У “Пушчанскім” цікава

У перыяд летніх канікул кожная ўстанова адукацыі імкнецца забяспечыць дзецям і падлеткам змястоўны адпачынак. Паколькі наша ўстанова размешчана на тэрыторыі Белавежскай пушчы, ужо другі год у маляўнічым “Пушчанскім” працуе кругласутачны аздараўленчы лагер.

У ім дружна адпачываюць 20 выхаванцаў. Узрост дзяцей — ад 9 да 15 гадоў. Лагер мае эколага-краязнаўчы кірунак. Паколькі 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы, змена-экспедыцыя носіць назву “Дзевяць цудаў пушчанскага краю”. Усе лагерныя мерапрыемствы накіраваны на праяўленне ініцыятывы па добраўпарадкаванні малой радзімы, стварэнне спрыяльных умоў для вывучэння, захавання і развіцця беларускай культуры. Акцэнт зроблены на развіццё практычнага краязнаўства як непасрэдна на тэрыторыі мікрараёна лагера — аграгарадка Дабраволя, так і найпрыгажэйшых мясцін Белавежскай пушчы.

У першы дзень лагернай змены выхаванцы стварылі куток “Мая малая радзіма — мая гордасць”. Разам з выхавальнікамі дзеці падрыхтавалі флэшмоб “Малой радзіме прысвячаецца”. З мэтай вывучэння гісторыі роднага краю наведалі турыстычна-гасцінічны комплекс “Жаркаўшчына”, дзе размешчаны дом графа Тышкевіча, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча XIX стагоддзя, прайшліся па экалагічнай сцежцы “Язычніцкая дуброва”. Незабыўныя ўражанні засталіся ў выхаванцаў пасля наведвання музея прыроды ў вёсцы Камянюкі Брэсцкай вобласці. Шмат станоўчых эмоцый падарылі выхаванцы лагера жыхарам дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў аграгарадка Дабраволя: выступілі з творчай праграмай “Дзяцінства чароўная краіна”, уручылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Акрамя таго, была падрыхтавана конкурсная праграма “ГінесШоу”, праведзены гульня-вандроўка “У пошуках сяброўства”, гульня па станцыях “Пагаворым пра матулю-прыроду”. А ў канцы змены адбыўся святочны канцэрт.

Святлана ЦЯСНОЎСКАЯ,
дырэктар лагера “Пушчанскі”
Дабравольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *