У птушыным княстве, крылатым гаспадарстве

- 12:56Родная земля, Рознае

Міжнародны дзень птушак нездарма адзначаецца 1 красавіка, у самы разгар вясенняй міграцыі крылатых падарожнікаў, калі тысячы чародаў пралятаюць над многімі краінамі свету, напаўняючы неба радаснымі галасамі. У гэты час беларуская зямля нагадвае сапраўдны птушыны рай. І найбольш утульнае месцейка ў такім раі — Столінскі раён Брэсцкай вобласці, значную частку тэрыторыі якога займаюць так званыя ТВП (тэрыторыі, важныя для птушак). Гэта заказнікі “Альманскія балоты”, “Сярэдняя Прыпяць”, пойма ракі Львы. Ціўканне, шчабятанне, курлыканне, клекатанне тут гучыць бадзёра, звонка і амаль кругласутачна.

Сэрца Палесся

Вылучыць галоўную адметнасць малой радзімы, таго краю, дзе прайшло тваё дзяцінства і юнацтва, безумоўна, складана. Кожная сцяжынка, кожны куточак роднага краю здаюцца лепшымі на свеце, вартымі самых узвышаных слоў. Для мяне такой зямлёй з’яўляецца Століншчына. Рэшткі былых панскіх сядзіб; вёскі з унікальным, непадуладным часу і ўрбанізацыі традыцыйным ладам жыцця; майстры, якія валодаюць старадаўнімі сакрэтамі народных рамёстваў; серабрыстае плёначнае мора агурочных цяпліц; тысячы працавітых людзей з асаблівым паляшуцкім менталітэтам і гаворкай. А яшчэ рэкі з пудовымі самамі, шматкілаграмовымі шчупакамі і ляшчамі; лясы, у якіх за сезон адна сям’я можа сабраць да тоны ягад і грыбоў. Што і гаварыць, нават клімат на Століншчыне адметны. Калі ў Мінску толькі-толькі сыходзіць снег, на берагах імклівай Гарыні ўжо распускаюцца “коцікі”. Мастакі, фалькларысты, фатографы, рыбакі, паляўнічыя, ды і проста жадаючыя ўбачыць заможную беларускую вёску — кожны з іх задаволіць на Століншчыне свае патрэбы, адпачне, як кажуць, і душой, і целам.
Палескае сэрца Столінскага раёна тысячагоддзямі б’ецца ў рытме з прыродай, пад буслінае клекатанне, жураўлінае курлыканне, ціўканне сініц, шчабятанне тысяч іх малодшых і старэйшых суродзічаў. Птушак на Століншчыне не проста любяць, іх нярэдка ачалавечваюць. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў мясцовым фальклоры, у некаторых песнях, легендах і паданнях. Найбольш часта ў творах вуснай народнай творчасці прысутнічае бусел, або па-мясцоваму бусько, — сапраўдны птушыны князь. Яго палацы-буслянкі сустракаюцца амаль на кожным кроку: на разгалістых дубах і вербах, электрычных слупах, на бляшаных, шыферных, сучасных металачарапічных і нават традыцыйных чаротавых дахах хат і хлявоў. Нярэдка птушынага князя можна ўбачыць і ў пойме ракі ў суправаджэнні вялікай світы — плісак, кнігавак, чаротавак. Нездарма герб Століна ўпрыгожвае выява бусла, які нясе ў дзюбе залатую дубовую галіну — сімвал дабрабыту і заможнасці краю. Велічная птушка і сама з’яўляецца такім сімвалам. Таму і адносяцца да яе палешукі з асаблівай павагай, а пакрыўдзіць бусла — усё роўна што пакрыўдзіць дзіця: вялікі грэх.

Накарміць бусла

Як нельга не накарміць галоднага, не даць прытулак бяздомнаму, так нельга пакінуць у бядзе бусла. Сапраўды, хіба можна пакінуць на марозе птушку, якая пражыла з табой па суседстве цэлае лета, клекатанню якой ты радаваўся кожную раніцу, любаваўся яе велічным палётам, якая, аднак, зламаўшы крыло, не здолела паляцець з суродзічамі ў вырай. “Канечне, нельга!” — вырашылі жыхары вёскі Лядзец і пасялілі двух такіх буслоў на зіму ў закінутую вясковую хату. Атрымаўшы кансультацыю ад арнітолагаў па правільным доглядзе птушак, вяскоўцы вырашылі ўсю зіму карміць іх свежамарожанай кількай. Канечне, у грашовым плане такі клопат не надта выгадны, аднак дзеля ратавання жыцця птушынага князя паляшук гатовы практычна на любыя ахвяры, у тым ліку і фінансавыя. Асабліва пасябравалі з буслам навучэнцы Лядзецкай сярэдняй школы, удзельнікі гуртка “Юныя арнітолагі”, які дзейнічае ва ўстанове адукацыі з 2008 года.
— Наша захапленне арніталогіяй пачалося са знаёмства з дзейнасцю “Аховы птушак Бацькаўшчыны”. Пасля раённага майстар-класа для настаўнікаў біялогіі прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі завіталі і ў нашу ўстанову адукацыі, дзе расказвалі педагогам і навучэнцам, як правільна працаваць з вызначальнікамі птушак, праводзіць даследаванні па методыцы “дзікага квадрата”, — расказвае дырэктар Лядзецкага ВПК “яслі-сад — сярэдняя школа” Аксана Мікалаеўна Ляшук.
Пасля атрымання неабходных тэарэтычных ведаў пачалася арніталагічная практыка. Разам з прадстаўнікамі АПБ (дарэчы, грамадская арганізацыя забяспечыла Ля-дзецкую школу неабходнай літаратурай і біноклем) юныя аматары птушак разбілі пойму мясцовай ракі Вятліцы на тры квадраты і замацавалі за кожным з іх групу ў складзе чатырох вучняў. Дзеці вызначалі відавы склад птушак, падлічылі іх колькасць. З таго часу паходы да птушыных гнёздаў, запісы афарбоўкі незнаёмых відаў птушак сталі для лядзецкіх навучэнцаў звычайнай справай. Такім жа рэгулярным стаў іх удзел у конкурсах, канферэнцыях раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў з абавязковым атрыманнем дыпломаў і падзячных лістоў. Падлік на тэрыторыі Лядзецкага сельсавета колькасці буслянак, удзел у акцыях “Дапамажы птушкам”, “Жывая вясна” — гэта толькі невялікая частка ўсіх арніталагічных мерапрыемстваў з удзелам лядзецкіх педагогаў і вучняў. Асабліва памятным быў шматдзённы паход пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнага выхавання Міхаіла Лявонцьевіча Ляшука ўздоўж Вятліцы, падчас якога не толькі ўдасканальваліся турыстычныя ўменні і навыкі, але і праводзіліся назіранні за жыццём крылатых жыхароў Столінскага раёна.

Рака без вытоку

— Пра нашу Вятліцу варта сказаць асобна, — адзначыла Аксана Мікалаеўна. — Гэта, напэўна, адзіная ў краіне рака, у якой няма вытоку ў традыцыйным разуменні гэтага слова. Справа ў тым, што Вятліца злучае Гарынь з Прыпяццю і з’яўляецца своеасаблівым прыродным каналам. Такая адметнасць ракі сказваецца на асаблівасцях яе цячэння. Калі ўзровень вады вышэй у Гарыні, то Вятліца цячэ ў Прыпяць, калі ў Прыпяці, то, наадварот, рака імкнецца ў Гарынь. На жаль, у апошнія гады рака пачала мялець, адпаведна змяніўся і відавы склад птушак. Асабліва зменшылася колькасць вадаплаўных. Цяпер на беразе Вятліцы сустрэнеш хіба што белага бусла і шэрую чаплю, якія любяць карміцца на мелкаводдзі.
Назіраць за птушкамі можна не толькі падчас працяглых паходаў і экспедыцый. Не менш цікавыя і, галоўнае, выніковыя даследаванні можна праводзіць літаральна на ганку школы. Менавіта так і робяць лядзецкія арнітолагі. Справа ў тым, што каля самага будынка ўстановы адукацыі знаходзіцца сквер, куды любяць наведвацца сарокі, сойкі, дзятлы, сініцы. Чуткі пра тое, што ў парку можна паласавацца смачным салам, хлебам, чыпсамі, птушкі хутка разносяць па вясковых ваколіцах. Таму нядзіўна, што нядаўна на школьны двор завітаў нават малы падорлік. Драпежная птушка паводзіла сябе настолькі мірна, што дазволіла вучням блізка падысці да сябе і зрабіць фота на памяць. Цяпер гэты здымак у ліку самых значных вучнёўскіх арніталагічных фотатрафеяў.

Шчаслівае дзяцінства

Актыўнае супрацоўніцтва Лядзецкі ВПК “яслі-сад — сярэдняя школа” падтрымлівае і з супрацоўнікамі НАН Беларусі, якія часта, як мінімум два разы на год, прыязджаюць у вёску на некалькі дзён для правядзення ў яе ваколіцах арніталагічных даследаванняў. Падчас прыездаў вучоныя абавязкова сустракаюцца са школьнікамі і расказваюць пра жыццё птушак, даюць слушныя парады пры напісанні навучэнцамі навукова-даследчых работ. Так, дзякуючы навукоўцам, дзеці даведаліся, што ў ваколіцах Лядца найбольшая ў краіне канцэнтрацыя чорнага бусла. А яшчэ яны знайшлі адказ на цікавае пытанне: “Чаму ў лясных птушак хвасты карацейшыя, чым у палявых?” Аказваецца, усё проста: з кароткім хвастом зручней манеўраваць паміж дрэў.
Калі пераважную большасць лядзецкіх вучняў сваімі аповедамі вучоныя зацікавілі, то вучня 4 класа Міхаіла Прылуцкага дарослыя проста ашчаслівілі, узяўшы з сабой у экспедыцыю. Хлопчык потым цэлы месяц расказваў бацькам, настаўнікам, аднакласнікам, як прабіраўся з вучонымі праз высокую траву поймы Прыпяці, як прыслухоўваўся да птушыных галасоў і, канечне, як яму далі магчымасць паназіраць за жыццём крылатых сяброў праз прафесійны бінокль. Па словах настаўніцы пачатковых класаў Лядзецкай сярэдняй школы Валянціны Сцяпанаўны Яхнавец, у Міхаіла ёсць добрыя задаткі даследчыка, што пацвярджае, напрыклад, створаная ім работа “Зімуючыя птушкі вёскі Лядзец”. Хто ведае, можа ў палескай вёсцы падрастае будучы вучоны-арнітолаг, які праз гадоў гэтак 20—30 створыць “Атлас птушак Столінскага раёна”? Ці, можа, Міхаіл стане праграмістам? Па-сутнасці, гэта няважна. Якую б жыццёвую дарогу ні выбраў хлопчык, і ён, і яго аднакласнікі абавязкова будуць паважліва адносіцца да роднай прыроды, клапаціцца пра яе стан і, як сапраўдныя палешукі, перададуць гэтую любоў сваім дзецям і ўнукам.
Прыкладна так, як зрабіў гэта ў свой час жыхар вёскі Сямігосцічы Іван Міхайлавіч Баган. Кожны раз, адпраўляючыся па сваіх паляшуцкіх справах у ваколіцы вёскі (то сена накасіць, то налавіць рыбы, то назбіраць ягад ці грыбоў), ён абавязкова браў з сабой унука Сашу. Дзядуля і ўнук прападалі сярод бяскрайніх палескіх даляглядаў цэлымі днямі. Працавалі, займаліся адвечным сялянскім клопатам, а яшчэ назіралі за жыццём птушак. Менавіта ў тыя часы далёкага і бесклапотнага дзяцінства ў сённяшняга настаўніка біялогіі Сямігосціцкай сярэдняй школы Аляксандра Іосіфавіча Альгамца была закладзена ў цікаўнае і дапытлівае паляшуцкае сэрца любоў да ўсяго жывога і асабліва птушак.

З улікам экалагічнага этыкету

Як спявае берасцянка, колькі жыве крумкач, якая даўжыня крылаў у арлана-белахвоста? Шукаць адказы на гэтыя пытанні мэтанакіравана, усвядомлена Аляксандр Іосіфавіч пачаў прыкладна ў 7 класе. Свае назіранні, эмоцыі ад сустрэч з невядомымі птушкамі, знойдзеныя адказы на арніталагічныя пытанні ён занатоўваў у дзённікі. Запісы абавязкова суправаджаліся замалёўкамі, акуратна начэрчанымі пад лінейку схемамі, табліцамі. Гэтыя дзённікі можна смела назваць своеасаблівай шматтомнай арніталагічнай энцыклапедыяй Століншчыны. Яшчэ іх можна параўнаць з апавяданнямі знакамітага канадскага пісьменніка-натураліста Сэтана-Томпсана. Вось, напрыклад, некаторыя вытрымкі з ранніх твораў юнага палескага арнітолага: “Стаяў каля свайго хлява, і раптам чую над самай галавой “ку-ку!”. Гэта ляцяць дзве зязюлі, адна вышэй, а другая крыху ніжэй. Тая, што ляцела ніжэй, вельмі моцна кукавала. Ура! Цудоўны выпадак!.. Ехаў ад канавы, паглядзеў уверх — а там сокал. Вельмі доўга за ім назіраў. Потым ён знік за сялом… Дзесьці палова дванаццатай. Дзеці паказалі вожыка. Ура! Вельмі пашчасціла! Гэта ўжо трэці выпадак!”
Добра, калі ў вучня ёсць цікавасць да назіранняў, і цудоўна, калі гэтую цікавасць заўважаць дарослыя, падтрымаюць, дадуць слушныя парады. Такім дарадцам для Аляксандра Іосіфавіча стала яго настаўніца біялогіі Марыя Іванаўна Гуранкова, на месца якой ён і прыйшоў працаваць у родную школу настаўнікам біялогіі. Сямігосціцкія традыцыі даследавання жывой прыроды працягваюцца. Сённяшнія навучэнцы таксама блукаюць па пойме, пішуць дзённікі. Праўда, робяць гэта не ад рукі, а з дапамогай клавіятуры. Аднак дзённікі ад гэтага не становяцца меней цікавымі, інфарматыўнымі.
— Калі жывеш побач з поймай Прыпяці, нельга не зацікавіцца жыццём птушак. Заказнік “Сярэдняя Прыпяць”, што пачынаецца ў ваколіцах вёскі, — унікальнае месца канцэнтрацыі ў Еўропе разнастайных птушак, асабліва вадаплаўных. Праз наш край праходзяць шляхі міграцыі гусей, качак. Гэта сэрца Палесся, сэрца Прыпяці. Свае даследаванні мы праводзім пад кіраўніцтвам кандыдата біялагічных навук Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктара Трафімавіча Дзямянчыка, — расказвае Аляксандр Іосіфавіч.
Адна з асноўных спецыялізацый Аляксандра Іосіфавіча і яго вучняў у арніталагічных даследаваннях — гэта вывучэнне птушыных гнёзд. Акрамя соцень домікаў такіх распаўсюджаных на Прыпяцкім Палессі відаў, як белы бусел, кнігаўка, жоўтая пліска, былі даследаваны і гнёзды рэдкай балотнай савы, арлана-белахвоста. За многія гады Аляксандр Іосіфавіч прааналізаваў жыццё больш як 100 відаў птушак. Асабліва ганарыцца настаўнік калекцыяй яек, якая захоўваецца ў спецыяльнай шафе. Што важна, усе даследаванні, збор калекцыі праводзіліся ў адпаведнасці з экалагічным этыкетам.

Асцярожна, гнёзды!

Як і ў кожнага арнітолага, у Аляксандра Іосіфавіча з соцень відаў птушак ёсць адзін любімы, своеасаблівы татэм. Гэта пугач — рэдкі від, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Па словах настаўніка біялогіі, гэта адна з самых буйных соў Еўропы (размах крылаў да 2 метраў). На жаль, колькасць пугача скарачаецца. Нягледзячы на такую тэндэнцыю, у сямігосціцкіх арнітолагаў кожны год адбываецца некалькі сустрэч з гэтай птушкай.
— Першая сустрэча адбылася, калі я вучыўся дзесьці ў 7 класе. Памятаю, мяне настолькі ўразіў выгляд птушкі, што я перачытаў пра пугача ўсю літаратуру, якая была ў школьнай і сельскай бібліятэцы. З таго часу мне ўдалося знайсці больш за дзесяць месцаў яго гнездавання. Пугач вельмі скрытны і пазбягае суседства з чалавекам, сустракаецца ў маладаступных участках поймы Прыпяці (лазняках, дубровах). Аднак часам здараюцца і ўнікальныя выпадкі. Гады тры назад выпадкова знайшоў гняздо пугача каля ганка дома пчаляра на беразе Прыпяці. Растлумачыць такую бяспечнасць птушкі можна толькі вялікай паводкай, якая была ў той год, калі вада затапіла пойму. А пугач, як вядома, гняздуецца на зямлі, — узгадвае Аляксандр Іосіфавіч.
Падчас нашай сустрэчы настаўнік не толькі дзяліўся ўспамінамі пра цікавыя выпадкі з жыцця крылатых сяброў, паказваў фотаздымкі рэдкіх відаў, напрыклад, барадатай кугакаўкі, балотнай савы. Расказваў Аляксандр Іосіфавіч і пра былое багацце палескай прыроды. Праўда тое ці не, аднак, па словах майго суразмоўца, яшчэ адносна нядаўна, калі з прыбярэжных кустоў узнімаліся чароды качак, то неба літаральна чарнела ад вялікай колькасці птушак, а над наваколлем разносіўся незвычайны гул. Пасля захаплення ў голасе настаўніка з’яўляліся і сумныя ноты.
— На жаль, колькасць асноўных відаў птушак змяншаецца. Канечне, добра, што створаны заказнік “Сярэдняя Прыпяць”. Адсутнасць гаспадарчай дзейнасці чалавека ў пойме палескай Амазонкі спрыяе павелічэнню колькасці многіх відаў, асабліва вадаплаўных, вераб’іных і драпежных. Аднак у той жа час, калі чалавек перастаў абкошваць пойму, яна пачала зарастаць лазняком, адпаведна змяншаецца колькасць кулікоў, якім для гнездавання патрэбен прастор і невысокая трава, — дзеліцца Аляксандр Іосіфавіч.
Арніталагічная справа для сямігосціцкіх вучняў — гэта не толькі даследаванні відавога складу птушак, асаблівасцей іх жыцця, але і канкрэтныя справы па захаванні пту-шынай разнастайнасці палескага краю. Калі, напрыклад, падчас экспедыцыі на поле, дзе праводзяцца сельскагаспадарчыя работы, дзеці знаходзяць птушынае гняздо, то яны абавязкова пазначаюць тое месца палачкай. Такім чынам юныя арнітолагі выстаўляюць для трактарыстаў своеасаблівы папераджальны знак “Асцярожна, гнёзды!”.
Актыўнае вывучэнне багацця і разнастайнасці птушынага свету праводзіцца ў многіх школах Столінскага раёна. Пойма Прыпяці — гэта тэрыторыя даследавання не толькі сямігосціцкіх і лядзецкіх арнітолагаў. На берагах палескай Амазонкі разам з настаўнікам біялогіі Аляксеем Міхайлавічам Семянякам гаспадараць і навучэнцы Стахаўскай сярэдняй школы. А вось у дзяцей з Альманскай сярэдняй школы знаёмства з біяразнастайнасцю самых буйных у Еўропе балот адбываецца падчас прагулак па экалагічнай сцяжыне. Хаця дзеля справядлівасці варта адзначыць, што і без арганізаваных экскурсій вучні цудоўна ведаюць крылатых жыхароў балоцістай мясцовасці, бо з самага маленства яны дапамагаюць бацькам у цяжкай, але фінансава выгаднай справе — зборы журавін.

Будзем аптымістамі

Ці захаваем мы птушынае багацце палескага краю? Ці будзе птушыны князь і надалей гэтак жа паважна і спакойна прагульвацца ў суправаджэнні вялікай світы па бяскрайніх поймах Прыпяці і Гарыні? Улічваючы наша часта неабдуманае ўмяшанне ў справы прыроды, гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі. Аднак пакуль маленькія палешукі шчыра радуюцца раптоўным сустрэчам з зязюлямі, пакуль яны гатовы цэлы месяц расказваць бацькам і аднакласнікам пра тое, як назіралі ў бінокль за дзівосным жыццём, мы зможам смела называць Столінскі раён (самае сэрца Палесся) птушыным княствам, крылатым гаспадарствам.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.