У прыярытэце — укараненне профільнага навучання

- 11:18Планёрка ў рэгіёне

“У развіцці сістэмы адукацыі нашага раёна можна вызначыць тры асноўныя кірункі: рацыянальная арганізацыя вучэбнага працэсу і рэструктурызацыя сеткі адукацыйных устаноў; павышэнне якасці адукацыі праз сродкі інфарматызацыі і тэхналагізацыі; шматпланавае ўзмацненне рэсурснага забеспячэння ўстаноў”, — гаворыць загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці Ігар Станіслававіч КУХАРЭВІЧ.

— Ігар Станіслававіч, назавіце, калі ласка, самыя значныя дасягненні сістэмы адукацыі раёна ў апошнія гады?
— У абласных конкурсах на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму наш раённы аддзел у апошнія гады стабільна ўваходзіць у тройку прызёраў. Па выніках 2013 года ён узнагароджаны дыпломам I ступені абласнога этапу VII Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2013” у намінацыі “Лепшы рэгіён вобласці па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энергазберажэння”. У 2015 годзе — дыпломам I ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за рэалізацыю мегапраекта “Патрыятычны марафон сацыяльна значных спраў “Паклонімся вялікім тым гадам”, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Калі ў 2014 годзе школьнікі раёна заваявалі толькі 6 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, то ў 2015 годзе — 12 дыпломаў, а таксама тры дыпломы на заключным (рэспубліканскім) этапе. Ганарымся мы і поспехамі навучэнкі 11 класа гімназіі № 1 Дзятлава Дар’і Вырко, якая заваявала “бронзу” на ІІІ Міжнароднай алімпіядзе навукова-тэхнічных праектаў у Інданезіі.
На працягу пяці гадоў радуюць поспехі нашых педагогаў у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Яны адзначаны 12 дыпломамі на абласным і 9 дыпломамі на рэспубліканскім узроўнях.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца настаўнікамі інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі?
— Паспяховасць інфарматызацыі залежыць не толькі ад колькасці камп’ютараў ва ўстановах, але і ад эфектыўнасці іх прымянення. Актыўна ідзе працэс фарміравання ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў праз дыстанцыйныя курсы павышэння кваліфікацыі, праз работу рэсурснага цэнтра на базе гімназіі № 1 Дзятлава. Сярод педагогаў раёна быў праведзены конкурс “Лепшыя заняткі (гульня), вучэбныя заняткі з выкарыстаннем сродкаў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”. Па выніках яго сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій атрымалі 84% педагогаў і 100% кіраўнікоў раённых устаноў адукацыі. За кошт укаранення ў кіраўніцкую і адукацыйную дзейнасць інфармацыйных і воблачных тэхналогій удалося ў 2014 годзе ў параўнанні з 2013 годам на 9% зменшыць залішні дакументаабарот. Больш поўнаму вырашэнню гэтай праблемы паспрыяе далучэнне ведамасных сістэм электроннага дакументаабароту да сістэмы міжведамаснага дакументаабароту. Работа па далейшай інфарматызацыі адукацыйных устаноў раёна будзе накіравана не толькі на набыццё праграмнага забеспячэння, але і на стварэнне ўласных інфармацыйных прадуктаў.

— Ці шмат новых праектаў рэалізоўваюць раённыя ўстановы адукацыі? Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы да навучання дзяцей?
— У 2014/2015 навучальным годзе ў раёне было рэалізавана пяць інавацыйных праектаў рэспубліканскага ўзроўню. Яны тычыліся: укаранення адукацыйных мадэляў — актыўнай ацэнкі ва ўстанове адукацыі; фарміравання паводзін навучэнцаў, накіраваных на ўмацаванне інстытута сям’і; грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу; укаранення мадэляў метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока і забеспячэння пераемнасці навучання на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі на аснове міжпрадметнага падыходу. Інклюзіўныя падыходы ажыццяўляюцца праз рэалізацыю ў сярэдняй школе № 3 Дзятлава адпаведнага эксперыментальнага праекта. У перспектыве плануецца распрацоўка і апрабацыя эксперыментальнага вучэбнага плана, па якім будзе весціся адукацыйны працэс у двух класах, дзе будуць вучыцца дзеці з АПФР і іх звычайныя равеснікі. У 2014/2015 навучальным годзе педагогі школы № 3 сталі ўдзельнікамі міжнароднага праекта TEMPUS Inovest “Усходняе партнёрства ў галіне педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”.
Значную ўвагу ўдзяляем правядзенню сумесных інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў з бацькамі, педагогамі і прадстаўнікамі грамадскасці па фарміраванні ў іх талерантнага стаўлення да асоб з абмежаваннямі. Традыцыйна праводзім фестываль творчасці і раённы конкурс па развіцці рухальнай актыўнасці для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з АПФР. Развіваецца і валанцёрскі рух. Наладжана супрацоўніцтва паміж Дзятлаўскім раённым ЦКРНіР, гімназіяй № 1 і яслямі-садам № 1 райцэнтра.

— Як наладжана справа ва ўстановах адукацыі з прадастаўленнем платных паслуг? Раскажыце пра новыя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу.
— Згодна з запытамі бацькоў, развіваюцца новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове. Найбольш запатрабаваны адаптацыйныя групы, мацярынскія школы, групы кароткачасовага знаходжання фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці, у летні перыяд — прагулачныя групы кароткачасовага знаходжання і сезонныя гульнявыя пляцоўкі. У 2014/2015 навучальным годзе асабліва папулярнымі былі гувернёрскія паслугі. Ёсць попыт на паслугі па навучанні замежнай мове і гульні ў шашкі. З 1 верасня на базе гімназіі №1 Дзятлава будзе створаны рэпетытарскі цэнтр, дзе па кожным вучэбным прадмеце будуць аказвацца рэпетытарскія паслугі, у тым ліку і пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

— Ігар Станіслававіч, як вырашаюцца пытанні аптымізацыі сістэмы ўстаноў адукацыі? Якія новыя ідэі вы збіраецеся рэалізаваць у найбліжэйшы час?
— На працягу апошніх пяці гадоў у сувязі са зніжэннем у раёне колькасці навучэнцаў з 4140 да 3560 праводзім аптымізацыю сістэмы: закрылі 5 устаноў адукацыі, рэарганізавалі 6 устаноў. Навучэнцаў з закрытых устаноў падвозім у найбліжэйшыя да іх сады, школы і цэнтры. Працэс аптымізацыі працягнем і ў далейшым, калі ў тым будзе неабходнасць.
Асноўная задача наступнага навучальнага года — укараненне профільнага навучання і новых падыходаў да падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, стварэнне ў іх бяспечных умоў жыццядзейнасці.

Надзея ЦЕРАХАВА.