У рабоце з грамадзянамі няма дробязей

- 11:55Інфармацыйная гадзіна

Школа і сям’я павінны ўзаемадзейнічаць у падрыхтоўцы дзяцей да самастойнага жыцця, падкрэсліў у гутарцы з журналістамі міністр адукацыі Ігар Карпенка, які правёў асабісты прыём грамадзян у Савеце Міністраў.

У час прыёму грамадзян узнімаліся як прыватныя, так і агульныя пытанні. Напрыклад, адзін з прысутных выступіў з прапановай аб выданні калекцыйнага альбома для наклеек гісторыка-культурных дзеячаў і падзей, жыхар Маладзечна ініцыіраваў увядзенне ўрокаў пра сям’ю і рэлігійнай адукацыі ў школе. Значная ўвага была ўдзелена пытанням прафілактыкі распаўсюджання наркотыкаў сярод непаўналетніх.

Як падкрэсліў Ігар Карпенка, нярэдка бацькі зрушваюць акцэнт у выхаванні дзяцей у бок сістэмы адукацыі, не задумваючыся, што гэта работа павінна праводзіцца ў цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых. “Мы сёння арыентуем сістэму адукацыі на работу з сям’ёй. Пры гэтым павінна быць жаданне саміх бацькоў працаваць над сабой, разумець сваё дзіця, выхоўваць сваім прыкладам. Школа і сям’я павінны выступаць зацікаўленымі суб’ектамі ў падрыхтоўцы да самастойнага жыцця падрастаючага пакалення. Толькі тады будзе эфект”, — сказаў ён.

Міністр адзначыў, што будзе не лішнім у час бацькоўскіх сходаў абмяркоўваць не толькі бягучыя школьныя пытанні, але і запрашаць зацікаўленых спецыялістаў па выбранай актуальнай тэме. “Гэта шырока практыкавалася ў савецкія гады. Дарэчы, многія школы і сёння гэта выкарыстоўваюць. У нас ёсць і методыкі, і спецыялісты, якія могуць пракансультаваць па пытаннях сям’і. Мы прыхільнікі таго, каб на бацькоўскіх сходах у тым ліку абмяркоўваліся пытанні, як сям’я ўплывае на выхаванне падрастаючага пакалення”, — дадаў Ігар Карпенка.

Ён расказаў, што на прыём людзі прыходзяць з абсалютна рознымі праблемамі, часта — асабістага характару, але кожны з іх павінен атрымаць адказ на пытанне, якое іх цікавіць. “Тут няма дробязей, нават калі гэтыя пытанні павінны былі быць вырашаны на ўзроўні мясцовых органаў — упраўлення адукацыі, усё роўна мы іх усіх выслухаем, прааналізуем іх звароты. Нават сам пасыл пытанняў іншы раз дае падставу для таго, каб задумацца над тымі ці іншымі кіраўніцкімі рашэннямі або нейкімі мерапрыемствамі, якія павінны быць праведзены. У гэтым, напэўна, і ёсць сутнасць адкрытасці ўлады і дзяржавы для народа”, — рэзюмаваў міністр.