У пяцёрцы лідараў па даступнасці электраэнергіі ў Еўропе

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Беларусь уваходзіць у пяцёрку лідараў па даступнасці электраэнергіі сярод краін Еўропы. Аб гэтым сведчаць даныя штогадовага рэйтынга еўрапейскіх краін па ўзроўні цэн на электраэнергію для насельніцтва, падрыхтаванага экспертамі агенцтва “РІА Рэйтынг”.

Згодна з данымі даследавання, у пяцёрцы лідараў краін з самай даступнай электраэнергіяй — Украіна (1,3 расійскага рубля за кВт.г), Казахстан (2,2 расійскага рубля за кВт.г), Расія (2,9 расійскага рубля за кВт.г), Беларусь (3,2 расійскага рубля за кВт.г), Сербія (4 расійскія рублі за кВт.г).
Самая дарагая электраэнергія для насельніцтва па стане на сярэдзіну лістапада 2015 года ў Даніі (21,4 расійскага рубля за кВт.г), Германіі (20,5 расійскага рубля за кВт.г) і Італіі (17,1 расійскага рубля за кВт.г).
Найбольшы прырост тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва ў Еўропе ў нацыянальных валютах за апошні год назіраўся ў лідара рэйтынга Украіны (на 48 працэнтаў), у Малдове (на 34 працэнты) і Ліхтэнштэйне (на 20 працэнтаў). Самае вялікае зніжэнне кошту электраэнергіі адбылося ў Албаніі (на 30 працэнтаў), на Мальце і Кіпры — на 15 працэнтаў.
“РІА Рэйтынг” — гэта ўніверсальнае рэйтынгавае агенцтва медыягрупы МІА “Расія сёння”, якое спецыялізуецца на ацэнцы стану кампаній, рэгіёнаў, банкаў, галін і крэдытных рызык. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці агенцтва з’яўляюцца прысваенне крэдытных рэйтынгаў і рэйтынгаў надзейнасці банкам, прадпрыемствам, рэгіёнам, муніцыпальным утварэнням, страхавым кампаніям, каштоўным паперам, іншым эканамічным аб’ектам, а таксама эканамічныя даследаванні ў фінансавым, карпаратыўным і дзяржаўным сектары.