прыносіць свой плён. Вучні з задавальненнем ідуць у суботу ў школы.

— Адметна, што арганізацыя занятасці навучэнцаў у вольны час ажыццяўляецца з улікам абавязковага вывучэння цікавасці і патрэб дзяцей, пажаданняў іх бацькоў, а таксама рэгіянальнага вопыту, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Н.М.Кульчанка.

Па яе словах, дзякуючы кансалідацыі намаганняў усіх зацікаўленых ведамстваў, на Магілёўшчыне за апошні час удалося знізіць узровень падлеткавай злачыннасці. Гэта вынік рэалізацыі алгарытму сістэмных міжведамасных дзеянняў, накіраваных на ўдасканаленне прафілактычных мерапрыемстваў.

— Эфектыўна наладжана работа па захаванні жыцця і ўмацаванні здароўя дзяцей. Усюды ў навучальных установах створаны ўсе неабходныя ўмовы для бяспечнага знаходжання там вучняў. Што тычыцца ўмацавання здароўя навучэнцаў, то прыярытэтным аспектам з’яўляецца арганізацыя дзіцячага адпачынку. І варта адзначыць, што аздараўленне дзяцей арганізавана якасна, бяспечна і цікава, — паведаміла Н.М.Кульчанка.  

Станоўчая дынаміка прасочваецца і ў дзейнасці па ахове дзяцінства. Галоўнае, да чаго імкнуцца ў кожнай установе адукацыі, — забеспячэнне права кожнага дзіцяці на выхаванне ў сям’і ў камфортных і бяспечных умовах. Дзеля гэтага прымаюцца ўсе меры па своечасовым выяўленні сямейнага недабрабыту, прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, недапушчэнні сацыяльнага сіроцтва.

— Асабліва прадукцыйна арганізавана работа па ўладкаванні сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання. Сёння 86% з гэтай катэгорыі дзяцей выхоўваюцца ў сем’ях, — падкрэсліла Н.М.Кульчанка.

У рэгіёне сапраўды робіцца многае, каб кожны малады чалавек мог праявіць сябе ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і здольнасцямі. І маладыя людзі паспяхова рэалізуюць сябе ў розных напрамках. Толькі ў творчых конкурсах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню за мінулы навучальны год магілёўскімі навучэнцамі было заваявана звыш 1120 прызавых дыпломаў. Гэта ў два разы больш, чым у 2018 годзе.

Клопат пра моладзь на Магілёўшчыне ў цэнтры ўвагі. Работа з маладымі людзьмі арганізавана на высокім узроўні і прыносіць чаканыя вынікі. Аднак яе ўдасканаленне будзе працягнута. У перспектыве — працяг развіцця патэнцыялу моладзі праз плённае міжведамаснае супрацоўніцтва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.