Паляпшэнне адносін Беларусі з Захадам не супярэчыць стратэгічнаму партнёрству з Расіяй. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, выступаючы ў Атлантычным савеце ў Вашынгтоне.
Намеснік міністра падкрэсліў, што беларускі бок сапраўды зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Захадам — Еўрасаюзам і ЗША. “Мы ні ў якім разе не разглядаем гэта як супярэчнасць нашым адносінам з Расіяй. Па многіх прычынах гэта (беларуска-расійскія адносіны. — Заўв. БелТА.) стратэгічнае, вельмі цеснае партнёрства. І мы зацікаўлены, каб так было і ў далейшым”, — сказаў Алег Краўчанка.
Што тычыцца разважанняў аб дылеме выбару для Беларусі паміж Захадам і Усходам, дыпламат назваў такі падыход контрпрадукцыйным. “Мы сапраўды верым, што магчыма і тое, і другое, — падкрэсліў ён. — Беларусь зацікаўлена ў вялікіх аб’ёмах гандлю, інвестыцый і супрацоўніцтва па ўсіх напрамках з заходнімі краінамі. І я веру, што гэта можа адбыцца без шкоды для нашых адносін з Расіяй”.
Адказваючы на пытанне аб беларуска-амерыканскім парадку дня, Алег Краўчанка прызнаў, што пытанні правоў чалавека і дэмакратыі найбольш важныя ў дыялогу з Дзярждэпартаментам ЗША. Разам з тым ён адзначыў, што гэта не адзіныя тэмы. Так, супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, па глабальных і рэгіянальных пытаннях таксама з’яўляецца адным з краевугольных камянёў ва ўзаемаадносінах са Злучанымі Штатамі. “Яны пачаліся з самага пачатку нашай незалежнасці, калі Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі. І гэта быў наш уклад у глабальную бяспеку”, — прывёў прыклад Алег Краўчанка.
Беларусь таксама далучылася да пагадненняў у рамках МАГАТЭ, гарантуючы выкарыстанне ядзерных матэрыялаў выключна ў мірных мэтах.
Яшчэ адным прыкладам супрацоўніцтва з ЗША па глабальных пытаннях стала прадастаўленне магчымасці транзіту чыгуначным транспартам па тэрыторыі Беларусі грузаў для забеспячэння амерыканскіх войскаў у Афганістане. “Калі Амерыцы была патрэбна дапамога, мы яе прадаставілі. І мы зрабілі гэта свядома, мы ніколі не спрабавалі таргавацца наконт гэтага супрацоўніцтва, нават публічна аб гэтым не гаварылі, — сказаў намеснік міністра. — Гэта наша пазіцыя: калі справа даходзіць да пытанняў стратэгічных, пытанняў бяспекі, наша супрацоўніцтва не павінна залежаць ад часовых палітычных рознагалоссяў”.
Гаворачы аб галоўных выкліках для Беларусі ў геапалітычным плане ў сферы бяспекі, намеснік міністра адзначыў усё большую напружанасць у еўрапейскім рэгіёне. Акрамя таго, беларускі бок не можа не турбаваць сітуацыя ва Украіне, трагічныя падзеі, якія там адбываюцца. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў адсутнасць альтэрнатывы мінскім пагадненням.