У прыярытэце — сем’і і дзеці

Больш за 20 гадоў у нашай краіне праводзіцца тыдзень маці, які завяршаецца Днём маці 14 кастрычніка. Тыдзень насычаны самымі рознымі мерапрыемствамі і падзеямі, галоўны сэнс якіх — выказаць падзяку жанчынам-маці. Хаця, безумоўна, месца як для добрых слоў, так і для добрых спраў дзеля маці знойдзецца заўсёды.

— У нашай дзяржаве падтрымка мацярынства і дзяцінства знаходзяцца ў ліку прыярытэтных, — заўважыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валерый Валер’евіч Кавалькоў на прэс-канферэнцыі з нагоды свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі ў Мінску. — Падтрымка сям’і выступае адным з ключавых напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, гэта адна з асноў дэмаграфічнай бяспекі краіны.

Гаворачы канкрэтна аб такой падтрымцы, варта ўзгадаць сістэму дзяржаўных сацыяльных дапамог — у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей іх прадугледжана 11 відаў. Сёння такія дапамогі атрымліваюць больш за 530 тысяч чалавек, амаль кожнае 3-е дзіця. Адкрыты ўжо амаль 59 тысяч дэпазітных рахункаў сямейнага капіталу (а гэта 10 тысяч долараў на адным рахунку). Бясплатным харчаваннем на суму 11 млн рублёў за 6 месяцаў бягучага года забяспечана амаль 19 тысяч дзяцей.

Развіваецца і сістэма сацыяльнага абслугоўвання сем’яў. Так, усё больш папулярнымі становяцца паслугі нянькі для сем’яў, дзе ёсць блізняты і дзеці-інваліды, а з 2018 года права карыстацца такімі паслугамі атрымалі сем’і, у якіх абодва бацькі або адзін з іх у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі 1-й ці 2-й групы. А сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі да 28 дзён у каляндарным годзе. Пры гэтым на названы тэрмін за дзіцем захоўваецца права на ўсе сацыяльныя выплаты, нягледзячы на тое, што малое знаходзіцца ў стацыянары. Летась такой паслугай скарысталіся 82 беларускія сям’і, за першае паўгоддзе бягучага года — 20.

А яшчэ ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваны клубы і гурткі для дарослых. Заняткі ў іх накіраваны на ўмацаванне і стварэнне гарманічных, моцных сем’яў. Трэба сказаць, што беларускія сем’і маю ць у такой падтрымцы вострую патрэбу, бо прыкладна 50% шлюбаў у нашай краіне распадаюцца. Пры цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання таксама дзейнічаюць бацькоўскія ўніверсітэты і клубы маладых сем’яў, школы пазітыўнага мацярынства, у тым ліку для няпоўных сем’яў і непаўналетніх маці.

У ліпені мінулага года ўвайшоў у сілу Закон аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, у новай рэдакцыі, умацавана сацыяльная абарона асобных катэгорый грамадзян, у прыватнасці жанчын, якія атрымліваюць дапамогу па цяжарнасці і родах у мінімальным памеры, а таксама бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў або самі маюць інваліднасць, адбыліся іншыя заканадаўчыя змены.

Умацаванню сям’і, як спадзяюцца ў міністэрстве, паспрыяе ўвядзенне адпачынку для мужчын пры нараджэнні дзіцяці. Ужо прыняты ў першым чытанні праект Працоўнага кодэкса, які прадугледжвае ўвядзенне такога адпачынку. Таксама ў праекце ёсць нормы, накіраваныя на развіццё гнуткіх форм занятасці, у тым ліку дыстанцыйнай работы, што, канечне, дасць многім жанчынам (магчыма, нават мужчынам) магчымасць больш паспяхова спалучаць работу і мацярынства (бацькоўства).

Як і раней, у прыярытэце застаюцца мнагадзетныя сем’і. Дарэчы, у Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджаны 9,5 тысячы жанчын, якія дастойна выхавалі 5 і больш дзяцей. А зараз Міністэрства працы і сацыяльнай абароны працуе над стварэннем міжведамаснай базы мнагадзетных сем’яў. База, як спадзяюцца ў міністэрстве, не толькі дапаможа ў поўным аб’ёме выяўляць такія сем’і, але і дазволіць маніторыць сітуацыю з аказанем ім мер сацыяльнай падтрымкі, бо не ўсе ведаюць пра тыя сацыяльныя гарантыі, якія дае дзяржава мнагадзетным сем’ям.

Летась у Беларусі нарадзілася больш за 101 тысячу немаўлят. І, што з асаблівым задавальненнем адзначаюць медыкі, расце доля дзяцей, якія нарадзіліся другімі і наступнымі. Пры гэтым важна, каб кожнае дзіця гадавалася ў роднай сям’і. Такога, на жаль, не атрымліваецца, але бацькі ўсё ж становяцца больш адказнымі. З 2010 года амаль уд вая знізілася колькасць малых, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў (з 2683 да прыкладна 1400). Тыя малыя, якія не могуць заставацца ў родных сем’ях, усё часцей выхоўваюцца ў сем’ях усынавіцеляў або ў замяшчальных сем’ях. Толькі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Беларусі 283.

Дарэчы, у Міністэрстве адукацыі зараз вядзецца работа над пастановай аб парадку прызнання дзяцей у тым, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, як расказала журналістам галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Фёдараўна Сімакова. Работа звязана з унясеннем змяненняў у Кодэкс аб шлюбе і сям’і.

Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *