У прыярытэце — талент і прафесіяналізм

Сённяшні госць “Суботняй планёркі” — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Круглянскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Сяргей Мікалаевіч ХРАМЦОЎ. Ён расказвае аб набытках раённай сістэмы адукацыі, яе перспектывах, аб тым, якімі шляхамі дасягаецца галоўная мэта педагогікі — выхаванне дзяцей моцнымі, паспяховымі і запатрабаванымі ў сваёй краіне.

— Сяргей Мікалаевіч, якія найбольш значныя дасягненні раённай сістэмы адукацыі вы можаце назваць?
— Самы галоўны поспех — удалыя напрацоўкі нашых навучэнцаў і настаўнікаў. За апошнія 5 гадоў падрыхтаваны 24 пераможцы трэцяга і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах; 22 выпускнікі школ атрымалі залатыя медалі. Школьнікі раёна становяцца пераможцамі абласнога і ўдзельнікамі заключнага этапу конкурсу даследчых работ. Спартыўныя дасягненні вучняў адзначаюцца высокімі ўзнагародамі на абласных і рэспубліканскіхспаборніцтвах. Неаднаразова як вучні, так і іх настаўнікі адзначаліся прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама прэміямі абласнога выканаўчага камітэта.
Прафесіяналізм педагогаў быў і застаецца гарантам паспяховасці адукацыйнага працэсу. Менавіта таму рабоце з кадрамі мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Як вынік — педагогі раёна ў ліку фіналістаў і прызёраў абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і “Лепшы выхавальнік”, яны ўдзельнічаюць у канферэнцыях, фестывалях. Так, дыпломам І ступені ў дыстанцыйным конкурсе педагагічных ідэй і майстэрства ў намінацыі “Вучэбна-метадычныя матэрыялы для правядзення факультатыўных і гуртковых заняткаў, падрыхтоўкі да алімпіяд” узнагароджана настаўніца рускай мовы і літаратуры Загаранкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы А.П.Кейзерава. А настаўніца сярэдняй школы № 2 Круглага Ж.М.Петухова стала лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу “Лепшы відэаўрок рускай літаратуры”. Спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года” ўдастоены настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Круглага А.У.Галаўкоў.
Педагагічныя калектывы чатырох устаноў з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі” і “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння атэстацыі педагагічных кадраў устаноў адукацыі рэгіёна (на аснове развіцця рэфлексіўных прафесійных якасцей)”.

— Наколькі сур’ёзная ў вашым раёне дэмаграфічная сітуацыя? Колькі дзіцячых садоў і школ прыйшлося закрыць у апошнія гады? Як у далейшым будзе ажыццяўляцца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі?
— Час дыктуе ўстановам адукацыі свае асаблівыя патрабаванні. Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне ў апошнія гады стабілізавалася. У 2012/2013 навучальным годзе агульная колькасць навучэнцаў у школах раёна складала 1637, у 2013/2014 — 1618, а сёлета ў 2014/2015 — 1629. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі таксама назіраецца тэндэнцыя да павелічэння выхаванцаў ад 570 у 2012 годзе да 620 у 2015 годзе. Таму мы стараемся захоўваць існуючую сетку адукацыйных устаноў. І ўсё ж працэс аптымізацыі закрануў наш раён. Пачынаючы з 2012 года рэарганізавана адна ўстанова і закрыты 5 неперспектыўных устаноў, з іх адна сярэдняя, 2 пачатковыя школы, а таксама школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, вячэрняя школа і міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат. Для 33 навучэнцаў мы арганізавалі падвоз у іншыя школы раёна, у якіх створаны неабходныя ўмовы для навучання дзяцей. Усім работнікам з закрытых устаноў, якія пажадалі застацца ў сістэме адукацыі, былі прапанаваны працоўныя месцы ў іншых адукацыйных установах. Да верасня 2015 года плануем закрыццё яшчэ адной пачатковай школы і рэарганізацыю аднаго вучэбна-педагагічнага комплексу ва ўстанову дашкольнай адукацыі. Працэс гэты, упэўнены, пройдзе без праблем, таму што гарадскія школы гатовы прыняць 25 навучэнцаў з гэтых школ.

— Як папаўняеце матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі? Ці аснашчаны вучэбныя кабінеты неабходным абсталяваннем?
— Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі адпавядае сучасным патрабаванням. У кожнай з іх абсталяваны інфармацыйныя цэнтры і кабінеты інфармацыйных тэхналогій. Усе камп’ютары падключаны да высакахуткаснага інтэрнэту. У кожнай школе ёсць па дзве інтэрактыўныя дошкі. Абсталяваны два лінгафонныя кабінеты. Гонарам раёна з’яўляюцца дзве футбольныя пляцоўкі са штучным пакрыццём, якія абсталяваны ў сярэдняй школе № 2 і на стадыёне ДЮСШ. Мы праводзім мерапрыемствы па пажарнай бяспецы, ахове працы. У час канікул рамантуем харчаблокі і абедзенныя залы. Нам удалося вырашыць і пытанне гарачага водазабеспячэння. Увогуле на ўдасканаленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў з усіх крыніц фінансавання ў 2014 годзе накіравана 5,4 млрд рублёў.

— Наколькі паспяхова ўкараняюцца ў сістэму адукацыі раёна інклюзіўныя падыходы? Ці ёсць на гэтым шляху праблемы?
— Паказчыкі ахопу спецыяльнай адукацыяй дзяцей з абмежаваннямі гавораць самі за сябе. Яны складаюць 99,7%. Ва ўсіх установах адукацыі, дзе вучацца такія дзеці, прагрэсіруюць інклюзіўныя тэндэнцыі. Арганізавана работа 10 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, ёсць 18 класаў і 4 групы інтэграванага навучання і выхавання і адна спецыяльная група. Адзначу, што стварэнне безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў нашай дзейнасці. На сёння ўсе ўстановы адукацыі раёна абсталяваны пандусамі. На аснашчэнне інтэграваных класаў, пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі неабходным абсталяваннем толькі ў 2014 годзе было затрачана 26 млн рублёў. Але на шляху да інклюзіі існуюць і праблемы. Грамадскасць у цэлым і ў прыватнасці, бацькі звычайных дзяцей не заўсёды згодны з тым, каб дзеці з інваліднасцю навучаліся побач з іх дзецьмі. З мэтай вырашэння гэтай праблемы спецыялісты ЦКРНіР рэалізоўваюць свой план правядзення інклюзіўных мерапрыемстваў, у які ўваходзіць сумесны летні адпачынак дзяцей-інвалідаў і іх здаровых аднагодкаў (у летнім карэкцыйна-аздараўленчым лагеры “Надзея”), а таксама функцыянаванне валанцёрскіх атрадаў, правядзенне сумесных з дзецьмі з АПФР спартыўных свят. Установы адукацыі вядуць і работу з бацькамі па пытаннях навучання і выхавання дзяцей з абмежаваннямі.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца педагогамі раёна інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?
— Як паказвае практыка, без ІКТ ужо немагчыма ўявіць сучасную школу. Іх укараненне ў адукацыйны працэс — адзін з галоўных паказчыкаў якасці адукацыі. На сёння каля 80% кіраўнікоў і 60% педагогаў маюць сертыфікаты карыстальніка інфармацыйных тэхналогій. З мэтай удасканалення інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнцыі педагогі метадычнай службы раёна наладзілі работу праблемнай групы, на пасяджэннях якой настаўнікі не толькі вучацца, але і дзеляцца сваім вопытам па выкарыстанні на ўроках праграмнага забеспячэння. Вынікам гэтай дзейнасці стаў метадычны фестываль “Выкарыстанне ЭСН на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці”, у рамках якога кожная ўстанова правяла дзень адкрытых дзвярэй. У ходзе фестывалю было прадстаўлена 77 адкрытых заняткаў.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Надзея ЦЕРАХАВА.